«Гэта пісанне — здрада беларускаму народу», — гісторыкі пра афіцыйны артыкул

«Хутка выбары — трэба прагнуцца перад Расіяй, у тым ліку і ў гістарычнай сферы. І гэтыя іхныя пісанні — фактычна здрада», — ацаніў артыкул афіцыйных гісторыкаў і сілавікоў Алесь Краўцэвіч на «Свабодзе».
Аляксей Братачкін

Аляксей Братачкін

У жнівеньскім нумары дзяржаўнага часопіса «Беларуская думка» з’явіўся артыкул афіцыйных гісторыкаў і сілавікоў «Да пытання аб гістарычнай палітыцы». У ім пералічваюцца спосабы «скажэння гісторыі Беларусі»: «штучнае раздзіманне тэмы трагедыі палітычных рэпрэсій 1920–1930 гадоў», «трактоўка падзелаў Рэчы Паспалітай як трагедыі страты незалежнасці беларусаў» — ажно 14 пунктаў. 

Аўтары — вядомыя афіцыйныя гісторыкі і сілавікі: 

  • акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Каваленя,
  • дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч,
  • намеснік Дзяржсакратара Рады бясьпекі, генерал-маёр Уладзімер Арчакоў і
  • начальнік упраўлення сакратарыяту Рады бяспекі Аляксей Банькоўскі.


«Аўтары артыкула лічаць, што маніпуляцыі — гэта добра, і спадзяюцца, што тэрмін “гістарычная палітыка” дапаможа гэта схаваць»

На думку гісторыка Аляксея Братачкіна, сімптаматычна і цікава выглядае ў гэтым артыкуле саюз сілавікоў і адміністрацыі Інстытуту гісторыі НАН. 

«Гэта сведчыць, што дыскусіі немагчымыя, а афіцыйная гістарычная навука не мае аўтаноміі і працуе як спецыфічны дзяржаўны сэрвіс. Па-другое, гэтая спроба звязаць гісторыкаў і сілавікоў у адно цэлае паказвае страту манаполіі афіцыйных гісторыкаў на веды і гістарычны наратыў».

 

На думку Аляксея Братачкіна, выглядае гэта так, нібыта людзі з савецкага мінулага паспрабавалі вырашыць сучасныя задачы, але ім не хапае ведаў, яны не ў стане знайсці новую мову і карыстаюцца архаічнымі спосабамі кантролю над грамадскай думкай. Гісторыкі-прапагандысты вырашылі скарыстаць тэрмін «гістарычная палітыка», але яны не разумеюць усіх яго кантэкстаў, лічыць Братачкін.

«Гісторыкі з крытычнымі поглядамі разглядаюць гэты тэрмін і яго паходжанне ў якасці спробы палітыкаў уплываць на гістарычную веду і ўяўленні ў грамадстве, і гавораць пра неабходнасць барацьбы з маніпуляцыямі з боку розных палітычных актараў і эліт. Аўтары артыкула з “Беларускай думкі” лічаць, што маніпуляцыі — гэта добра, і спадзяюцца, што тэрмін “гістарычная палітыка” дапаможа гэта схаваць», — піша Аляксей Братачкін.

 

«Гэта ідэалогія Расеі, а не ідэалогія Беларусі»

Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч кажа, што артыкул гэты пісалі наагул не гісторыкі, а ідэолагі — прапагандысты, якія прывыклі пісаць з савецкіх часоў яшчэ па інструкцыях ЦК КПБ.

 

Алесь Краўцэвіч

«Цяпер пішуць па інструкцыі Адміністрацыі прэзідэнта, і, як вынікае з гэтага канкрэтнага артыкула, — яшчэ і Рады бяспекі. Яны ўсе на зарплаце, яны не могуць выжыць, каб быць незалежнымі, свабоднымі і самастойнымі. Яны будуць пісаць тое, што ім загадаюць. Гэта людзі без уласнай думкі, без сумлення, без навуковага гонару. Ніхто з гэтых гісторыкаў — ні Каваленя, ні Даніловіч — не выклікае павагі як навуковец. Адзіны сапраўдны беларускі гісторык старэйшага пакалення, які выклікае шчырую павагу, — Захар Шыбека, і той у Ізраілі, — выказаў сваё меркаванне Алесь Краўцэвіч.

На яго думку, ідэалогія абавязкова павінна быць. Не бывае ні краіны, ні народу без ідэалогіі. Але гаворка ідзе пра тое, што нацыянальная ідэалогія зыходзіць з інтарэсаў свайго народу і сваёй краіны.

«Гэтая ідэалогія, якую яны прапагандуюць і пішуць на пунктах, — ідэалогія Расіі, а не ідэалогія Беларусі. А тое, што зараз адбываецца, мяркую, звязана з інтэграцыйнымі працэсамі, што ў Расіі трэба выпрошваць прэферэнцыі, танную нафту. Хутка выбары — трэба прагнуцца перад Расіяй, у тым ліку і ў гістарычнай сферы. І гэтыя іхныя пісанні — фактычна здрада, я не пабаюся гэтага слова, беларускаму народу, здрада беларускай дзяржаве», — перакананы прафесар Алесь Краўцэвіч.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!