«Гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына»

25-гадовы гамяльчук Аляксандр Віхор памёр у шпіталі, куды яго даставілі з аўтазаку ў нядзелю. На затрыманых у Гомелі не хапае месца ані ў ІЧУ, ані ў СІЗА. Аўтамабілі з арыштаванымі стаяць гадзінамі ў доўгіх чэргах на сонцапёку, паведамляе svaboda.org.
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота



«У адным з аўтазакаў быў і Саша.... Ён не ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў смс, што яго схапілі... І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыю. Сёння мне нарэшце сказалі, што Саша — у моргу», — плача ягоная маці.

У Аляксандра, паводле слоў маці, былі праблемы з сэрцам. Калі ён доўга знаходзіўся ў закрытым аўтамабілі на чаргу ў СІЗА, яму зрабілася блага.

«Ён крычаў, прасіў дапамогі.... І канвой падумаў, што ён неадэкватны і завёз яго ў псіхіятрычны шпіталь. Там вопытны лекар зразумеў, што праблемы не з псіхікай... Яму выклікалі брыгаду хуткай і перавезлі ў бліжэйшы шпіталь — сухотны, які знаходзіцца каля псіхіятрычнага...Там Сашу ратавалі, але не ўратавалі, бо, як мне сказалі, яго ўжо прывезьлі ў стане клічнай смерці», — распавядае маці.

Яна не ўбачыла свайго сына ў моргу.

«Мне адмовіліся яго паказваць, я думаю. Што ён моцна збіты. Я прашу людзей, якія былі разам з ім у аўтазаку, калі яны выйдуць з турмаў — хай распавядуць мне праўду! Што там здарылася з Сашам. Я проста хачу, каб людзі ведалі: гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына», — зазначыла маці.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: