Адзін з самых важных момантаў майго жыцця — калі я вырашыла, што не буду ўцякаць

Неба падаецца такім далёкім і неабсяжным, калі ты маленькая, а аблокі на ім — вялікімі ды імклівымі. Яны ляцяць так хутка — толькі паспявай сачыць. Глядзіш на іх, шукаеш знаёмыя малюнкі і яшчэ не ведаеш, што яны, гэтыя спрытныя камякі ваты, забіраюць з сабой час.

Ілюстрацыйнае фота. Жаночы марш 12 верасня 2020 года


І вось табе ўжо 10, 18, 28... Здаецца, толькі адсвяткавалі Новы год, як ужо вясна: кветкі, святы і... COVID. Зачыняеш вокны і дзверы, засынаеш, прачынаешся — а ўжо лета. Распусцілася, адквітнела, запякло. Паловы года, лічы, няма. Дзе, калі і што было?..

Кожны наш цяперашні дзень, дзень барацьбы — з эпідэміяй каранавіруса, з хлуснёй і бяспраўем, — можна лічыць за месяц, а то і год, па шчыльнасці падзей, па напружанасці і вымаганні эмоцый. І таму мне падаецца, што тэкст, напісаны пару тыдняў таму, я чытала даўно-даўно — але ён дагэтуль актуальны. Балюча актуальны.

Я маю на ўвазе той пранізлівы ліст, які культуролаг Юлія Чарняўская напісала Святлане Ціханоўскай. Не бяруся меркаваць, які пасыл туды закладвала сама Юлія Вісарыёнаўна, але для мяне гэта тэкст пра любоў і страх, пра адчай і цярпенне, смеласць, стрыжань, годнасць, уменне браць на сябе адказнасць і трываць удар. Ісці за любімымі, быць з імі да канца, да апошняй кроплі — жыцця, сіл, страху.

Гэта тэкст пра час, якога ў нас няма.

Я не ведаю, як так атрымалася, што мы сталі жыць у антыўтопіі, але мы ў ёй жывём. Няма патрэбы апісваць гэты свет: кожны, хто хоць раз адкрываў Оруэла ці глядзеў «Галодныя гульні», ведае, пра што ідзе гаворка. Цікава іншае: як у гэтай антыўтопіі з’яўляюцца героі. У нас ужо быў свой калектыўны Уінстан Сміт, цяпер жа, відаць, настаў час Дагні Тагарт. Што праўда — той Дагні Тагарт, якой пакуль яшчэ патрэбны Джон Голт.

Сёння жанчыны ідуць у палітыку, выходзяць у публічную прастору, лезуць у аўтазакі, страчваюць працу, пражываюць штодзённасць за сябе і за сваіх блізкіх. Маці, сёстры, жонкі, каханыя, сяброўкі, людзі, якім не знайшлося і, верагодна, не знойдзецца месца ў цяперашняй Канстытуцыі... Кожнай з нас баліць за кагосьці: за сябе і за тых, каго мы любім, — а мы ўмеем любіць.

Мы зведалі гэта на сабе: тыя хвіліны, што мы праводзім разам, не маюць цаны, таму што нават не заўтра, а проста цяпер нас могуць выкрасці з вуліцы і пасадзіць за краты, пазбавіць магчымасці гаварыць, бачыць, быць побач.

І проста цяпер нас можа не стаць.

Мне страшна. Быць не сабою; не там, дзе хочацца быць; гаварыць не тое, што думаю; рабіць так, як загадаюць; хавацца; знаходзіць апраўданні; рабіць менш, чым магу зрабіць; разлічваць, што нехта зробіць за мяне... Я не ведала, што для мяне самой мусіць быць дастатковым дзеяннем. Не ведала, пакуль сама не выйшла на вуліцу.

...Некалькі дзён мы не маглі ўбачыцца — з розных прычынаў. За паўгадзіны да сустрэчы яна пазваніла мне і сказала, што не прыедзе: таму што з усіх бакоў людзі — мірныя людзі, якіх «цісне» АМАП. Па голасе было чуваць, што яна напужаная, — і я зразумела, што ўсё сур’ёзна.

Аналізуючы цяпер, з адлегласці, нашу размову, я здзіў­ляюся: так не бывае — але ў той момант мяне затапіла пяшчотай і страхам, нястрымным жаданнем абняць яе і трымаць як мага бліжэй да сябе. І першым парывам было ехаць. Як была, не сабраўшыся, ехаць туды, каб... Каб што? Быць побач. Каб абараніць і падтрымаць, калі трэба. Каб разам выбрацца.

Але я зразумела, што не паспею. Не паспею даехаць з іншага канца горада. А калі і паспею, то магу не прабіцца і не знайсці. І таму адзінае, што заставалася, — сачыць за сітуацыяй здалёк: па фотаздымках, відэа і стрымах.

Мне вельмі знаёмы гэты стан: цела дзервянее, ты застываеш, напружваючы па максімуме слых і зрок, каб не ўпусціць ні адной дэталі, аніводнага гуку. А ўнутры ў гэты час усё падобна да пякучай вадкай лавы, якую немагчыма выплюхнуць вонкі. Так было кожны раз, калі мой п’яны бацька пачынаў скандаліць. Я не магла спаць: мне фізічна неабходна было ведаць, што мама жывая. Пакутліва было чуць абра́зы, крыкі, грукат, я захлыналася крыўдай, але не магла не слухаць — гэта была гатоўнасць у любы момант улезці ў бойку, каб абараніць.

...Атрымаўшы паведамленне з кароткім, але такім чаканым «усё добра», я нарэшце змагла рухацца. Напружанне ўнутры патрабавала выйсця. «Я проста выйду на вуліцу», — думала я.

Доўгія-доўгія ланцужкі жоўтых і чырвоных агеньчыкаў на «Праспекце Пераможцаў». Гудзенне не сціхала да самай Нямігі. Упершыню гучныя гукі, якія вечна мяне палохалі, падаваліся музыкай, і музыка гэтая выклікала ўва мне шмат любові і ўдзячнасці.

ДАІшнікі перакрывалі праспект. У жываце варушыўся мурашнік нерваў. «Мо хіба картэж які», — наіўна супакойвала я сябе, пакуль ішла да Палаца спорта. Рэдкія мінакі спакойна рухаліся насустрач мне, уздоўж дарогі прагульваліся парачкі, на кожны гудок аўтамабіля людзі ўсміхаліся адно аднаму, быццам ведалі нешта таемнае, што нельга прамаўляць уголас. Анічога не выдавала на тое, што праз некалькі соцень метраў, на іншым баку моста людзей кідаюць у аўтазакі.

За натоўпам не было відаць АМАП.

Калі хваля людзей крыху схлынула, я ўбачыла два аўтазакі на Плошчы Свабоды. Людзі беглі, штурхаючы мяне плячыма. Я бегчы не стала, але імпульсіўна, разам з астатнімі, паскорыла крок — і праз некалькі метраў спынілася.

Найважнейшы момант таго вечара і, можа быць, адзін з самых важных момантаў майго жыцця — калі я вырашыла, што не буду ўцякаць. Калі я зразумела, што менавіта да гэтага і ішла: быццам блізкі чалавек усё яшчэ там — і я ішла, каб быць побач. Быццам я не баюся — я больш не баюся таго, што мяне схопяць, затрымаюць, будуць біць. Момант, у які я канчаткова зразумела, што мне страшна іншае: я баюся страціць сваіх любімых.

У гэтае самае імгненне у Верхнім горадзе пачалі крычаць «Жыве Беларусь!», і я, забыўшы пра тое, што рызыкую быць схопленай, застыла ля парапета: ніколі яшчэ гэтае месца, запоўненае людзьмі і машынамі, не было такім прыгожым, ніколі яшчэ словы не былі такімі важнымі для мяне...

Вядомая ва ўсім свеце чорная ўніформа павінна была выклікаць у людзей павагу і страх. Убачыўшы зграю АМАПа, ніякай павагі я не адчула. Так, гэта быў страх, але іншы страх, асаблівага роду — які працінае наскрозь, калі ты бачыш напятыя постаці ды пустыя вочы і разумееш, што людзі насупраць цябе гатовыя на ўсё. Яны на сваёй тэрыторыі, і гульня ідзе па іх правілах…

Гэтая сістэма ніколі не ведала любові, і таму метадычна цісне любыя яе праявы там, дзе бачыць, разлічваючы на тое, што з ёю — любоўю — будзе гэтак жа, як з логікай, мараллю і сумленнем.

Але рэч у тым, што гэта, можа быць, адзінае ў свеце, з чым гульня немагчымая. З любоўю не гуляюць. Ёю немагчыма падмануць, запалохаць, раз’яднаць. Любоў — гэта тое, што дапамагае перамагчы страх, што прымушае аб’ядноўвацца, хацець, ісці, трываць, чакаць і перамагаць.

...У нас адбіраюць надзею на змены і веру ў лепшае. Мне таксама падавалася, што яны перамогуць, што яны мацнейшыя. Прарваўшыся праз пастку АМАПа на Нямізе, я пайшла да Кастрычніцкай, яшчэ не ведаючы, што метро не працуе. У кавярнях на Леніна людзі спакойна елі свае сушы, пацягвалі віно з прыгожых бакалаў, усміхаліся адно аднаму. Аддзеленыя ад мяне шклом, яны зноў стваралі адчуванне іншай краіны, двух паралельных сусветаў. Там людзі ўпэўненыя, што законы працуюць…

Праспект жыў. Ланцуг быў няшчыльны, хаатычны, але трывалы: людзі прыходзілі і сыходзілі, заставаліся — па абодва бакі дарогі. Насупраць мяне праз дарогу стаялі нават ля міліцэйскай машыны, і я з трывогай чакала, што пачнуць «браць».

Метро не працавала. Таксі не выклікалася. Знаёмыя, якіх я сустрэла, расказалі, што на праспекце выключалі святло і хапалі ўсіх, каго маглі…

«Усё пачынаецца з любові», — сказаў савецкі класік. Мяркую, што гэтая фраза магла прэтэндаваць на дэвіз лета-2020. Любоў штурхае нас на змаганне: за сябе, за тых, каго мы любім, за змены і найлепшае, чаго заслугоўваем мы самі, чаго заслугоўваюць нашыя блізкія. За найлепшы час, які мы можам пражыць разам, не баючыся штодзень і штохвіліны страціць адно аднаго.

Калі я была маленькая, неба падавалася мне далёкім і недасяжным. Цяпер яно нізкае і вельмі цісне на плечы. Хтосьці з нас ужо выпрастаўся, а кагосьці гэта толькі чакае. Мы розныя, але цяпер мы разам. І я жадаю нам усім толькі аднаго: каб заканчвалася ўсё таксама любоўю.

На іншае часу няма.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: