«Гэту каманду чакае вялікая будучыня». Як зборная Беларусі ператвараецца ў футбольнага «карліка»

Нашы футбалісты пацярпелі пяць параз запар з агульным лікам 3:15, але ад іх нельга патрабаваць чагосьці большага.

Фота БФФ

Фота БФФ

23 гады таму, у верасні 1998-га, зборная Беларусі прымала дома каманду Даніі. Матч як матч — скончыўся бляклай нічыёй 0:0, пра яго даўно б забыліся, але ж памятаюць. Урэзалася гульня ў калектыўныю свядомасць адной цікавай акалічнасцю. Пасля фінальнага свістка трэнерскі штаб беларусаў на чале з чэмпіёнам-1982 Міхаілам Вяргеенка радаваўся так, нібыта нашы хлопцы толькі што перамаглі на чэмпіянаце Еўропы. Шырокія ўсмешкі, шчыльныя абдымкі — шчасце як яно ёсць.

Гэтая шчырая весялосць патрапіла ў тэлеэфір, і шмат каго здзівіла. Як гэта: хатнія 0:0 з не самым магутным супернікам — і радасныя скокі да столі? Журналісты тады знялі добрую габлюшку са зборнай за несуразмерныя эмоцыі з шэраговай нагоды, і гісторыя памалу сышла з мэйнстрыму.

Сышла — каб яскрава ўспомніцца зараз, паўтарыцца ў выглядзе ці то трагікамедыі, ці то фарсу. Альбо — увага — у выглядзе слушнага ўспрымання навакольнай футбольнай рэчаіснасці.

Сёння ў нашай зборнай — пяць параз запар. З агульным лікам 3:15. На фоне агульнага заняпаду футбольных спраў і харавога вылету клубаў з еўракубкаў ужо ў першых кваліфікацыйных раўндах.

Карацей, усё дрэнна. Аднак жа рыторыка — зусім не пахавальная. Хутчэй наадварот.

Пасля 0:1 у Чэхіі галоўны трэнер сказаў: «Станоўчыя эмоцыі ад гульні, па самааддачы ўсе хлопцы заслугоўваюць пяць з плюсам». Пасля 2:3 ад Уэльсу Георгій Кандрацьеў пайшоў яшчэ далей: «У гэтай каманды вялікая будучыня». Тое ж самае паўтарыў і пасля ўчорашніх 0:1 ад бельгійцаў, дадаўшы: «Мы ўжо нікога не баімся».

Рыторыка гульцоў больш сціплая, але эйфарыя таксама праскоквае. «Ганаруся хлопцамі, яны малайцы», — кажа нападаючы салігорскага «Шахцёра» Максім Скавыш. «Люблю вас, ганаруся вамі. Мы змагаліся як звяры», — піша ў сацсетках другі форвард, Віталь Лісаковіч з маскоўскага «Лакаматыва».

Ці бачылі вы студэнта, які самааддана рыхтаваўся да экзамену, адчайна яго здаваў, але ў выніку ўсё роўна атрымаў двойку — і потым радаваўся і ганарыўся сабой? А селяніна, які стараўся — сеяў-жаў — аднак застаўся без ураджаю і весела гэта святкаваў? А чуллівага ветэрынара, які начэй не спаў, усё лячыў жывёлу, а тая няўдзячна здохла — і лекар абвясціў усім, што ён маладзец і ў яго вялікая будучыня?

Чаго радавацца, калі выніку няма? Чаго вартыя старанні-намаганні, калі яны не вядуць да жаданай мэты?

Можа здацца, што трэнеры беларускай зборнай страцілі адчуванне рэальнасці і ў іх увогуле праблемы з адэкватнасцю. Ды не: яны цалкам разумныя людзі і добра арыентуюцца ў сучасных футбольных рэаліях. Нягледзячы нават на тое, што той жа Кандрацьеў раздражняецца на медыйную крытыку і ў адказ спускаецца да базарнай лексікі — называе журналістаў «пеўнямі» і «пудзелямі»…

У адказ сеціва і сацсеткі называюць трэнера «калгаснікам», але засяроджвацца на гэтым абмене ласкавасцямі дарэмна. Куды больш важна падкрэсліць іншае: трэнерскі штаб нацыянальнай зборнай і яе гульцы маюць рацыю, калі пазітыўна ацэньваюць свае серыйныя няўдачы. Бо па-свойму — і таксама правільна — разумеюць вынікі і мэты гаротнай каманды.

У 1998-м пасля 0:0 з датчанамі радавацца сапраўды было грэх. Бо беларусы ўяўлялі сабой непадробную моц. Футбалісты нашай зборнай былі на прыкметных ролях у кіеўскім «Дынама», маскоўскіх «Спартаку», «Дынама», «Лакаматыве»… У тым матчы з Даніяй на полі засвяціўся толькі адзін гулец з чэмпіянату Беларусі — 32-гадовы варатар Андрэй Сацункевіч. Дый тут варта падкрэсліць: на тую пару ў яго за плячыма была салідная кар’ера — з паспяховымі выступамі ў першынствах СССР і Расіі.

У сённяшняй зборнай з клубным прадстаўніцтвам бяда. На два дзясяткі рэкрутаў усяго чатыры легіянеры. І ўсяго толькі з Казахстану і ўкраінскай Кавалёўкі. А самы зорны футбаліст — Віталь Лісаковіч — і блізка не мае ў маскоўскім «Лока» той вагі, якую меў у 90-х Сяргей Гурэнка. 

Астатнія зборнікі — скрозь мясцовага разліву. Прадстаўнікі нацыянальнага чэмпіянату, аб узроўні якога даўно ўжо складаюць анекдоты і сеціўныя мемы.

Дык чаго чакаць ад такой каманды? Каб яна перамагала чэхаў і валійцаў — удзельнікаў плэй-офф нядаўняга EURO? Ці што? Вось прайгралі хлопцы бельгійцам усяго 0:1 — то на тле леташніх 0:8 гэта відавочны прагрэс. У восем разоў лепш згулялі, як жартуюць у каментарах.

Вось жа ў чым уся справа. У тым што прафесійна і ментальна — маральна і фізічна — зборная Беларусі імкліва набліжаецца да ўзроўню так званых футбольных «карлікаў». То-бок каманд з глыбокіх нізін еўрапейскага рэйтынгу. Кшталту Ліхтэнштэйна, Фарэрскіх выспаў, Гібралтара і Сан-Марына. Можна было б дадаць сюды Люксембург, але позна. Хлопцы з Вялікага Герцагства, наадварот, карлікавы ўзровень пераўзышлі — набіраюць зборную з чэмпіянатаў Германіі, Галандыі, Францыі, Украіны… То, атрымліваецца, саступілі сваё месца ў клубе андэрдогаў як раз для браткаў беларусаў.

Усведамляючы вось гэтую новую рэальнасць, лёгка зразумець, чаму «змагацца як звяры» — гэта забіць двойчы Уэльсу, эфектыўна абараняцца ад наступу чэхаў і бельгійцаў. Гэта валодаць мячом 30 адсоткаў часу, зрэдку выбягаць у контратакі і не зважаць увагі на тое, што сапернікі ўжо не грэбуюць гуляць з намі другім складам.

І мэты з вынікамі тут ужо фармулююцца ў прынцыпова іншай парадыгме. Гэта не студэнт на экзамене і не селянін за плугам — гэта немаўля з яго маленькімі жыццёвымі рэкордамі. Не пранёс лыжку міма рота, захаваў сухім памперс — ужо поспех. Чаму б, уласна, не парадавацца з гэтай нагоды. Не палічыць, што арганізм мацнее і яго чакае добрая будучыня.

Нехта, вядома, скажа голасам Шцірліца — маўляў, няма звязкі. Чаму футбол 10-мільённай Беларусі параўноўваецца з футболам Гібралтара, Ліхтэнштэйна, Фарэр і Сан-Марына, дзе агулам жыве менш народу, чым у Бабруйску? Адказ просты: бо такі ўжо лік на табло. І гэта пры тым, што тыя ж фарэрцы ў аўторак перамаглі малдаван.

Ну добра, калі некаму стане лягчэй, давайце параўнаем з Малдовай — і заадно з Літвой, Азербайджанам ці Эстоніяй, якія ў футболе таксама крочаць карлікавай хадою. Сэнсу гэта аніяк не зменіць — як не выправіць тых шматлікіх хібаў і праблем, якія нажывае беларускі футбол у працэсе свайго бліскучага развіцця і няўмольнага набліжэння да канчатковай нірваны.

Дарэчы, эстонцы тут надоечы Уэльсу не прайгралі — выстаялі на 0:0 у Кардзіфе. Невядома, ці казалі іх трэнеры, што цяпер каманду дакладна чакае вялікая будучыня, але ж менавіта з імі беларусам змагацца на фінішы кваліфікакцыі чэмпіянату свету. Змагацца за тое, каб не скончыць адбор на апошнім месцы ў групе.

Грандыёзны вырашальны матч між намі і імі адбудзецца ў Таліне ўжо 8 кастрычніка.

Зборная Беларусі. Пяць паразаў запар

30.03.2021. Бельгія — Беларусь — 8:0. 2.06. Беларусь — Азербайджан — 1:2 (таварыскі матч). 2.09. Чэхія — Беларусь — 1:0. 5.09. Беларусь — Уэльс — 2:3. 8.09. Беларусь — Бельгія — 0:1.

АДБОР НА ЧС. ГРУПА «Е»

                                        Г       П       Н       П       М        А

1.            Бельгія             6       5       1        0      21-4     16

2.            Чэхія                5       2       1         2      8-7        7

3.            Уэльс               4       2       1         1      5-5        7

4.            Беларусь         5       1        0        4      6-15      3

5.            Эстонія            4       0        1        3       6-15     1



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: