«Гэтыя газеты і ёсць часткай улады». У БАЖ патлумачылі, чаму «Мінскую праўду» не пакараюць за абразу каталікоў


7 верасня беларускі інтэрнэт выбухнуў навіной пра тое, што дзяржаўная газета «Мінская праўда» назвала каталіцкіх святароў, якія выступаюць супраць гвалту і за нацыянальныя сімвалы, нацыстамі. Абурыліся не толькі каталікі, і шмат хто пабачыў тут праявы крымінальнага злачынства — распальвання варожасці. Але ўлады разбірацца з выданнем не спяшаюцца.
catholic.by

catholic.by


Дзяржаўнае распальванне варожасці

Вокладка з крыжам, які ператвараецца ў свастыку, і адпаведны артыкул абурылі як простых каталіцкіх вернікаў, так і святароў. У шоку ад таго, як сябе паводзіць дзяржаўная прэса, былі нават вернікі іншых канфесій і атэісты.

З заявай выступілі і каталіцкія біскупы Беларусі, назваўшы карыкатуру і артыкул «Мінскай праўды» «свядомым і зламысным скажэннем праўды, паклёпам і абразай». Яны таксама выказалі спадзеў, што «адпаведныя органы дзяржаўнай улады дадуць належную прававую ацэнку дадзенай карыкатуры і публікацыі ў газеце "Мінская праўда", змешчанай у №68 ад 7 верасня 2021 года, незадоўга да святкавання Дня народнага адзінства». Пры гэтым каталіцкія біскупы адзначылі, што не збіраюцца асуджаць нацыянальныя бел-чырвона-белы сцяг і гімн «Магутны Божа».

А працоўная група Каардынацыйнай рады «Хрысціянская візія» наўпрост заявіла, што «карыкатурны малюнак каталіцкіх святароў з крыжамі ў выглядзе свастыкі мае прыкметы наўмысных дзеянняў, накіраваных на дыфамацыю Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, на фарміраванне негатыўнага вобразу каталіцкіх святароў як "нацыстаў", на распальванне рэлігійнай варожасці або розні супраць рымска-каталіцкіх святароў». На думку яе прадстаўнікоў, такія дзеянні могуць быць кваліфікаваныя ў адпаведнасці з ч. 1 і ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

«Абавязак святароў — не толькі маліцца»

Адзін з беларускіх каталіцкіх святароў на ўмовах ананімнасці распавёў, што артыкул «Мінскай праўды» выклікаў негатыўнае стаўленне сярод святароў: «Ні адзін святар не пагадзіўся з матэрыялам».

«І абавязак святароў — не толькі маліцца, але і вучыць Божым запаветам. І крытычна ставіцца да тых з’яў, якія гэтым запаветам супярэчаць: хлусні, гвалту, рэпрэсіям, паклёпу і г. д.», – адзначыў ён.

На яго думку, Касцёл у Беларусі павінен быў «выказаць сваю нязгоду з гэтым матэрыялам, што ён і зрабіў па сутнасці».

Плыні бруду і нянавісці

Аднак улады, якія пачкамі прызнаюць экстрэмісцкімі тэлеграм-каналы і нават медыя, пакуль на гэта ніяк не прарэагавалі. Чаму так адбываецца?

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі нагадаў, што з дзяржаўных прапагандысцкіх каналаў апошнія гады цякуць плыні «бруду і нянавісці».

«Мне падаецца, абсалютная большасць людзей у Беларусі ўжо даўно вызначалася, якія медыя яны хочуць чытаць і за якімі сачыць. Якасныя, правераныя, дакладныя і этычныя — тыя, хто нават у перыяд дзяржаўнай дэвальвацыі права трымаюць сябе ў вельмі дакладных рамках рэдакцыйнай палітыкі і этыкі. Альбо нізкаякасныя прапагандысцкія крыніцы, дзе гаворкі пра этыку і закон цяпер наогул не можа ісці. Гэтыя выданні нават самі сябе называюць "друкаваны орган такога і такога райвыканкама", што красамоўна кажа пра замоўшчыкаў такіх матэрыялаў і такой інфармацыйнай палітыкі», — адзначыў ён.

На думку Гарэцкага, «ніякага пакарання з боку ўлад для такіх выданняў быць не можа, бо гэтыя газеты і ёсць часткай улады».

«Радуе толькі тое, што беларусам і беларускам пасля 2020 года проста так прамываць мазгі ўжо не атрымаецца», — мяркуе Барыс Гарэцкі.

«Мінская праўда» ж нават не думае выбачацца і публікуе ў сваім тэлеграм-канале чарговы пост з абразамі Каталіцкай царквы. Напрыканцы ў ім заўважаецца: «Што датычыць каталікоў, то "лічыльнік з мінулага года вельмі доўгі"». Ці варта разумець гэта так, што падобная публікацыя — толькі пачатак? Пакажа час.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: