Хірург Любецкі — за дзень да затрымання: «Цмок пажырае самога сябе»

Вядомы лекар даў інтэрв'ю «Салідарнасці» менш чым за суткі да таго, як яго «забралі пасля ператрусу».

У гутарцы, якая адбылася 3 мая днём, Андрэй Любецкі, чыя жонка раней таксама трапіла пад каток рэпрэсій, распавёў пра перажыванні за блізкіх і за краіну, праблемы ў прафесіі і медыцыне, пра сваю нязломную грамадзянскую пазіцыю.

— Усім ёсць што губляць: і больш забяспечаным людзям, і менш. Але мы жывём іншымі катэгорыямі. Я чуў пра сябе: навошта Любецкаму гэта трэба было? Таму што я жыву не дзеля «хаўчыка», не дзеля «хаты». Я хачу свабодна дыхаць, хачу, каб мае дзеці свабодна хадзілі па сваім горадзе. Я хачу ведаць, што абаронены, што яны абароненыя. А не так, што цябе ў любы момант могуць выгнаць з працы ці пасадзіць, — сказаў у панядзелак карэспандэнту «Салідарнасці» лекар Андрэй Любецкі.

Суразмоўца не выключаў магчымасці свайго арышту, улічваючы апошнія падзеі ў краіне, але з'язджаць з Беларусі адмаўляўся.

Андрэя Любецкага ведаюць як аднаго з лепшых у краіне сківічных хірургаў. Ён праводзіў унікальныя аперацыі па пластыцы расколін нёба і твару. У кастрычніку мінулага года кадры жорсткага затрымання доктара падчас маршу з'явіліся ва ўсіх СМІ.

Але ён прызнаўся, што тады не было страшна. Па-сапраўднаму спалохаўся, калі ў красавіку знікла жонка Наталля і калі пасля даведаўся пра ўсё, што з ёй адбылося. Супакоіўся, толькі калі жонка і чацвёра дзяцей апынуліся ў бяспечным месцы.

— Будучай восенню мы планавалі ўехаць у сваю новую кватэру, рамонт у якой працягваўся чатыры гады. Хацелі, каб старэйшая дачка спакойна скончыла навучальны год і ўжо ў новым перайшла ў іншую школу.

— У вас планаваліся такія радасныя падзеі, а атрымалася, на жаль, зусім па-іншаму…

— Нічога ў гэтым жыцці не бывае выпадковым. І тое, што адбылося з маёй сям'ёй, і тая гісторыя, якая зараз адбываецца з усёй краінай, думаю, невыпадковыя…

Калі з'ехала жонка, мяне папярэджвалі, што могуць выклікаць для тлумачэнняў, але пакуль не чапалі, затое чамусьці апыталі спартыўнага трэнера нашых дзяцей.

— Як ваша жонка адчувае сябе пасля ўсяго таго, што здарылася?

 Натуральна, ёй псіхалагічна цяжка. Мы не планавалі нікуды пераязджаць, і гэты экстраны пераезд даўся ёй нялёгка. Яна да гэтага часу не акрыяла ад стрэсу з-за таго, што адбылося з ёй, і таго, што адбываецца з іншымі людзьмі ў засценках.

Хутчэй за ўсё, будзе вымушана звярнуцца па дапамогу да адмыслоўца.

— Яе яшчэ і звольнілі з працы?

— Так, яна працавала ў 4-й стаматалагічнай паліклініцы. Пасля выхаду гэтага фільма («Манкурты». — С.) галоўны ўрач прапанаваў ёй сысці «па пагадненні бакоў». Патлумачыў ён гэта так: «Сёння такія правілы гульні». Яны гуляюць у такія гульні.

— Вы не плануеце таксама з'ехаць?

— Вядома, я вельмі сумую без жонкі і дзяцей, вечарамі вяртаюся ў новую пустую кватэру.

Але я ўпэўнены, што ўсё гэта часова. Да таго ж, цяпер у мяне, як у «беспрацоўнага дармаеда», аказалася спраў больш, чым было, калі працаваў. Паволі разбіраюся.

— Ваша гісторыя супраціву пачалася летам 2020 года ці раней?

— Мінулым летам я, шчыра кажучы, не чакаў, што столькі людзей выйдзе. Сам паехаў на Акрэсціна прапанаваць дапамогу, як толькі прачытаў у медыцынскім чаце паведамленні ад калег пра жахі, якія яны там убачылі.

Але мая гісторыя пачалася яшчэ ў 1994 годзе. Я з першага дня быў у пратэсце. Але, як большасць, у маўклівым. Хоць сваёй пазіцыі ніколі не хаваў.

Памятаю, яшчэ падчас выбарчай кампаніі ў 2010 годзе да нас у бальніцу прыехаў першы намеснік старшыні Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Вячаслаў Шыла (цяпер ён узначальвае галіновы прафсаюз), казаў пра тое, што мы павінны выбраць актыўную грамадзянскую пазіцыю, а потым стаў зазываць на сустрэчу з даверанай асобай Лукашэнкі — Алегам Румо. Я тады ўстаў і спытаў, чаму ён агітуе толькі за аднаго кандыдата, бо ў нас іх 10.

Я не выключаю, што мая актыўная пазіцыя паслужыла і прычынай таго, што маю кандыдатуру не зацвердзілі на пасаду загадчыка аддзялення. А ў 2016-м са мной не падпісалі кантракт пасля таго, як папрасіў прыбраць дзяжурствы. У нас тады з'явілася чацвёртае дзіця, і я хацеў больш дапамагаць жонцы.

Да таго моманту адпрацаваў 18 гадоў у бальніцы, быў нядрэнным спецыялістам, але калі сыходзіў, ніякі прафсаюз не ўспомніў пра мяне.

— З якімі праблемамі ў сістэме аховы здароўя нельга мірыцца?

— Праз неабходнасць пастаянна перапрацоўваць, каб зарабіць хоць нешта, складана вытрымаць такую фізічную стомленасць. Гэта ненармальна, каб чалавек працаваў на паўтары-дзве стаўкі. Нездарма ж ёсць нормы, паводле якіх лекар павінен адпачываць пасля шасці гадзін працы.

Дапусцім, у кіроўцаў гэта строга выконваецца, а лекар дзень адпрацаваў, застаецца на дзяжурства, а потым зноў дзень. І так пастаянна.

У маёй практыцы было, калі я трое з паловай сутак не мог сысці з працы. У мяне быў перыяд, калі я афіцыйна падпрацоўваў у пяці месцах! І гэта нават не з-за маёй патрэбы, а таму што мяне клікалі на кансультацыі нават у іншыя гарады.

— Спецыялістаў сківічна-тварнай хірургіі вашага ўзроўню ў краіне шмат?

— Можна пералічыць на пальцах дзвюх рук.

— А на аперацыі вялікая чарга?

— Калі я яшчэ працаваў, была чарга 3-4 месяцы. Цяпер паўгода і больш. І чым менш будзе спецыялістаў, тым даўжэй будзе рухацца чарга.

Плюс у нашай сістэме пакутуе паліклінічнае звяно. Многія амбулаторныя аперацыі, якія павінны праводзіцца ў паліклініках, не праводзяць, таму што там няма адпаведных спецыялістаў.

Да мяне часта людзі звярталіся па дапамогу ў пошуку спецыялістаў, не толькі па маім профілі. Заўсёды, калі мог, дапамагаў. Але апошнім часам гэта стала амаль немагчыма: той з'ехаў, таго выгналі…

— Вы пазбавіліся працы, як і многія лекары сёння. Ці маеце зносіны з калегамі? Якія ў іх настроі?

— З двума сустракаўся літаральна напярэдадні. У аднаго ўсе дзеці вучацца за мяжой, і ён збіраецца пераязджаць, нягледзячы на тое, што тут у яго даволі прыбытковы бізнес.

Другі, адзін з лепшых у краіне спецыялістаў у сваёй галіне, таксама на валізках. Сказаў, што чакае заканчэння кантракта праз некалькі месяцаў.

— Лекараў сапраўды і звальняюць, і робяць усё, каб яны з'ехалі з краіны. Да чаго гэта прывядзе?

— Цмок пажырае самога сябе. Гэтымі людзьмі рухае страх, таму яны жасцяць. Але на самой справе, яны ў які раз наступаюць на тыя ж граблі. Усё гэта яшчэ больш азлабляе, і ў чалавека ўнутры кіпіць і ўзмацняецца пратэст.

Але я ўпэўнены, што ўсё зменіцца, я толькі не магу назваць тэрміны. А так, паглядзіце, я ўжо казаў, мая дачка сказала: «Тата, у нас у класе ўсе за "Жыве Беларусь"». Хіба можна перамагчы дзяцей?

Гэта яны думаюць, што пратэст — гэта візуальная карцінка. Але гэта няпраўда. Пратэст — ён тут, у галаве.

— Доктар Рустам Айзатулін у нядаўнім інтэрв'ю сказаў, што пасля таго, як выказаў сваю пазіцыю ў плане аказання дапамогі сілавікам, яму сталі пагражаць. У вас таксама дастаткова смелыя выказванні.

 Мне не тэлефануюць з пагрозамі. Але я магу яшчэ раз патлумачыць сваю пазіцыю. Калі чалавеку спатрэбіцца першая дапамога, я яе зраблю. Але планавыя ўмяшанні я проста не змагу праводзіць пацыенту, калі даведаюся,што ён здзекаваўся з людзей. У мяне будуць трэсціся рукі, і гэта, у першую чаргу, небяспечна для іх саміх.

— А вы верыце ў тое, што Беларусь можа стаць калі не першай, то другой Швейцарыяй?

— Абсалютна! Гэтыя пратэсныя падзеі паказалі, як мы можам самаарганізавацца. Увесь свет гэта заўважыў. І цяпер ужо не трэба будзе трыццаць гадоў, каб аднавіць усё, — вельмі многае змянілася ў плане тэхналогій. У нас усё будзе значна хутчэй.

Я думаю, што ў Беларусі неаранае поле для магчымасці жыць шчасліва. У нас выдатная краіна. Як толькі ўсе зразумеюць, што тут гарантавана працуюць законы, да нас пойдуць інвестыцыі ў вялікім аб'ёме.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: