Гісторык Валянцін Мазец: «БНР — не палітычная разавая акцыя»

«Незалежная і вольная: БНР без фальшавання і мітаў» — гэта тэма навуковага круглага стала, што адбыўся з удзелам гісторыкаў і грамадскіх актывістаў 4 сакавіка ў Мінску.

Яго арганізатарамі выступілі грамадскае аб’яднанне «Беларуская жаночая ліга», грамадзянская ініцыятыва «Гільдыя беларускіх гісторыкаў», грамадскае аб’яднанне «Дыярыуш» і нацыянальны грамадскі камітэт адзначэння 100-годдзя незалежнай БНР.

«Яшчэ не дзяржава, але ўжо дзяржаўнасць», «Міжнародны досвед захавання гісторыка-мемарыяльнай памяці», «БНР у нацыянальнай памяці», «Чароўная з мужных: Палута Бадунова, палітык і асоба», «Архіўна-следчыя справы дзеячаў БНР як крыніца гісторыі змагання за незалежнасць. Крымінальная справа Клаўдзія Дуж-Душэўскага: подзвіг і пакуты», «За БНР са зброяй: паўстанцтва і партызанка пад лозунгамі за незалежнасць» — тэмы выступаў гісторыкаў і краязнаўцаў мелі разнастайны характар.

Гісторык Зміцер Дрозд на аснове даследавання ў літоўскіх архівах крымінальнай справы дзяржаўнага сакратара БНР Дуж-Душэўскага распавёў пра пакутны подзвіг дзеяча БНР.

 Гісторык Зміцер Дрозд

Нягледзячы на тое, што атрыманую інфармацыю падчас допыту супрацоўнікі КДБ пасля адфільтравалі, па ёй можна прасачыць шлях пакутлівага змагання заснавальнікаў БНР за Беларусь і яе незалежнасць.

З вялікай цікавасцю ўдзельнікі круглага стала ўспрынялі інфармацыю доктара гістарычных навук Аляксандра Гужалоўскага пра міжнародны досвед нацыянальнай гісторыка-мемарыяльнай памяці ў розных суседніх краінах. Па велічных манументах, якія збудавалі Літва, Латвія, Эстонія, Малдова, Чэхія, Украіна, Нарвегія і іншыя краіны, можна прасачыць, як народы гэтых дзяржаў ганарацца сваімі нацыянальнымі каранямі і дзяржаўнымі вытокамі.

Доктар гістарычных навук, прафесар Гужалоўскі Аляксандр

У нас жа вялікім дасягненнем грамадства ў барацьбе за захаванне гістарычнай памяці з’яўляецца будучая ўстаноўка памятнай шыльды на доме, дзе была абвешчана Незалежнасць БНР.

Тым не менш, дзякуючы грамадскім актывістам, у розных гарадах Беларусі ўзнікаюць мясцовыя ініцыятывы, якія прапаноўваюць свае варыянты захавання нацыянальнай памяці. Адну з такіх — праект мемарыялу «Абаронцам свабоды» ў Кобрыне — прадставіў журналіст і грамадскі дзеяч Марат Гаравы. Калі яго задума ажыццявіцца, у цэнтры Кобрына можна будзе пабачыць постаці найбольш знакамітых асоб, якія пакінулі культурніцкі след у гісторыі горада. Не крывавы, як след Суворава, якім зараз вымушаны ганарыцца гэты горад.

Гісторык Ніна Стужынская і краязнаўца з Барысава Андрэй Цісецкі эмацыйна распавялі пра лёс некаторых паўстанцаў і ўдзельнікаў незалежніцкага партызанскага руху ў 20-я гады мінулага стагоддзя.

Дыскусія разгарнулася пасля таго, як Валянцін Мазец, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук, зрабіў свой даклад на тэму «Яшчэ не дзяржава, але ўжо дзяржаўнасць». Прынята лічыць, што вытокамі нашай дзяржаўнасці былі Тураўскае, Полацкае княства і ВКЛ. Гісторык жа лічыць, што, нягледзячы на розныя тыпы дзяржаў, якія існавалі на беларускай тэрыторыі, пачатак беларускай нацыянальнай дзяржаве паклала менавіта БНР.

Дзяржаўнай мовай упершыню была вызначаная беларуская мова, дзяржаўнымі сімваламі сталі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг, былі абвешчаныя нацыянальныя школьная і культурніцкая справа, ствараліся Беларуская гандлёвая палата, беларускія кнігарні, беларускія кааператывы, заснаваны беларускі друк, беларускае выдавецтва, выпрацавалася беларуская літаратурная мова, акрэсленыя межы, колькасць насельніцтва і вырашалася праблема бежанства.

Сяргей Тарасаў, вядучы круглага стала, кандыдат гістарычных навук, дацэнт


— Калі б склаліся спрыяльныя знешнепалітычныя ўмовы, БНР магла б пераўтварыцца ў паўнавартасную беларускую дзяржаву, — гаворыць кандыдат гістарычных навук. — Што ж тычыцца таго, што яна не была прызнана іншымі дзяржавамі дэ-юрэ, дык Савецкую Расію да 1922 года таксама не прызнавалі ў свеце. На жаль, у той час суседнія дзяржавы не былі зацікаўлены ў існаванні незалежнай Беларусі.

Гісторык лічыць, што ў тых умовах акупацыі лідары беларускага нацыянальнага руху зрабілі ўсё, што ад іх залежала: факт існавання беларускага народу быў сцверджаны. Таксама абвяшчэнне БНР заявіла пра існавання беларускай нацыянальнай эліты, якая здолела не толькі выпрацаваць ідэі беларускай дзяржаўнасці, але і зрабіла крокі па яе інстытуалізацыі. Абвяшчэнне БНР было тым фактарам, які абумовіў у далейшым стварэнне БССР.

Гісторык Валянцін Мазец, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

Пасля заканчэння навуковага выступлення Валянцін Мазец адказаў і на пытанні «Новага Часу».

— Прайшло ўжо сто гадоў, а ў грамадстве дагэтуль ідуць спрэчкі аб ролі БНР у гісторыі краіны. Можа, тут ёсць віна і Інстытута гісторыі?

— Усе беды — ад недахопу інфармацыі. Кніжкі, якія мы выдаем, не пад забаронай. Яны выходзяць дастатковым накладам, ёсць у бібліятэках, але іх ніхто не чытае. Ад агульнай ляноты. А многім палітыкам патрэбны толькі інфармацыйны повад, і яны спекулююць на важных гістарычных падзеях у вузкіх прыватных інтарэсах.

Хацелася б, каб праблема абмеркавання БНР была перанесена з плоскасці палітычнага супрацьстаяння ў плоскасць навуковага і культурнага асэнсавання. БНР — гэта не палітычная разавая акцыя, а важны этап развіцця.

На жаль, большасці насельніцтва ўсё роўна, што адбываецца па-за межамі сваіх кватэр. Тэма цікавая вузкім спецыялістам, а народ турбуе надзённая патрэба.


— Напачатку 1990-х былі выдадзены падручнікі, дзе гісторыя Беларусі разглядалася з пункту гледжання беларусаў, і БНР адводзілася важнае месца. Ці не маем мы зараз расійскі варыянт гісторыі, і таму грамадзяне варожа ставяцца да нацыянальнай гісторыі?

— Не. Ёсць рудыменты савецкага стаўлення. У Расіі пакуль што розныя падыходы да сваёй гісторыі. Адзінага імперскага падыходу ў расійскіх прафесійных гісторыкаў пакуль няма, як бы гэтага ні хацелася палітыкам.

— Што трэба рабіць, каб у нас быў уласны погляд на гісторыю?

— Пашыраць інфармацыю ў інтэрнэце, дзе сядзіць моладзь.

— Ці ўключаюцца напрацоўкі Інстытуту гісторыі па тэме беларускай дзяржаўнасці ў падручнікі і вучэбна-метадычныя дапаможнікі?

— Так. Але новы міністр адукацыі (камуніст Ігар Карпенка. — НЧ) крыху насцярожвае.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: