Георгія Гангадзэ пахавалі праз 15 год пасля забойства

Цела вядомага ўкраінскага журналіста пахавалі на тэрыторыі храма ў цэнтры Кіева. На развітаньне прыйшлі каля паўтысячы чалавек.



У кіеўскай Аўтакефальнай праваслаўнай царкве Мікалая Набярэжнага 22 сакавіка хаваюць забітага ў 2000 годзе журналіста Георгія Гангадзэ.

Ён будзе пахаваны на тэрыторыі храму пад вялікім крыжам са звонам.

На цырымоніі развітання прысутнічалі агулам каля паўтысячы чалавек, у іх ліку жонка нябожчыка Міраслава Гангадзэ з дочкамі, а таксама палітыкі Уладзімір Стрэтовіч, Тарас Чарнавол, Ігар Жданаў і Ірына Герашчанка, былы амбасадар Грузіі ва Украіне Грыгол Катамадзэ, спявак Святаслаў Вакарчук і палітык Аляксандр Мароз, які першым абнародаваў запіс маёра Мельнічэнкі, што прадэманстраваў датычнасць да выкрадання і забойства высокапастаўленых асобаў.

Заяву Міраславы Гангадзэ ў сувязі з пахаваннем перадаў сябра сям’і, хросны бацька адной з дачок Георгія Яўген Глыбывіцкі:

«Сёння Георгій Гангадзэ будзе пахаваны годна, як і заслугоўвае кожны чалавек. Але з пахаваннем не спыніцца ягоная справа. Тыя, хто замаўляў забойства, рана ці позна павінны быць асуджаныя за злачынства».

Іншых каментараў родзічы Гангадзэ даваць не сталі, бо лічаць пахаванне прыватнай справай. Яны прасілі, каб палітыкі на цырымоніі не выступалі, каб не было фота- і відэаздымак.

Журналіст і заснавальнік «Украінскай праўды» Георгій Гангадзэ знік у 2000 годзе, у тым жа годзе яго забілі. Абезгалоўленае цела знайшлі ў тым жа годзе, з таго часу яно знаходзілася ў кіеўскім моргу — яго не маглі пахаваць, бо часткі цела фігуравалі ў крымінальнай справе як рэчавыя доказы. У забойстве абвінавацілі чатырох былых супрацоўнікаў дэпартаментаў знешняга назірання і крымінальнага вышуку. Адзін з іх атрымаў 13 год зняволення, два — па 12, а яшчэ аднаму, былому начальніку галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС генералу Аляксею Пукачу, прысудзілі пажыццёвае зняволенне.

«Я думаю, што калі-небудзь усе імёны будуць названыя, — сказаў журналістам Тарас Чарнавол. — Ёсць сведкі, ёсць сведкі сведак... Калі дайшлі да выканаўцаў, то, я думаю, у справе Гангадзэ вінаватых пакараюць».

Званне Героя Украіны ў жніўні 2005 году пасмяротна прысвоіў Гангадзэ прэзідэнт Віктар Юшчанка. Цяперашні прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка 21 сакавіка перадаў Залатую Зорку Героя Украіны Міраславе Гангадзэ. Пахавання сына не пабачыла маці Георгія, Леся Гангадзэ, якая памерла ў канцы 2013 года. Як кажа сяброўка Георгія, журналістка Наталка Чангулі, тыя экспертызы цела Гангадзэ, якія патрабавала правесці маці, так і не зрабілі.

«Пахаванне Гангадзэ — гэта кропка ягонага шляху, але гэта не азначае, што пастаўленая кропка ў крымінальнай справе, бо не пакараныя замоўцы гэтага страшэннага забойства, — падкрэслівае журналіст Павал Шарамет. — Нельга казаць, што сябры, родныя і ўкраінскія ўлады могуць супакоіцца. Я гэта кажу, бо 16 год таму быў выкрадзены мой сябра Дзмітры Завадскі, а таксама генерал-маёр Захаранка і былы кіраўнік ЦВК Ганчар. За 16 гадоў не знойдзеныя целы, не пакараныя выканаўцы, не пакараныя замоўцы. Украіна дзякуючы справе Гангадзэ не ператварылася ў дыктатуру, як Беларусь».

Паводле Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: