«Хлопца кінулі на падлогу і ўдарылі кулаком у твар», — як АМАП затрымліваў раварыстаў

Назіральнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Кірыл Кажэнаў распавёў у інтэрвію Свабодзе дэталі ўчорашняга інцыдэнту з затрыманьнем раварыстаў-удзельнікаў руху «Крытычная маса».

Учора ўвечары ля Тэатра оперы і балету сабраліся 30-35 раварыстаў, каб разам праехаць па горадзе. Таксама на месцы збору былі заўважаныя супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і АМАПаўцы.


Паводле слоў Кірыла Кажэнава, прыкладна ў 19.30 калона раварыстаў паехала па дарозе ў бок Нямігі, пасьля чаго павярнулі на праспект Пераможцаў. Спачатку ніякіх пытанняў з боку праваахоўнікаў да іх не было, але потым зявілася машына ДАІ, і даішнікі сталі патрабаваць, каб раварысты зехалі на ходнік.


«Некаторыя зехалі адразу, некаторыя працягвалі ехаць па дарозе — у тым ліку эка-анархісты, якія былі са сцягамі. Калі мы яшчэ не даехалі да стэлы, адбылася першая невялічкая сутычка: аднаго з удзельнікаў у балаклаве са сцягам машына ДАІ адсекла, ён злез з ровара, і за ім пагнаўся адзін з даішнікаў. Але не дагнаў — хлопец збег, а ровар застаўся на дарозе», — кажа Кажэнаў.


Ля стэлы «Менск — горад-герой» раварысты заехалі на ходнік, але потым зноў частка людзей апынулася на дарозе.


«Калі яны зноў зехалі на дарогу, наколькі я разумею, машына ДАІ падрэзала аднаго з раварыстаў, і даішнікі пачалі забіраць ровар. Адразу да іх пад’ехаў аўтобус з АМАПаўцамі, выскачылі некалькі міліцыянтаў і павалілі аднаго з удзельнікаў акцыі. Я ў гэты момант пачаў здымаць відэа і тут заўважыў, што на мяне з боку таксама бягуць два амапаўцы. Мяне павалілі на зямлю, а потым амаль адразу паднялі і павялі ў аўтобус. У аўтобусе адзін раз ударылі ў жывот і кінулі на падлогу ў канец аўтобуса. Амаль адразу на падлогу побач са мной кінулі хлопца і ўдарылі кулаком у твар. Пасля гэтага на нас зьверху кінулі 3 ці 4 ровары», — распавёў назіральнік.


Кажэнаў быў апрануты ў камізэльку назіральніка і меў пасьведчанне назіральніка, але міліцыянты на гэта не звярнулі ўвагу.


Агулам было затрымана шэсць чалавек — іх адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.


«Там нас завялі ў нейкі пакой і паставілі тварам да сьцяны — па тры чалавекі на дзве супрацьлеглыя сьцяны. Каля гадзіны ўсе проста так стаялі. Потым да кожнага да нас падыходзілі і складалі пратакол апытання, дзе мы тлумачылі, што адбывалася паводле нашага меркавання. Пасьля гэтага нас пакінулі стаяць тварам да сьцяны», — кажа ён.


У Кажэнава і яшчэ аднаго з затрыманых забралі тэлефоны і выдалілі відэа і фатаздымкі інцыдэнту з затрыманнем.


Кажэнаў кажа, што на ўсіх затрыманых былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне правілаў дарожнага руху — за тое, што раварысты ехалі па дарозе. Таксама былі складзеныя пратаколы за непадпарадкаванне міліцыі, прычым затрыманым казалі, што калі яны не пагодзяцца з пратаколам, то іх адправяць на «суткі», а калі пагодзяцца — вызваляць.


У выніку 4 з 6 затрыманых адпусцілі. Яшчэ двое засталіся і, паводле папярэдніх дадзеных, былі адпраўленыя ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна. Мяркуючы па ўсім, яны адмовіліся падпісаць пратаколы.


Самога Кажэнава пратрымалі ў Цэнтральным РУУС амаль 2 гадзіны, вызвалілі толькі бліжэй да дванаццаці. У пратаколе назіральнік напісаў, што з абвінавачваннем не згодны.


Паводле версіі міліцыі, якую агучыла прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму, раварысты ўчора ўчынілі бойку з супрацоўнікамі ДАІ.


«Пры спробе спыніць супрацьпраўныя дзеянні і вярнуць іх на ходнік, парушальнікі правапарадку аказалі непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіўшы яму форменнае абмундзіраванне», — заяўляюць у сталічнай міліцыі.


«Крытычная Маса» — сустрэча ў адным месцы значнай колькасьці раварыстаў з наступным арганізаваным рухам групы па горадзе. Першы сумесны заезд быў праведзены ў 1992 годзе ў Сан-Францыска. З таго часу рух стаў папулярным у больш чым 300 гарадах сьвету. Мэты «Крытычнай масы» — прасоўванне ровара як транспарту, папулярызацыя здаровага ладу жыцьця, барацьба за правы раварыстаў на дарозе.


Паводле Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: