«Хлопцы, якія стаяць у Курапатах зараз, бароняць наш гонар»

У сталічным Палацы мастацтва адкрылася выстава "Праўда пра Курапаты", прысвечаная курапацкім расстрэлам ды аднаўленню памяці пра нацыянальны некропаль.
Чытайце таксама: НКВД забіваў у Курапатах, нават калі нацысты ўвайшлі ў Мінск

На выставе прадстаўленыя мастацкія творы, фотаздымкі, дакументы і мапы, прысвечаныя курапацкай трагедыі, аднаўленню памяці ў 1980-90-я ды барацьбе за Курапаты ў 2000-я. Тут жа можна ўбачыць праекты помнікаў, якія маглі б паўстаць ва ўрочышчы: крыжы, адлятаючыя птушкі, чалавек, распяты на зорцы і г.д.


«Гэтая выстава — паклон народнай памяці, — кажа адзін з арганізатараў Марат Гаравы. — Паколькі архівы ў нашай краіне дагэтуль зачыненыя, мы можам апірацца толькі на народную памяць. Мы з сябрамі адмыслова абыходзілі бліжэйшыя вёскі ў пошуках людзей, якія нешта бачылі ці чулі пра курапацкія расстрэлы 1930-х. Частка выставы заснаваная менавіта на гэтых сведчаннях».

На адкрыцці прысутнічалі некаторыя з тых самых старажылаў, якія нявольна сталіся сведкамі трагедыі. Напрыклад, Алесь Генералаў (1935 г.н.) яшчэ хлопцам лазіў пад плот, збудаваны каб закрываць расстрэлы, ды быў схоплены супрацоўнікамі НКУС. Хлапчука адпусцілі, але той добра запомніў, што вайскоўцы былі ў сініх нагавіцах, што адпавядае форме НКУС.


Спдар Павел (1944 г.н.), які жыў побач, узгадвае расповеды бацькі аб тым, што той чуў з боку Курапатаў крыкі ды стрэлы ў 1930-х, калі капаў побач торф. Іншы мясцовы жыхар — спадар Аркадзь (1935 г.н.) праз доўгі час пасля расстрэлаў разбіраў парэшткі вялікага шэрага плоту з дошкамі ўнахлёст, які хаваў злачынствы ў 1930-я.


«Тое, што з Курапатамі адбываецца сёння, — працягвае Гаравы. — Гэта вынік палітыкі ўладаў, у прыватнасці Міністэрства культуры. Хлопцы, якія стаяць у Курапатах зараз, бароняць наш гонар. Народ мае поўнае права бараніць помнікі, тым больш Курапаты — помнік міжнароднага значэння. Гэта прапісана ў Канстытуцыі».

Чытайце таксама: Жах і забыццё Курапатаў 

Выстава ў Палацы мастацтва будзе працаваць да 28 лютага.





Фота: Уладзіслаў Рубанаў

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!