Глушэц пасябраваў з сялянамі з-пад Нароўлі. Апошні з «магікан»?

Пра незвычайны выпадак паведаміў у грамадскую арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) Мікалай Траскоўскі: летась глушэц прыйшоў у вёску на Палессі, дзе жывуць яго цесць і цешча, перазімаваў у іх, а сёлета вярнуўся зноў.
Адбылося гэта ў вёсцы ў Нараўлянскім раёне, якая знаходзіцца на мяжы зоны адсялення ЧАЭС.

Глушэц – птушка 2020 года ў Беларусі.

Упершыню глушэц з’явіўся ў вёсцы мінулым снежнем, калі ўжо ляжаў снег. Птушка была крыху падраненая і кульгала на адну нагу, але лятаць магла.

«Спачатку ён прыбіўся да адных жыхароў, якія падкормлівалі яго пару дзён, — расказаў Мікалай. — А потым ён ад іх зляцеў ці сышоў. Бачылі яго і ў іншых месцах вёскі. А пасля ён прыбіўся да дому мамы і бацькі маёй жонкі. Іх дом месціцца на самым ускрайку. Зіму ён правёў у іх, хаця ў перасоўванні абмежаваны не быў: хацеў – прылятаў, хацеў – адлятаў.»

Глушэц лятаў па яблынях, упадабаў дах навеса, пасябраваў з курамі (хаця спачатку тыя яго шугаліся. Гаспадары пачалі яго падкормліваць, і той з самага ранку прылятаў частавацца.

Начаваць ён злятаў на высокія дрэвы ў лес — было бачна з акна, як ён там сядзіць высока, — або сядаў на старую высокую яблыню.

Часам глушэц знікаў на некалькі дзён ці нават тыдняў, але потым вяртаўся. Бліжэй да вясны ён знік і з’явіўся зноў ужо без хваста: хутчэй за ўсё, страціў яго ў бойцы з іншымі самцамі. На звыклым месцы ён пакрысе ачуняў, хвост пачаў адрастаць, і недзе ў красавіку глушэц знік ізноў. Ніхто не ведаў, ці жывы ён, ці не з’ела яго ліса або куніца.

А пару тыдняў таму глушэц прыйшоў у адведкі зноў. За час адсутнасці ён памажнеў, хвост прыйшоў у парадак, але кульгавасць засталася. Спачатку хадзіў узбочынай каля дома, шчыпаў траву. Выйшла гаспадыня Яўгенія Партыка, паклікала птушку ў двор, адчыніла весніцы, і глушэц хуценька падыбаў у двор.

Вось як яна сама кажа пра гэта: «Я аж заплакала. Я ж увесь час казала: «Ці хоць ты жывы, што ты так вось давяраешся людзям?» Але ён не да кожнага так блізка падыходзіў, але ж і не сільна ўцякаў — абы ніхто не шыбаў. Дык вось, пайшоў мой муж да калонкі па ваду. У мяне печ гарыць, я бліны пяку, а ён гаворыць: «Ідзі – друг прыйшоў!» Я прыходжу, гавару: мой красаўчык! Той выцягнуў шыю, а я гавару: «Хадзем дахаты!». Ён ідзе, ідзе, такога да нашага гарода па вуліцы, я адчыніла яму калітку, а ён аж подбежкі за мной у двор! А потым ён неяк нават на плечы мне сеў. Я сяджу сабе на вуліцы, размаўляю з хазяінам маім, а ён р-раз і зляцеў мне на плечы.»

Глушэц пабыў 10 дзён на знаёмым двары і адляцеў. Гаспадары спадзяюцца, што з ім усё добра, што ён жывы і што ўзімку ён зноў наведае іх.

Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях, тлумачыць: «З'яўленне глушцоў у населеных пунктах і адсутнасць боязі да чалавека — гэта не рэдкасць. У Беларусі практычна штогод рэгіструюцца такія выпадкі. Але, як правіла, гэта датычыцца самцоў глушца ў перыяд вясновага такавання. У птушкі, мабыць, пад дзеяннем гармонаў прытупляецца страх да чалавека.

А вось апісаны выпадак не тыповы. Тым больш, што на поўдні Беларусі глушэц вельмі рэдкі від. І выдатна, што да птушкі гаспадары паставіліся з любоўю. А глушэц, у сваю чаргу, адчуўшы абарону з боку чалавека, неаднаразова вяртаецца ў тое месца, дзе можа знайсці і корм, і месца для бяспечнага начлегу, ды і «кампанію» сярод далёкіх сваякоў.

На жаль, не рэдкія выпадкі, калі нарыхтоўка лесу і жывіцы праводзіцца на месцах такавання глушцоў або паблізу ад іх. З’яўленне птушак у такіх нетыповых месцах свечыць пра праблемы з мясцовай папуляцыяй. Яна знаходзіцца пад пагрозай знікнення.»

З кожным годам глушцы становяцца ўсё больш рэдкімі птушкамі ў Беларусі. Акрамя высечкі лесу і падсочкі жывіцы на таках, адны з галоўных пагроз для гэтага віду – турбаванне ў гнездавы перыяд, незаконнае паляванне на самцоў на невялікіх такавішчах, павялічаны прэсінг з боку драпежнікаў (у тым ліку інтрадукаванага янотападобнага сабакі) і канкурэнцыя з капытнымі жывёламі за кармы ўвесну.


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: