Хочаш паспяваць у сацыяльным цэнтры? Заплаці!

Пенсіянеры, якія наведваюць гурткі па інтарэсах у сацыяльных цэнтрах, пасля Новага года атрымалі непрыемны сюрпрыз. З 1 студзеня гурткі сталі платнымі.

Так пра пенсіянераў «паклапаціліся» Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў пастанове №83 ад 01.12.2017 года, а таксама Савет Міністраў у адпаведных пастановах ад 20.11.2017 года (№864) і ад 27.12.2017 года (№2018). Бясплатная ільгота засталася толькі для інвалідаў І і ІІ групы.

Раней мы захапляліся гуртком «Рух у радасць» і жанчынамі, якія яго наведваюць. І гэтых слуцкіх пенсіянераў у сярэдзіне студзеня агаломшылі навацыямі. Спачатку прадугледжвалася, што за 45 хвілін заняткаў у спартыўнай залі кожнаму трэба будзе заплаціць 49 капеек. Фактычная ж колькасць хвілін пашырылася да 65, а адзін занятак каштуе 70 капеек. Для тых, хто займаўся 5 разоў на тыдзень, гэта 3,5 рублёў за тыдзень і 15 рублёў за месяц. Гэта даволі вялікія грошы для пенсіянераў.

«Некаторым, можа, падасца, што гэта невялікія грошы, але для пажылых людзей гэта сур’ёзныя выдаткі», — гаворыць пенсіянерка Тамара Блінова.

Яна заключыла дамову з кіраўніцтвам мясцовага сацыяльнага цэнтру аб наведванні занятку па фізкультуры толькі 2 разы на тыдзень.

— Я жыву эканомна, трэба дапамагаць будавацца дачцы, штосьці падараваць унукам, — распавяла Тамара Іванаўна. — Імкнуся траціць на сябе не больш за 150 рублёў у месяц. Зразумела, што прыходзіцца шукаць прадукты па невысокіх коштах і пазбаўляцца лішніх выдаткаў. Я ўжо забыла, калі наведвала тэатр ці канцэрт, яны занадта дарагія для мяне. З радасцю займалася бясплатнай фізкультурай у сацыяльным цэнтры. Туды прыходзіць шмат самотных жанчын, якіх вабілі не толькі фізічныя заняткі, але і магчымасць пабыць у гурце з людзьмі, забыцца пра сваю адзіноту. Шкада, што такая паслуга становіцца платнай.

Яшчэ адна жанчына сталага веку, якая папрасіла не называць яе імя, крытычна адносіцца да платнай фізкультуры ў цэнтры па іншай прычыне. Па яе словах, умовы для заняткаў фізкультурай у спартзалі і не надта добрыя: бываюць дні, калі ўсе жанчыны не могуць змясціцца на падлозе, пакрытай дываном: даводзіцца выконваць практыкаванні на голай сцэне. Да таго ж дыван, які ляжыць на падлозе, не першай свежасці. Паколькі паслуга была бясплатная, на гэта стараліся не зважаць. Да таго ж адсутнічаюць якія-небудзь спартыўныя трэнажоры. Таксама пенсіянеры лічаць, што 65 хвілін заняткаў — занадта сур’ёзная нагрузка для немаладога арганізму.

Але самае дзіўнае, што пад такія платныя паслугі падпадаюць не толькі гурткі фізкультуры. Больш за ўсіх здзіўленыя і абураныя ўвядзеннем аплаты наведвальнікі музычна-спеўнага гуртка, якія рыхтавалі канцэрты да ўсіх святаў.

— Мы выступалі на розных святах у самім сацыяльным цэнтры. На канцэрты заўсёды прыходзіла шмат пенсіянераў. Наведвалі з канцэртам мясцовы інтэрнат для інвалідаў. Мы працуем, прыносім задавальненне людзям бясплатна, а цяпер яшчэ самі павінны ўносіць грошы за тое, каб мець магчымасць падрыхтаваць свята для людзей, — здзіўляецца Валянціна, адна з «харыстак».

У сувязі з увядзеннем платнай паслугі музычна-спеўны гурток спыніў сваю дзейнасць.

Марыя Нямковіч ужо размяняла сёмы дзясятак, але не перастала цікавіцца жыццём. Прыходзіла ў сацыяльны цэнтр, каб крышку падтрымаць сябе ў фізічнай форме і сустрэцца з людзьмі. Па словах пенсіянеркі, ёй ужо цяжка займацца фізічнымі практыкаваннямі, але нейкія рухі яна робіць, хоць і седзячы ў крэсле.

Марыя Фёдараўна крытычна ставіцца да новай пастановы ўрада аб платных паслугах для пенсіянераў.

— Калі б у пенсіянераў былі прыстойныя пенсіі, яны маглі б абыходзіцца і без бясплатных гурткоў сацыяльнага цэнтра. Можна было б бавіць час у фітнэс-цэнтрах, у санаторыях альбо раз’язджаць па свету. А з нашымі грашыма не даедзеш нават да абласнога цэнтра. Дапамагае выжываць пляменніца, якая прывозіць з вёскі садавіну і гародніну, а мне бывае сорамна, што не магу аддзячыць ёй, — скардзіцца і абураецца пенсіянерка.

Марыя Фёдараўна — чалавек самотны. І яна збіраецца заключыць дамову на наведванне гуртка «Рух у радасць» два разы на тыдзень, каб проста «пабыць у людзях».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць