Год папраўчых работ — за абліты фарбаю бюст Леніна

Год папраўчых работ і 15 працэнтаў з заробку за абліты фарбаю бюст Леніна ў мястэчку Малеч Бярозаўскага раёна атрымаў жыхар Малеча Віталь Шылінец.

Дзяржаўны абвінаваўца Якубец запатрабавала пакараць Шылінца па крымінальнаму артыкулу двума гадамі папраўчых работ з адлічэннем 25% з заробку.

Паводле выраку суддзі Бярозаўскага суда Наталлі Вакульчык, Шылінец пакараны годам папраўчых работ з адлічэннем 15% з заробку.

Віны сваёй па крымінальнаму артыкулу абвінавачаны не прызнаў. Ён лічыць, што помнікі злачынцу Леніну не павінны стаяць на беларускіх плошчах.

Шылінец адзначае:

Ленін разагнаў заканаўчы канстытуцыйны орган — Устаноўчы сход. Бальшавікі расстралялі мірную дэманстрацыю, якая была нязгодная з гэтым разгонам, што прывяло да грамадзянскай вайны і да мільёнаў-мільёнаў ахвяраў… Не было такога чалавека, хто б сказаў, што я зрабіў нешта не так. Многія выказвалі салідарнасць са мной.

Па словах намесніка дырэктара па гаспадарчай часці аграфірмы “Малеч” Віталя Дзюка, бюст не стаіць нідзе на балансе, паставілі дзесьці ў 80-м годзе. Да гэтага бюст ніхто не чапаў. Таму мальчукі былі абураны ўчынкам Шылінца.

Але ніякага асуджэння не было, пагаварылі і ўсё, сказаў адзін з жыхароў Малеча:

— Гэта вёска — тут усё абмяркоўваюць. Не тое што помнік Леніну абліць, можна было і дзверы абліць, і таксама абмяркоўвалі б, бо гэта ж вёска.

Паводле Віталя Шылінца, ён намераны абскардзіць прысуд Бярозаўскага суда. Беларускае Радыё Рацыя

www.racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: