«Голас»: Ціханоўская набрала на выбарах мінімум 3 млн. галасоў

Святлана Ціханоўская набрала на леташніх прэзідэнцкіх выбарах «не менш за 3 млн. галасоў», сцвярджаюць эксперты платформы «Голас». Да такой высновы яны прыйшлі, прааналізаваўшы наяўныя даныя пратаколаў выбарчых участкаў і звесткі, дасланыя карыстальнікамі платформы, піша «Зеркало».

Як праводзіўся аналіз вынікаў галасавання на выбарах?

Выбаршчыкі, якія галасавалі на выбарах прэзідэнта ў мінулым годзе, мелі магчымасць адправіць фота свайго бюлетэня на платформу «Голас». Так стваральнікі платформы даведаліся пра выбар больш за мільён выбаршчыкаў. З іх амаль 900 тысяч паказалі свой участак для галасавання.

Абапіраючыся на гэтыя даныя і на існуючыя ў адкрытым доступе пратаколы галасавання на асобных выбарчых участках, «Голас» вылічыў вынікі выбараў. І яны, як аказалася, не супалі з афіцыйнымі звесткамі, агучанымі ЦВК.

У справаздачы платформы пазначана, што яго аўтары прааналізавалі пратаколы галасавання з 1545 выбарчых участкаў (усяго ў Беларусі іх працавала 5767). Частковыя даныя яшчэ па 5696 участках былі атрыманы ад карыстальнікаў платформы, якія паказвалі ў зваротнай сувязі свой выбар і ўчастак, дзе галасавалі.

Пасля гэтага аўтары аналізу супаставілі наяўныя афіцыйныя даныя пратаколаў і атрыманыя звесткі ад карыстальнікаў платформы. Калі колькасць галасоў за Ціханоўскую ў афіцыйным пратаколе была вышэйшай, чым платформа атрымала фота ад выбаршчыкаў гэтага ўчастка, то пратакол галасавання прызнавалі «сумленным». Такімі аўтары аналізу назвалі 322 пратаколы.

Усяго ў гэтых пратаколах за Ціханоўскую было аддадзена 183 тысячы галасоў. 69 тысяч чалавек, якія галасавалі на гэтых участках, паведамілі пра свой выбар платформе, 43 тысячы з іх пацвердзілі гэта фотаздымкам бюлетэня. Атрымліваецца, што на «Голасе» зарэгістраваліся каля траціны прыхільнікаў Ціханоўскай, а фота бюлетэня даслалі 18%. Атрыманыя прапорцыі «сумленных пратаколаў» аўтары аналізу ўжылі да астатніх участкаў.

«Калі 900 тысяч складаюць трэцюю частку ад агульнай колькасці [тых, хто прагаласаваў за Ціханоўскую], то ўсяго за яе прагаласавала не менш за тры мільёны чалавек, або 56% выбаршчыкаў — з улікам рэальнай яўкі», — пазначана ў справаздачы.

Праверка эластычнасці мадэлі (выкарыстанне больш-менш жорсткіх парогаў для адбору «сумленных участкаў») паказала, што колькасць тых, хто прагаласаваў за Святлану Ціханоўскую пры дапушчальных адхіленнях, была вышэйшай, чым тых, хто аддаў голас за Аляксандра Лукашэнку, сцвярджаюць аўтары даследавання.

Чаму праводзяцца такія даследаванні, калі вынікі выбараў вядомыя?

Паводле афіцыйных звестак ЦВК, на выбарах перамог Аляксандр Лукашэнка, набраўшы больш за 80% галасоў. За яго прагаласавалі 4,661 млн. выбаршчыкаў, за Святлану Ціханоўскую — 588 тысяч, супраць усіх — 267 тысяч, за кожнага з астатніх кандыдатаў — менш за 100 тысяч. Усяго на выбарах галасавалі 5,819 млн. чалавек.

ЦВК прызнаў, што выбары адбыліся і былі сумленнымі.

З вынікамі выбараў не пагадзіўся ні адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, за выключэннем Аляксандра Лукашэнкі. Усе кандыдаты, акрамя Лукашэнкі, падавалі скаргі ў ЦВК з патрабаваннем прызнаць вынікі галасавання несапраўднымі. Цэнтральная камісія па выбарах адхіліла скаргі. А Вярхоўны суд, куды потым звярталася Ціханоўская, адмовіў ва ўзбуджэнні справы аб неабгрунтаваным адхіленні скаргі кіраўніцтвам ЦВК, паказаўшы, што «падобныя патрабаванні не адносяцца да кампетэнцыі суда».

Незалежных назіральнікаў амаль нідзе не дапускалі на выбарчыя ўчасткі. Яны сачылі за ходам галасавання праз адчыненыя вокны і дзверы. Частка з іх паведамляла ў СМІ аб выяўленых парушэннях падчас галасавання. Сябры некалькіх участковых выбарчых камісій зафіксавалі на фота і відэа, як старшыні камісій меркавана падмяняюць звесткі ў выніковых пратаколах.

На многіх выбарчых участках краіны не былі вывешаныя выніковыя пратаколы галасавання, а ўчастковыя выбарчыя камісіі пакідалі ўчасткі ў суправаджэнні супрацоўнікаў сілавых органаў. Усё гэта выклікала хвалю абурэння людзей.

Беларусы, нязгодныя з вынікамі выбараў, цягам многіх месяцаў выказвалі сваю пазіцыю на мірных акцыях пратэсту. Мітынгі і маршы збіралі да некалькіх соцень тысяч чалавек у сталіцы і сотні ці тысячы ў іншых гарадах краіны. У адказ на гэта ўлады і органы ўнутраных спраў цягам 11 месяцаў робяць рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Што яшчэ кажуць аўтары даследавання?

У справаздачы «Голаса» гаворыцца, што вынік паловы наяўных у адкрытым доступе пратаколаў па Мінску і Мінскай вобласці (127 і 125 тысяч галасоў за Ціханоўскую) перавышаюць афіцыйныя даныя, якія называў ЦВК (126,9 і 115,3 тысяч галасоў адпаведна).

На кожным другім участку, па якіх у аўтараў даследавання былі афіцыйныя даныя, галасоў за Ціханоўскую ў выніковым пратаколе было пазначана менш, чым «Голас» атрымаў звестак ад карыстальнікаў, якія прагаласавалі за яе на гэтым жа ўчастку.

«Мяркуючы па апублікаваных пратаколах, вынікі ў пакінутых пратаколах для атрымання ў суме афіцыйных вынікаў, якія агучыў ЦВК, немагчымыя статыстычна», — гаворыцца ў даследаванні.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: