Гомель. Хімічная атака

У Гомелі расце напружанасць вакол прадпрыемства, якое выпускае вінілавыя шпалеры. Паводле сцвярджэнняў жыхароў, з нядаўняга часу шкодныя выкіды сталі накрываць іх дамы задушлівымі аблокамі.

Цэх шпалернай фабрыкі. Фота naviny.by

 

Бясшкодны пах і выгадны бізнес

З вясны гэтага года жыхары Навабеліцкага раёна сталі заўважаць з’едлівы пах і густы дым, што перыядычна накрывае кварталы дамоў у раёне філіяла «Гомельшпалеры» ААТ «ЦБК-Кансалт». Першыя паведамленні пра гэта сталі з’яўляцца ў сацсетках. Па словах гамяльчан, смурод ад гэтых выкідаў такі невыносны, што ў кватэрах даводзіцца зачыняць вокны. У рабочых фабрыкі шкодныя выкіды нават выклікалі ваніты, многія з іх пачалі звяртацца ў медычныя ўстановы з экзэмамі і іншымі праблемамі са здароўем. Відэаблогеры зафіксавалі, як шчыльны шлейф дыму перасякае раку Сож і асядае ўжо ў цэнтральнай частцы абласнога цэнтру. З працай шпалернай фабрыкі сталі звязваць і бура-карычневы налёт, які ўтварыўся на вадаёмах у гэтым раёне.

Прадпрыемства «Гомельшпалеры» працуе даўно, але раней падобных праблем тут не заўважалася. Упершыню да вытворчасці вінілавых шпалер тут прыступілі ў 2002 годзе. Работнікі прадпрыемства, якія па зразумелых прычынах пажадалі застацца невядомымі, кажуць — у студзені 2018 года на прадпрыемстве была праведзена мадэрнізацыя ліній па вытворчасці вінілавых шпалер. Пры гэтым па нейкай прычыне перасталі працаваць ачышчальныя збудаванні. Устрывожаныя жыхары пачалі звяртацца ў розныя інстанцыі.

Фота yandex.by

Першая рэакцыя кіраўніцтва прадпрыемства была наступная — усё ў межах нормы. Намеснік дырэктара прадпрыемства Віктар Кушнер у інтэрв’ю TUT.BY паведаміў — сапраўды, у пачатку года зазнаў змены праект па выпуску вінілавых шпалер. Але ён прайшоў усе неабходныя ўзгадненні. Экалагічны маніторынг фабрыка, па словах намесніка дырэктара, ажыццяўляе таксама рэгулярна. Наяўнасць «непрыемнага» паху прадстаўнік адміністрацыі не адмаўляў, але быў перакананы, што ён з’яўляецца «абсалютна бясшкодным». Каб мінімізаваць пах, трубу паднялі на 10 метраў і рыхтуюць спецыяльныя ўлоўнікі.

Цікава таксама, што ўсю віну за цяперашнія праблемы намеснік дырэктара па ідэалогіі Віктар Кушнер ускладае… на СССР, у часы якога прадпрыемства будавалася ў мяжы горада (адзначу, што цяперашняя шпалерная фабрыка была заснаваная як прыватны каніфольны завод у гады НЭПа).

Зразумела, жыхарам, якія працягваюць напоўніцу дыхаць водарам палімернай вытворчасці, ад усяго гэтага не лягчэй. Спробы звяртацца ў Гомельскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя поспеху таксама не мелі — інтэнсіўныя выкіды прадпрыемства робіць у вячэрні і начны часы, калі на «гарачай лініі» санстанцыі ўжо нікога няма.

У пачатку чэрвеня актывісты арганізавалі збор подпісаў і выправіліся на прыём да Міхаіла Голубева, кіраўніка Гомельскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і дэпутата Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў. Як паведаміў Аляксандр Міхайлавіч, праца шпалернага прадпрыемства была спыненая, і ў хуткім часе, абяцаў ён, праблема будзе вырашана.

Ці могуць жыхары немаленькага раёну Гомеля — Навабеліцы — дыхаць вольна?

 

Забруджванне Сожа ў раёне гомельскай шпалернай фабрыкі. Фота ok.ru

Баявы вініл

Успененыя вінілавыя шпалеры даўно папулярныя на рынку. Шпалеры падобнага тыпу вядомыя ў прастамоўі як тыя, што мыюцца, а яшчэ іх можна нават перафарбоўваць. Але самае галоўнае — асаблівасці тэхналогіі дазваляюць наносіць на іх «высокі» рэльефны малюнак. Відавочна, попыт на рынку стымулюе павелічэнне выпуску такой прадукцыі. Пры гэтым тыповая вытворчасць успененых вінілавых шпалер ажыццяўляецца з выкарыстаннем шэрагу хімічных рэагентаў: на папяровую альбо флізелінавую аснову наносіцца пенафарба з полівінілхларыду (ПВХ). Для яе пластыфікацыі ўжываюць рэчывы тыпу дыаксілфталат, дыізаактылфталат або дыбутылфталат, для ўспеньвання — азодыкарбонамід.

Працэс вырабу вінілавых шпалер суправаджаецца тэрмічнай апрацоўкай. У выніку вытворчасці ў атмасферу выкідваюцца злучэнні хлору і іншыя шкодныя рэчывы. Хлор — першае баявое атрутнае рэчыва, якое было выкарыстана для масавай паразы войскаў у гады Першай сусветнай вайны.

Пра актуальнасць ахоўных тэхналогій пры вытворчасці вінілавых шпалер кажа і наступны факт. Па дадзеных Расійскага таварыства абароны правоў спажыўцоў, 70 працэнтаў смерцяў на пажарах выклікана атручваннем таксічнымі прадуктамі гарэння, як правіла — шпалерамі і іншымі таннымі аздобнымі матэрыяламі на аснове ПВХ. Пры высокіх тэмпературах вінілавыя шпалеры вылучаюць хлоравадарод, фактычна — канцэнтраваную саляную кіслату, што імгненна і незваротна труціць лёгкія чалавека. Пры гарэнні шпалер з палімерным пакрыццём утвараюцца таксама цыяністыя злучэнні. Большасць ахвяр нядаўняга пажару ў ГЦ «Зімовая вішня» ў Кемерава загінула ад атручвання прадуктамі гарэння палімерных матэрыялаў.

У большасці грамадскіх устаноў Еўропы выкарыстанне вінілавых шпалер забароненае. У ЕС і ў тым жа Расійскім таварыстве абароны правоў спажыўцоў рэкамендуюць больш бяспечныя шклотканінавыя шпалеры.

Забруджванне Сожа ў раёне гомельскай шпалернай фабрыкі. Фота ok.ru


Не выпадкова для нейтралізацыі злучэнняў хлору і іншых шкодных рэчываў пры вытворчасці вінілавых шпалер прадугледжаны ачышчальныя збудаванні ў выглядзе печаў дапальвання вентыляцыйных выкідаў. Гамяльчанін Уладзімір распавёў НЧ, што ў 2003 годзе рабіў замеры выкідаў на «Гомельшпалерах». Тады ачышчальныя збудаванні працавалі спраўна. Аднак, як паведамляе незалежны гомельскі рэсурс «Сильные новости», новая лінія вінілавых шпалераў, закупленая ў 2014 годзе, і печы дапальвання былі ад розных вытворцаў. Таму ачышчальная прылада проста не спраўлялася з працай, а адзін раз нават загарэлася. У выніку ад выкарыстання печы дапальвання вырашана было адмовіцца наогул. А новую печ вырашылі не купляць.

Бачна, меркаванні «аптымізацыі» прыбытку адыгрываюць у гэтай гісторыі вырашальную ролю. У многіх каментарах выказваюцца меркаванні, што, каб «Гомельшпалеры» былі прыватным прадпрыемствам, правяраючыя інстанцыі даўно б знайшлі там разнастайныя парушэнні і «зраўнялі яе з зямлёй».

Але, на самай справе, «ЦБК-Кансалт» — адкрытае акцыянернае таварыства, і нават без пераважнага права дзяржавы на набыццё акцыяў.

 

Злучэнне хлору і аптымізму

Актывістка кампаніі супраць шкодных выкідаў Анастасія распавяла «Новаму Часу»:

— Работнікі прадпрыемства паведамілі, што печ дапальвання выкідаў ужо была ва ўжыванні — яе паставілі на «Гомельшпалеры» з іншага прадпрыемства. Таму яна часцяком ламалася. А пасля таго, як яе адключылі, наша жыццё наогул ператварылася ў кашмар. У раёне, прылеглым да шпалернай фабрыкі, знаходзяцца дзіцячая паліклініка, тры школы, дзіцячыя садкі. У школах зараз праводзяцца летнія лагеры, настаўнікі водзяць дзяцей на прагулкі.

Актывістка расказала, што адміністрацыя фабрыкі занялася пошукам свайго работніка, які зняў відэа з густымі клубамі выкідаў. Яго ўдалося выявіць па ракурсе здымкаў, і цяпер чалавеку, па словах Анастасіі, пагражае звальненне. Дакладней — непадаўжэнне кантракту ў рамках палітыкі «абнаўлення кадраў». Актывісты працягваюць збор подпісаў у Гомельскі аблвыканкам і пракуратуру. Падчас гэтага збору высвятляюцца новыя цікавыя падрабязнасці. Многія жыхары індывідуальна звярталіся ў адміністрацыю Навабеліцкага раёна, але амаль кожнага з іх там запэўнівалі — ён першы, хто звярнуўся з такой скаргай. Маўляў, ніхто больш ніякай задушлівай смуроду не чуе, дый густога дыму — не бачыць. Пры гэтым на вуліцы Берагавая, у прыватным сектары, нядаўна назіралася масавая гібель сабак.

«Гомельшпалеры» зноў працуюць з 1 ліпеня 2018 года. Фота ok.ru

Жыхары таксама занепакоеныя пытаннем, ці можна ім зараз есці гародніну і садавіну са сваіх прыватных участкаў? Даследаваннем сельгаспрадукцыі на прадмет бяспекі займаецца санстанцыя, але гэтая паслуга — платная. У бліжэйшы час людзі маюць намер паўторна сустрэцца з дэпутатам Гомельскага гарадскога Савета Аляксандрам Голубевым.

А вось дырэктар філіяла «Гомельшпалеры» Дзяніс Марчанка ў сваім нядаўнім інтэрв’ю газеце «Гомельская праўда» паведаміў, што створана спецыяльная камісія, і ўсе праведзеныя праверкі зноў паказалі — з выкідамі на прадпрыемстве ўсё добра.

Дырэктар толькі наракае на страты, панесеныя ў выніку прыпынення вытворчасці. І прызнае выключна наяўнасць непрыемнага паху, які зноў абяцаюць ліквідаваць. Пры гэтым артыкул у афіцыёзе так і дыхае аптымізмам: «Усё дзеля здароўя людзей».

 ***

У нядзелю, 1 ліпеня, шпалерная фабрыка зноў пачала працаваць у ранейшым рэжыме. Над прылеглымі да яе жылымі кварталамі зноў з’явіўся задушлівы дым. Пасля звароту актывістаў да кіраўніцтва Гомельскай гарадской і раённай прыродаахоўнай інспекцыі выкіды з трубы спыніліся».

 

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: