Гомельскі гарвыканкам: ходнікі не чысцяць ад снегу, бо сам растане

Гомельскі гарвыканкам адрэагаваў на скаргі мясцовых жыхароў пра гурбы снегу на ходніках, якія ніхто не прыбірае. Улады назвалі дзве прычыны: па-першае, няма грошай на такія работы; а па-другое, снег і сам некалі растане. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода

Пытанні пра добраўпарадкаванне гораду жыхары Гомля задаюць у «тэлефоннай прыёмнай», звяртаючыся па нумары 142.

«Калі будзе вывезены снег з ходнікаў Гомля?» — запыталіся гараджане.

«У сувязі з абмежаванасцю фінансавых сродкаў у гарадскім бюджэце на ўтрыманне аб’ектаў вонкавага добраўпарадкавання, адміністрацыі раёнаў Гомля ў цяперашні час вываз снегу з ходнікаў не ажыццяўляюць», — адказаў гарвыканкам.

На наступнае паведамленне з аналягічным пытаннем гарадскія ўлады дадалі, што «Раставанне снегу носіць сезонны характар, сцяканне талых водаў адбываецца ўздоўж часткі дарогі з наступным скідам у сетку ліўневай каналізацыі».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!