Гомельскія ўлады не будуць адзначаць 100 гадоў БНР

Гомельскі аблвыканкам і яго галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і ў справах моладзі не бачаць патрэбы ў стварэнні аргкамітэту для святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе Радыё Свабода.
Архіўны здымак. Дзень Волі ў Гомлі — актывісты на месцы, дзе стаяў бацькоўскі дом Палуты Бадуновай

Архіўны здымак. Дзень Волі ў Гомлі — актывісты на месцы, дзе стаяў бацькоўскі дом Палуты Бадуновай

«Дата стварэння БНР не з’яўляецца дзяржаўным святам, якія вызначаны паводле Ўказу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 году № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь», і не прадугледжвае маштабных мерапрыемстваў», — напісала ў адказе на ліст пісьменніка Анатоля Бароўскага першая намесніца начальніка ўпраўлення ідэалогіі Інга Заўгародняя.

Анатоль Бароўскі разам з іншымі грамадскімі актывістамі і навукоўцамі дасылаў у Гомельскі аблвыканкам прапановы наконт святкавання ў рэгіёне 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Што прапаноўвала грамадскасць

Грамадзянская супольнасць Гомля выказалася за арганізацыю «круглых сталоў», цыклаў лекцый у вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, публічных сустрэч прадстаўнікоў улады і навукоўцаў на базе архіўных установаў ды бібліятэк, падчас якіх ладзіліся б расповеды пра абвяшчэнне БНР як важны крок у справе ўтварэння самастойнай беларускай дзяржавы.

Актывісты таксама прапанавалі Гомельскаму гарвыканкаму надаць адной з вуліц у горадзе імя Палуты Бадуновай — народнага сакратара апекі БНР, ураджэнкі Навабеліцы, альбо усталяваць у яе гонар памятную мэмарыяльную дошку.

Ідэалагічнае ўпраўленне лічыць, што перайменаванне вуліцы ў гонар дзяячкі БНР адносіцца да кампэтэнцыі тапанімічнай камісіі пры гарвыканкаме. Пра мемарыяльную дошку ў адказе ані слова. У адказе нагадваецца таксама, што вучэбнай праграмай па прадмеце «Гісторыя Беларусі» ў Х класе прадугледжана вывучэнне тэмы: «Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі».

«Улады цмяна ўяўляюць беларускую будучыню»

Анатоль Бароўскі выказвае неўразуменне з нагоды стаўлення ідэолагаў да 100-гадовага юбілею абвяшчэння БНР.

«Гэта не суадносіцца са здаровым сэнсам, беларускай нацыянальнай ідэяй. Бо незразумела, адкуль Беларусь узялася, дзе вытокі нашай дзяржаўнасці», — кажа гомельскі пісьменнік.

Яшчэ адзін падпісант звароту да ўладных структураў наконт сумеснага святкавання 100-годдзя БНР Уладзімер Кацора бачыць у вышэйзгаданым адказе палітычны кантэкст.

«Там, дзе размова ідзе пра мінулае, гэта насамрэч размова пра дзень сённяшні й будучы. Такі адказ уладаў — гэта прызнанне таго, што яны даволі цьмяна ўяўляюць беларускую будучыню», — заяўляе Кацора.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: