Гомель: арыштаванага на 10 сутак Кастуся Жукоўскага звазілі з ІЧУ на суд і пакаралі яшчэ штрафам

У гомельскім ІЧУ працягвае галадоўку грамадскі актывіст Кастусь Жукоўскі, якога суд пакараў арыштам на 10 сутак нібыта за дробнае хуліганства — брудную лаянку.



Актывіст быў затрыманы 20 лютага. Ён панёс скаргу ў аблвыканкам, на вахце ўзнік канфлікт з міліцыянерам, у выніку актывіста абвінавацілі ў дробным хуліганстве і пакаралі арыштам. Кастусь Жукоўскі абвясціў сухую галадоўку, якую трымаў пяць дзён. 25 лютага ён пачаў піць ваду, таму што ўзнікла небяспека жыццю і здароўю, але галадоўку ён працягвае.

У ІЧУ Кастуся Жукоўскага наведаў адвакат. Аказалася, што актывіста 25 лютага з ІЧУ звазілі на суд і яшчэ пакаралі штрафам у памеры 10 базавых велічынь нібыта за ілжывы данос.

Раней актывіст тлумачыў, што 7 лютага яму патэлефанаваў знаёмы і паведаміў, што каля грамадска-палітычнага цэнтру, што на вуліцы Палескай у Гомелі, стаяць удзельнікі мотапрабегу з Беларусі і Расіі, і што яны ломяцца ў двор, каб сарваць бел-чырвона-белы сцяг, які вісіць над будынкам. Кастусь Жукоўскі адразу выклікаў міліцыю і пабег у грамадска-палітычны цэнтр. У той час ў будынку на вуліцы Палескай нікога не было, бо быў выходны. Калі актывіст прыйшоў на месца здарэння, то байкераў там ужо не было, толькі прыехала міліцыя. У выніку Кастуся Жукоўскага абвінавацілі ў ілжывым даносе.

Нагадаем, удзельнікі клубаў «Начныя ваўкі» і «Рускія матацыклісты» ладзілі прабег «Белая Русь» па маршруце Масква — Смаленск — Наваполацк — Мінск — Бабруйск — Гомель — Бранск. Мотапрабег праходзіў з 4 па 8 лютага.

«Шлях паломнікаў пройдзе па святых гістарычных мясцінах руска-беларускай зямлі. Мерапрыемства здзяйсняецца ў славу прападобных святых воінаў-мніхаў, якія ўчынілі подзвіг у імя зямлі рускай, і ставіць сваёй мэтай захаванне і развіццё гістарычнай і культурнай спадчыны Русі, яе духоўных традыцый і каштоўнасцяў», — паведамлялі арганізатары. Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы Дэпартамента турызму Міністэрства культуры РФ, Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства і Нацыянальнага дабрачыннага фонду.

gomelspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: