Гомель. Невядомыя вандалы апаганілі сінагогу

Сябры яўрэйскай грамады “Бейт Яакаў” звярнуліся з гэтай нагоды ў міліцыю. Прадстаўнік грамады Тамара Фейгіна распавяла пра акалічнасці здарэння.



Калі я прыйшла зранку на працу, то ўбачыла, што на нашай новай брамцы намаляваная свастыка і напісана “халакост”.  Мы прынялі меры: выклікалі міліцыю. У нас ёсць камера відэаназірання. Таксама напісалі заяву. Будзем чакаць расследавання. Як мне сказалі, яно будзе доўжыцца цягам дзесяці дзён. Паглядзім, што дасць відэаназіранне, — кажа Тамара Фейгіна.

Рэлігіязнаўца і дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Адзіночанка лічыць, што сінагогу апаганілі з хуліганскіх памкненняў.

Віктар Адзіночанка:

Гэта чыстае хуліганства. Хутчэй за ўсё, нейкім маладым людзям проста няма чым займацца. З такіх жа хуліганскіх памкненняў, да прыкладу, білі вокны ў каталіцкім касцёле. Што тычыцца дыскрымінацыі яўрэяў, то на побытавым ўзроўні яе няма. То бок здарэнне з апаганьваннем малітоўнага дому ў Гомелі — гэта хутчэй асобныя выпадкі.

Тамара Фейгіна ўзгадвае, што апошнія выпадкі вандалізму фіксаваліся дзесьці год таму. Пасля чаго ўсё было спакойна. “І гэта нягледзячы на тое, што мы не саромеемся сваёй сімволікі, — заўважае Тамара Фейгіна. — Напрыклад, калі цямнее, на даху гарыць зорка Давіда”.

Віктар Адзіночанка падкрэслівае, што з боку дзяржавы таксама адсутнічае дыскрымінацыя яўрэйскай меншасці. “Больш таго, дзяржава імкнецца, каб ніякіх канфліктаў не было. У Гомелі вельмі пільна адсочваецца, каб не было дыскрымінацыі яўрэяў”, — распавёў выкладчык рэлігіязнаўства.

Паводле перапісу 2009 году, у Гомелі пражывае каля 2 тысячаў яўрэяў. У параўнанні з 1999 годам, колькасць яўрэяў у горадзе зменшылася ўдвая.

 

Мікола Бянько, www.racyja.com

Фота: Мікола Бянько

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: