Фотафакт: вялізны партрэт рэпрэсаванага архітэктара ў Гомелі

Гомельскія графіцісты намалявалі партрэт рэпрэсаванага архітэктара на муры дома ў цэнтры горада.

Незвычайную карціну могуць заўважыць гамельчукі, праходзячы па вуліцы Кірава. Тут, проста на фасадзе дома нумар 44 малююць велізарны партрэт чалавека, якога большасць гамельчукоў, напэўна, і не ведае. Графіст на аўтакране выводзіць аэразольнымі фарбамі твар таленавітага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, аўтара большасці захаваных у Гомелі старадаўніх будынкаў. Праўда, помніка архітэктару ў горадзе да гэтага часу няма, але цяпер будзе хоць бы такі арыгінальны мэмарыял, каб болей гамельчукоў даведаліся, каму яны абавязаныя навакольным хараством.
 
 
 
 
Будаваць будынкі паводле праектаў Шабунеўскага ў Гомелі пачалі з канца 19-га стагоддзя, а ўжо ў 1937 архітэктара рэпрэсавалі, ён загінуў у высылцы. І ягоным апошнім  няскончаным  творам стаў менавіта дом нумар 44 на вуліцы Кірава.
 
 
«Таму партрэт выяўляе палову твару, як сімвал тых спраў, якія архітэктар не паспеў скончыць» распавядае графіст Канстанцін Окунеў, дарэчы, тэхнік-архітэктар па  адукацыі.
 
 
Характэрна, што замовілі графіці мясцовыя ўлады  адміністрацыя Чыгуначнага раёна Гомеля. Аўтарам ідэі стаў Сяргей Ляпін, а эскіз намаляваў Дзмітрый Ніканораў.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!