«Хопіць піць — трэба жыць!»

У Гомелі прайшоў футбольны турнір «Хопіць піць — трэба жыць 2019».

 «Хопіць піць — трэба жыць» ладзіцца ў Гомелі з 2012 года па ініцыятыве і пры падтрымцы гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага. За гэты час праз турнір прайшлі сотні ўдзельнікаў рознага ўзросту і ўзроўню гульні. «Хопіць піць — трэба жыць» стала адной з самых вядомых спартовых падзей сярод аматараў футболу, што адбываюцца ў горадзе над Сожам.

 

У гэтым годзе ў турніры ўдзельнічалі 12 каманд. Пераможцам стала каманда «Фаст», у складзе якой былі і дзеючыя прафесійныя гульцы.

Важнай асаблівасцю «Хопіць піць — трэба жыць» з’яўляецца самаарганізацыя. Фактычна, арганізатары спаборніцтваў прапануюць удзельнікам выбраць зручны для іх фармат гульні ды забяспечваюць прызамі. У турніры могуць удзельнічаць усе жадаючыя каманды, і ад іх не патрабуецца сур’ёзных грашовых выдаткаў. Для многіх удзельнікаў «Хопіць піць — трэба жыць» стала добрай нагодай, каб сабрацца сяброўскай камандай і праверыць свой узровень гульні.


Турнір прапануе альтэрнатыву ўжыванню алкаголю — праблеме вельмі актуальнай для Беларусі. Уся інфармацыя пра спартовыя падзеі падаецца для ўдзельнікаў на беларускай мове. Прызы таксама аформлены з нацыянальным каларытам. Некаторыя каманды пасля ўдзелу ў турніры зрабілі сабе форму з надпісамі на беларускай мове.

 


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!