Грамадскаму актывісту, які даглядае дзіця з інваліднасцю, пагражаюць сацыяльныя службы

Актывіста Валера Рабцава, сябра Партыі БНФ, удзельніка Курапацкай варты, асуджанага за ўдзел у акцыях за незалежнасць, збіраецца наведаць камісія, каб праверыць, ці належным чынам ён даглядае сваё дзіця з інваліднасцю.
Валер Рабцаў

Валер Рабцаў

Раней Валера Рабцава судзілі за ўдзел у акцыях, што адбыліся 7, 8 і 21 снежня 2019 года. У выніку ён атрымаў штраф агулам у 80 базавых велічынь (2160 рублёў).

Пасля вынясення рашэння суддзя суда Заводскага раёна Мінска Алена Капцэвіч звярнулася ў сацыяльныя службы, а таксама ў калектыў школы з запытам, ці належным чынам Валер Рабцаў даглядае сваё дзіця з інваліднасцю.

Сам актывіст атрымлівае дапамогу па дагляду за дзіцём з інваліднасцю з 2014 года.

«Калі сын атрымаў інваліднасць, мне прыйшлося звольніцца з працы і пайсці на гэта аднакапеешнае пасобіе», — распавёў актывіст.

Актывіста ўжо наведалі сацыяльныя службы. Прычына іх візіта – пытанні наконт дапамогі, якую атрымлівае Рабцаў:

«Яны прыйшлі да мяне каля месяца назад і пачалі мне казаць, кшталту што не будуць мне больш афармляць пасобіе, бо павінна быць заяўніком маці дзіцяці. Але я ім распавёў, што згодна з заканадаўствам, заяўніком можа быць любы законны прадстаўнік. Тады неяк сацыяльныя службы ад мяне адчапіліся».

Але 12 сакавіка Валеру Рабцаву патэлефанавала класная кіраўніца яго дзіцяці і папярэдзіла, што да яго «заўтра прыйдзе нейкая камісія»:

«Калі я пачаў распытваць кіраўніцу, то яна зачытала пастанову суддзі пра тое, што я 7, 8 і 21-га снежня з такога-та па такі-та час знаходзіўся там-та і там-та (то бок у гэты час я знаходзіўся на мітынгах за незалежнасць). Логіка такая: калі чалавек быў на акцыях, то – не даглядаў сваё дзіцё ў гэты час.

Яшчэ класная кіраўніца паведаміла, што яны павінны адпісаць у паліклініку, МНС і Інспекцыю па справах непаўнагадовых. Магчыма, усе гэтыя службы і заявяцца да мяне заўтра».

Ніякіх дакументаў і пастановаў аб наведванні камісіі актывіст пакуль не атрымаў. Ён збіраецца патрабаваць іх у камісіі, калі тая да яго прыйдзе.

Сітуацыю пракаментаваў юрыст ПЦ «Вясна» Алег Пашкевіч:

«Атрымліваецца, што сам удзел у мірных сходах і выказванне свайго меркавання з пункту гледжання суда з’яўляецца падставай для таго, каб ставіць пытанне, ці належным чынам чалавек даглядае дзяцей і ці ўсё добра ў яго ў іншых сферах (у яго асабістым жыцці). Па-першае, гэта дзіўна, а па-другое, гэта яшчэ адзін з метадаў ціску на грамадскіх актывістаў. Бо тое, што чалавек на гадзіну-дзе выйшаў на плошчу і штосьці там рабіў (што не стварыла ніякіх пагрозаў для грамадства і іншых грамадзян), не можа быць падставай для таго, каб да яго накіроўваць нейкія камісіі, глядзець, як ён даглядае сваё дзіця. Гэта свядомы ціск на актывістаў».

spring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: