Грамадскасць адстаяла Асмалоўку. Перамога!

На паседжанні архітэктурна-горадабудаўнічай рады, якое прайшло ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгаравыканкаму, не прынялі дэталёвы план, які прадугледжваў знос Асмалоўкі. Яго адправяць на дапрацоўку.

«Мы можам сказаць, што ўсе высілкі грамадства — 9 тысяч подпісаў, вялікая падтрымка СМІ — прывяла да таго, што гэты дэталёвы план, які прадугледжвае знос Асмалоўкі, ня быў прыняты, — паведаміў Свабодзе Дзяніс Кобрусеў, каардынатар кампаніі "Генплан для мінчан“. — Гэта перамога. Бо была вялікая верагоднасць, што прымуць ПДП і дамы пойдуць пад знос».

Сёньня было паседжанне архітэктурнай горадабудаўнічай рады, якая мусіла падводзіць вынікі грамадскага абмеркавання дэталёвага плану зносу Асмалоўкі. На нараду былі дапушчаныя прадстаўнікі грамадскасці. Падрабязнасць распавядае Дзяніс Кобрусеў:

«Калі коратка, было выступленне распрацоўніка праекту Бандарчыка, задавалі яму пытанні. Пасля выступалі сябры рады. Яны выказвалі розныя думкі. Былі меркаванні, што гэты раён мае каштоўнасць і яго ня трэба зносіць. Была думка, што на сёння не хапае дадзеных пра стан будынкаў, на падставе чаго нельга прымаць рашэнне. Таксама было сказана, што зямля тут вельмі каштоўная, а дамы ня маюць каштоўнасці. Але пры гэтым дэталёвы план не дае адказу, як гэтую каштоўную зямлю можна выкарыстаць.

Прадстаўнікі грамадскасці па пунктах пералічылі, на наш погляд, парушэнні і заўвагі. Гэта 40 старонак, якія мы накіроўвалі ў межах грамадскага абмеркавання.

Прадстаўнікі адміністрацыі Цэнтральнага раёну выступілі з ініцыятывай гэты дэталёвы план адхіліць. А паводле Паўла Лучыновіча, галоўнага архітэктара Мінску, хутчэй за ўсё будзе вынесенае рашэнне аб адпраўцы дэталёвага плану на дапрацоўку.

Гэта значыць, што ПДП ня будзе зацверджаны, на дапрацоўцы ён можа знаходзіцца шмат часу, і ў грамадскасці будзе магчымасць камунікаваць з уладамі, прапаноўваць свае варыянты.

Мы можам сказаць, што ўсе высілкі грамадства — 9 тысяч подпісаў, вялікая падтрымка СМІ — прывялі да таго, што гэты дэталёвы план, які прадугледжвае знос Асмалоўкі, ня быў прыняты. Гэта перамога грамадскасці. Бо была вялікая верагоднасць, што прымуць ПДП і дамы пойдуць пад знос.

Мы можам сказаць, што пытанне захавання і развіцця Асмалоўкі толькі пачынаецца. Наперадзе вельмі вялікая праца.

У межах грамадскага абмеркавання, якое было, мы атрымалі перамогу. Дэталёвы план не прыняты, і гэта важна. Мы спадзяваліся на гэты варыянт. Мы задаволеныя вынікам».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: