Грамадскія актывісты заснавалі Савет даследчыкаў камуністычнага тэрору

Прадстаўнікі сталічных і рэгіянальных ініцыятываў па мемарыялізацыі месцаў масавага пахавання ахвяр сталінізму на сустрэчы 13 кастрычніка ў Мінску аб'ядналіся ў калектыўную ініцыятыву з працоўнай назвай «Савет даследчыкаў камуністычнага тэрору».
Урочышча Курапаты

Урочышча Курапаты

У сустрэчы прынялі ўдзел каардынатар грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» Ігар Станкевіч, лідар грамадскай ініцыятывы« Хайсы» у Віцебску Ян Дзяржаўцаў, даследчыкі пахаванняў і актывісты мясцовых ініцыятыў па мемарыялізацыі Алег Аксёнаў (Магілёў), Анатоль Аскерка (Барысаў), Мікалай Падгайскі (Баранавічы), кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі, актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» культуролаг Вацлаў Арэшка, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, мастакі Алесь Марачкін і Генадзь Драздоў, шэраг абаронцаў Курапатаў. Сустрэчу мадэраваў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

На працягу двух гадзін прадстаўнікі ініцыятыў распавядалі адзін аднаму пра тую працу, якую яны праводзяць па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а таксама абмяркоўвалі, якім чынам яны могуць аб'яднаць свае намаганні і выпрацаваць адзіныя падыходы ў мемарыялізацыі месцаў масавых пахаванняў.

«Як бы мы хацелі ці не хацелі гэтага прызнаваць, пакуль не будзе палітычнай волі, не будуць рэальна адкрыты архівы органаў. Рэальна мы не даведаемся, хто быў не толькі рэабілітаваны, але рэпрэсаваны наогул. Гэта адзін з напрамкаў, па якім нам трэба сумесна працаваць», — падкрэсліў Вацлаў Арэшка.

Паводле яго слоў, большасць вядомых імёнаў тых, хто трапіў у лік ахвяр сталінскага рэжыму, — гэта «імёны рэабілітаваных, а такіх, на жаль, да гэтага часу значна менш, чым было рэпрэсавана ў цэлым».

«Асноўная крыніца, з якой мы даведаемся пра тое, хто і дзе быў арыштаваны, рэпрэсаваны, расстраляны, — гэта база звестак аб рэабілітаваных, — канстатаваў ён. — Такая база пачала складацца ў Беларусі ў 1990-я гады. Яна была складзеная каля 10 гадоў архіўных кіраваннем — была ў той час адліга, але потым улады прыкрылі гэтую справу».

«На дадзены момант, наколькі нам вядома, гэтая база, якая спачатку была ў выглядзе картак, а пасля была камп'ютэрызавана, налічвае каля 150 тысяч прозвішчаў. У параўнанні з агульнай колькасцю рэпрэсаваных у Беларусі гэта нават не меншая частка, а мізэрная. У свой час нашай арганізацыі ўдалося атрымаць значную частку гэтых дадзеных, сёння нам даступна каля 80 тысяч прозвішчаў. Гэта і ёсць тыя прозвішчы, якія сёння гуляюць па інтэрнэце, па розных спісах і дадзеных», — дадаў ён.

Акрамя як зрахавацца з даступнай часткай базы рэабілітаваных, як сказаў актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», ёсць яшчэ некалькі шляхоў, з дапамогай якіх можна даведацца пра лёс рэпрэсаваных. «Самы складаны» з іх, па яго словах, ляжыць праз архівы Камітэта дзяржбяспекі, але запыты могуць рабіць толькі сваякі рэпрэсаваных.

«Ёсць магчымасць шукаць звесткі ў іншых краінах, — адзначыў культуролаг. — Архівы больш-менш адкрытыя, прычым не толькі ў тых краінах, якія вырваліся на волю. У свой час больш, чым у нас, магчымасцяў было ў Расіі. Цяпер з'явіліся магчымасці шукаць ва Украіне. Акрамя гэтага застаецца магчымасць апытваць людзей, што таксама можа нешта даць, і шукаць археалагічныя звесткі».

Акрамя пошуку імёнаў рэпрэсаваных, па словах Арэшкі, прадстаўнікам ініцыятыў трэба выпрацаваць агульную канцэпцыю мемарыялізацыі і абароны месцаў пахаванняў ахвяр сталінскага рэжыму.

Ініцыятары стварэння Савета даследчыкаў камуністычнага тэрору дамовіліся ў наступны раз сабрацца ў другой палове студзеня 2020 года Мінску ў больш шырокім складзе, а пасля праводзіць падобныя сустрэчы раз у некалькі месяцаў.

На наступным пасяджэнні прадстаўнікі новай ініцыятывы плянуюць прыняць рэзалюцыі, а таксама сфармаваць каманду, якая зоймецца стварэннем сайта савета, агульнай базы месцаў масавага знішчэння і пахавання ахвяр рэпрэсій, а таксама каляндар падзей.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: