«Грамадскім месцам можа стаць і кватэра». Мінчанін спытаў пра сцягі на лоджыі, чыноўнікі адказалі

«Грамадскім месцам можа стаць пры пэўных абставінах і ў пэўны час любое месца, у тым ліку кватэра або нежылое памяшканне. Галоўнае — прыкмета публічнасці», — так лічаць у адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы. Такі адказ прыйшоў мінчаніну на яго пытанні пра сцягі ў вокнах.

Жыхар сталіцы накіраваў у адміністрацыю Партызанскага раёна зварот з нагоды «сімволікі» на балконах, паведамляе TUT.BY. Пытанняў задаў шмат, а ў канцы снежня атрымаў адказы (далёка не на ўсе пытанні, але момант цікавы ёсць).

Што спытаў жыхар Мінска?

«10 снежня ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла, што «пры фактах размяшчэння на фасадах жылых дамоў, у тым ліку вокнах, балконах і лоджыях сцягоў бел-чырвона-белых колераў, якія не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку, дадзеныя факты будуць неадкладна фіксавацца для правядзення праверкі ў адпаведнасці з працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях. У адпаведнасці з існуючым заканадаўствам і ў прыватнасці арт. 10 закона «Аб масавых мерапрыемствах» усё гэта трактуецца як правядзенне масавага мерапрыемства (пікетаванне)», — напісаў мінчанін.

За пікет без дазволу ўладаў міліцыя пагражала адказнасцю па ч. 1 арт. 23. 34 КоАП, якая прадугледжвае штраф да 30 базавых ці адміністрацыйны арышт.

«У сувязі з тым, што раней мне не даводзілася ўзгадняць тое, што адбываецца на маёй лоджыі і вывучэнне закона «Аб масавых мерапрыемствах» у гэтым не дапамагло, прашу адказаць на пытанні:

1. Якая афіцыйная законная працэдура ўзгаднення арганізацыі пікету на лоджыі маёй кватэры і ў якім крыніцы можна пра гэта пачытаць?

2. Ці ўлічваецца паверхавасць будынка, зварот вокнаў на вуліцу ці ў двор, а таксама тое, колькі людзей праходзіць пад маімі вокнамі ў сярэднім за суткі?

3. Калі менавіта і паводле якога закону вокны і балконы грамадзян сталі лічыцца грамадскім месцам?

4. Калі я размяшчаю на балконе афіцыйны дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь у знак салідарнасці са спартоўцамі на міжнародных спаборніцтвах, ці з'яўляецца гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам?

5. І як наконт афіцыйных сцягоў іншых краін, калі я з'яўляюся заўзятарам іх спартыўных каманд?

6. Ці з'яўляецца пікетам размяшчэнне на балконе сцяга былога СССР, які таксама не з'яўляецца сімволікай, зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку?

7. Ці з'яўляецца парушэннем размяшчэнне на акне папяровых сняжынак белага колеру?

8. Калі мае суседзі смецяць пад маімі вокнамі і я размяшчаю на балконе транспарант з тэкстам «Спыніце смеціць! Мы тут жывем!» з мэтай прыцягнення ўсеагульнай увагі да праблемы — ці з'яўляецца гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам?

9. Ці з'яўляецца пікетам размяшчэнне на акне надпіса «З Новым годам!», звернутага на вуліцу, калі тым самым я адкрыта і публічна выказваю свой асабісты інтарэс — радасць ад святаў і павышэнне настрою мінакоў?

10. У законе «Аб масавых мерапрыемствах» сказана, што «пікет — гэта публічнае выказванне грамадзянінам грамадска-палітычных, асабістых і іншых інтарэсаў альбо пратэсту (без шэсця), па якіх-небудзь праблемах з выкарыстаннем або без выкарыстання плакатаў, транспарантаў і іншых сродкаў».

а) працягласць правядзення пікету разлічваецца на аснове часу, праведзенага і грамадзянінам, і плаката альбо іншага матэрыялу адначасова?

б) пікет лічыцца перапыненым, калі грамадзянін пакідае балкон, а плакат, сцяг ці іншы матэрыял — застаецца, напрыклад, на бялізнавай вяроўцы?

в) ці лічыцца пікетам прысутнасць грамадзяніна на балконе з мэтай выказвання асабістых або грамадска-палітычных інтарэсаў без выкарыстання плакатаў і іншых сродкаў?».

Адміністрацыя раёна: «грамадскім месцам можа стаць і кватэра»

Адміністрацыя Партызанскага раёна Мінска частку пытанняў праігнаравала, а некаторыя паабяцала пераадрасаваць у ГУУС Мінгарвыканкама. Але цікавае ў адказе чыноўнікаў усё ж ёсць. Яны паведамляюць, што ў законах няма тлумачэння, што ўкладваецца ў вызначэнне «грамадскае месца». Але вось што думаюць на гэты конт:

«Грамадскім месцам можа стаць пры пэўных абставінах і ў пэўны час любое месца, у тым ліку кватэра або нежылое памяшканне. Галоўнае пры гэтым — наяўнасць навакольных, прыкмета публічнасці».

Нагадаем, у Віцебску ў пачатку кастрычніка суд пакараў мужа і жонку Канстанціна і Таццяну Севярынцаў —бацькоў палітыка Паўла Севярынца, за «пікетаванне ў грамадскім месцы», на лоджыі ўласнай кватэры. Муж атрымаў папярэджанне, жонка — штраф. Таццяна напісала ў адміністрацыю раёна запыт, ці можна праводзіць на балконе «масавыя мерапрыемствы». І мясцовыя чыноўнікі адказалі, што лоджыя «не адносіцца да грамадскага месца», а значыць, не падпадае пад дзеянне Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Адпаведна, дазвол мясцовай улады на правядзенне «масавых мерапрыемстваў» на лоджыі не патрабуецца.

У Магілёве ў снежні актывіст падаў у гарвыканкам такое ж апавяшчэнне — пра тое, што збіраецца правесці ў сябе на балконе пікет, мэта — вывесіць бел-чырвона-белы сцяг. 21 снежня ўлады адказалі яму: «у сувязі з тым, што вамі не выкананыя асноўныя патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», дазволіць правядзенне пікетавання не ўяўляецца магчымым».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: