Грамадскую актывістку змясцілі ў Навінкі, забраўшы маёмасць

Удзельніцу вулічных акцый пратэсту 2016–2017 гадоў Галіну Лагацкую змясцілі ў закрытае аддзяленне шпіталя ў Навінках. Папярэдне ў яе забралі маёмасць з прычыны штрафаў, піша Радыё Свабода.

«Галіну змясьцілі ў „псіхушку“, пасля таго як судовыя выканаўцы забралі з дому маёмасць, апісаную на пакрыццё штрафаў. У яе на старыя грошы 28 мільёнаў нясплачаных штрафаў. Галіна пратэставала, нібыта пагражала, што кінецца з вакна, дык адвезлі ў Навінкі і цяпер лечаць. Але як — невядома, да яе нікога не пускаюць», — сказала карэспандэнту Свабоды грамадская актывістка, рэжысёр Вольга Мікалайчык.

Паводле Вольгі Мікалайчык, у Рэспубліканскім цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках Галіна Лагацкая ўжо каля 10 дзён.

Звесткі пра ўтрыманне Галіны Лагацкай у шпіталі ў Навінках пацвердзіла яе сяброўка Тамара Гулезава. Яна сказала, што ўжо пагутарыла з Галінай праз тэлефон.

«Днямі мне пазваніла знаёмая, што бачыла Галіну ў Навінках, у вельмі дрэнным стане. Тады я пачала яе шукаць і праз знаёмага міліцыянта даведалася, што яна сапраўды ў псіхіятрычным шпіталі, у 14 аддзяленні, якое закрытае, туды наведнікаў не пускаюць. Я туды пазваніла, і якраз Галіна была побач, далі ёй слухаўку. Яна ўсё пацвердзіла. Сказала, што ў яе судовыя выканаўцы вывезлі ўсю яе маёмасць, нават старыя шафы і тое, што належала дзецям. Што раней пісала ў адчаі запіску — „каб папалохаць, каб адчапіліся“, і што тую запіску знайшлі ў сметніцы. Ёй было блага, выклікалі лекара, спачатку каб везці ў кардыялогію, але потым лекару паказалі тую запіску з пагрозай самагубства, і тады яе накіравалі ў 14 аддзяленне. Кажа, што падпісала паперы, каб лячылі там, але, мяркую, маглі ці запалохаць, ці сама не разумела небяспекі», — кажа пра сяброўку Тамара Гулезава.

Дзяжурная ў 14 аддзяленні Цэнтру псіхічнага здароўя ў Навінках пацвердзіла, што Галіна Лагацкая знаходзіцца на лячэнні ў іхнім аддзяленні, але адмовілася паведаміць пра стан яе здароўя.

«Звяртайцеся ў панядзелак да лекуючага доктара», — сказала дзяжурная.

Паводле дзяжурнай, саму Галіну Лагацкую магчыма будзе паклікаць да тэлефона толькі ўвечары.

У 2016 годзе стала вядома, як мінчук Валер Мілевіч, сусед Лагацкай па пад’ездзе, напісаў на яе заяву ў міліцыю каб актывістку прыцягнулі да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў. Лагацкую, паводле Мілевіча, ён пазнаў на фота з мітынгу ў інтэрнэце. «Прадпрымальнік — сумленны чалавек, а ўлада бандыцкая», — было напісана па плакаце, які трымала Галіна Лагацкая. Як тлумачыў былы лётчык Валер Мілевіч, ён палічыў гэты плакат зняважлівым для ўлады. Сваю заяву ў міліцыю ён даносам не лічыў.

Галіна Лагацкая ў каментарах не выключала, што Валер Мілевіч помсціць ёй з прычыны канфлікту наконт выкарыстання агульнай калясачнай.

«Мілевіч стаў карыстацца пакоем для вазкоў на пляцоўцы, куды выходзіць яго кватэра. Але гэты пакой павінен належаць усім жыхарам, яго нельга замыкаць на ўласны замок. Мае спробы як намесніка старшыні каапэратыву гэта спыніць выклікалі бурнае супрацьстаянне. У выніку мы ўжо прайшлі праз некалькі судоў», — казала яшчэ ў красавіку 2016 году Галіна Лагацкая. Тады яна не выключала, што міліцыя ў яе канфлікце з суседам стала на ягоны бок.

Паводле знаёмых Галіны Лагацкай, яна прайграла частку судоў з суседам і не змагла выплаціць накладзеныя на яе штрафы.

Вольга Мікалайчык таксама згадала, што пасля першага маршу абураных беларусаў, які прайшоў у Мінску ў лютым 2017 году, Галіна Лагацкая адбыла 10 сутак адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Матвей
  • 2017-12-31 07:07:09
Это всё просто ужасно, и считаю что это нарушение 25 статьи конституции Беларусь. Мы должны не забывать тех людей которые творят беззаконие, за которое им придётся ответить перед настоящим судом.

Больш цікавага на «Новым Часе»: