Грэка-каталікі заклікаюць вернікаў перапрасіць Бога за блюзнерства ў Курапатах

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргей (Гаек) блаславіў вернікаў, якія праз строгі пост у пятніцу, 5 красавіка, праз малітву і праз руплівае пакланенне Крыжу Хрыстоваму перапрасіць Бога за блюзнерчы акт зносу крыжоў у Курапатах.

Фота Арцёма Лявы

Раніцай 4 красавіка 2019 года ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, у месцы загубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-я гады пачаўся дэмантаж і вываз крыжоў, якія былі ўсталяваныя грамадскасцю на працягу некалькіх гадоў. Дагэтуль не вядома мэта гэтага акту.

 Крыж для хрысціянаў з’яўляецца святым сімвалам пакуты і збаўчай смерці Госпада нашага Ісуса Хрыста. Для ўсіх людзей абсягу хрысціянскай цывілізацыі крыж з’яўляецца сімвалам памяці памерлых, асабліва тых, якія памерлі ад несправядлівага насілля.

 Курапаты — гэта месца памяці пацярпелых людзей усіх нацыянальнасцей і рэлігій, месца болю для многіх беларускіх грамадзянаў, продкі якіх пацярпелі ад жахлівых і несправядлівых сталінскіх рэпрэсій ў першай палове ХХ стагоддзя. Важнасць гэтага памятнага месца адзначана беларускай дзяржавай, якая ўключыла гэта месца ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей пад катэгорыяй 1, якая надае помніку міжнароднае значэнне.

 У сувязі са зносам крыжоў усталяваных грамадскасцю ва ўрочышчы Курапаты мы поўнасцю салідарны з Заявай Старшыні Каферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які між іншымі напісаў:

 “Заклікаю адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеянні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадскіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў распачаць працэс урэгулявання сітуацыі”.

 Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) блаславіў вернікаў, якія праз строгі пост у пятніцу, 5 красавіка 2019 года, праз малітву і праз руплівае пакланенне Крыжу Хрыстоваму ў бліжэйшыя дні, уключна з нядзеляй 7 красавіка, бачаць абавязак перапрасіць Бога за гэты блюзнерчы акт зносу крыжоў у Курапатах.

Паводле прэс-службы Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: