Гродна. Восем сем’яў змагаюцца за беларускую групу ў садку

Бацькі хочуць, каб групу стварылі ў садку, што месціцца на вуліцы Тамаша Зана ў Кастрычніцкім раёне Гродна. Мясцовыя ўлады абяцаюць адкрыць яе, калі сем’яў будзе не восем, а дванаццаць.

Дзецям пераважна тры гады, аднаму — два, яшчэ аднаму — чатыры.

Як распавяла Аксана Семянкевіч, якая ініцыявала стварэнне групы, калі з аддзелам адукацыі Гродзенскага гарвыканкама не атрымалася дамовіцца, бацькі напісалі кіраўніцтву скаргу.

«Адразу нам пайшлі насустрач, сказалі, што ўсё будзе добра. Аднак на днях мы атрымалі адказ на скаргу, дзе гаворыцца, што ў дадзены момант групку адкрыць нельга. Мы напісалі скаргу на гэтае рашэнне ў Гродзенскі аблвыканкам, — распавядае Аксана. — Мы прыходзім да чыноўнікаў і кажам, што ёсць восем ахвотных. Мы думаем, што гэта не мала: гэта не два, не тры, не чатыры чалавекі. Магчыма, нехта яшчэ далучыцца. Ёсць людзі, якія напісалі заяву, што налета далучацца абавязкова — гэта яшчэ чатыры чалавекі».

Аксана дадае, што на ўсе іх аргументы «за» кіраўніцтва адказвае адным «супраць»: ёсць палажэнне аб камплектацыі ўстаноў дашкольнай адукацыі, дзе напісана, што рознаўзроставая група павінна ўключаць 12 чалавек.

Калі раптам не ўдасца дамагчыся стварэння беларускай групкі, дзеці, хутчэй за ўсё, пойдуць у звычайную. Аднак бацькі настроеныя рашуча і працягваць настойваць на тым, каб іх дзецям далі магчымасць займацца па-беларуску.

Калі ж цяпер адшукаюцца яшчэ чацвёра бацькоў, ахвотных адправіць сваіх дзяцей у новым навучальным годзе ў беларускую групку, пытанне вырашыцца аўтаматычна.

Калі хочаце далучыцца, звяртайцеся да Аксаны Станкевіч па нумарах: +375 (44) 768-05-14 (Vel), +375 (33) 381-72-78 (МТС).

Настасся Роўда, nn.by



 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: