Гродненскі абласны суд замест «хіміі» адправіў у калонію чарговага асуджанага

Гродненскі абласны суд замяніў прысуд жыхару Ваўкавыска Аляксандру Патаповічу, асуджанаму па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса («Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі»). Замест двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову («хімія») мужчыне прызначылі два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму, піша «Вясна».

Крымінальная справа Аляксандра Патаповіча стала адной з першых палітычных спраў, узбуджаных пасля поствыбарчых пратэстаў, якую пачалі разглядаць у судзе. Працэс, распачаты ў лістападзе мінулага года, скончыўся напрыканцы сакавіка, калі суд Ваўкавыскага раёна пакараў Патаповіча 2 гадамі і 6 месяцамі «хіміі».

Згодна з абвінавачаннем, 9 жніўня пасля 23.00 ён паспрабаваў наехаць на двух супрацоўнікаў ваўкавыскай міліцыі з мэтай перашкодзіць іх працы падчас несанкцыянаванага мерапрыемства, а таксама каб адпомсціць. Абвінавачаны сваёй віны ў наездзе на міліцыянтаў не прызнаў і адзначыў, што ніякіх прычын для помсты міліцыі ён не мае, а ад палітыкі ўвогуле далёкі. Прысуд па справе быў вынесены пасля доўгага перапынку ў судзе для правядзення следчага эксперыменту.

Але дзяржабвінаваўца вырашыў аспрэчыць прысуд суда першай інстанцыі, і першага чэрвеня ў Гродненскім абласным судзе было прынята новае рашэнне аб замене пакарання на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі.

Пакуль Патаповіч застаецца на волі, але ў бліжэйшы час яго мусяць выклікаць для адбыцця пакарання.

Гэта не першы выпадак, калі Гродненскі абласны суд замяняе пакаранне на больш суровае па палітычных справах. Так, напрыканцы сакавіка Мікіту Самарыну, асуджанаму на чатыры гады «хіміі» за распыленне газу ў твар амапаўца, замянілі пакаранне на два з паловай гады пазбаўлення волі. А пенсіянеру Юзэфу Нямеру, які абараняў жанчыну на акцыі пратэсту і атрымаў за гэта 2,5 гады «хатняй хіміі», аблсуд змяніў пакаранне і адправіў у калонію на 1 год і 6 месяцаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: