Гродзенскі назіральнік атрымаў дзіўны адказ ад ЦВК наконт парушэнняў з боку абласной газеты

Дзіўны адказ атрымаў гродзенскі доўгатэрміновы назіральнік кампаніі «Правабаронцы за свабодныя выбары» Раман Юргель ад Цэнтрвыбаркаму на сваю скаргу. У ім Лідзія Ярмошына фактычна раіць карыстацца больш сайтам выканкама, чым чытаць газеты.


Нагадаем, скарга Юргеля тычылася няпоўнай публікацыі ў абласной газеце "Гродзенская праўда" рашэння аб стварэнні ўчастковых камісій у Кастрычніцкім раёне Гродна. У нумары газеты ад 27.06.2020 №50 рашэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёна было апублікавана не цалкам, з № 64 да паловы складу камісіі №97. Астатні склад камісій да № 135, нягледзячы на чаканні, прабачэнні, так і не быў апублікаваны, нават 1 ліпеня, у наступным нумары газеты.

У сваім адказе Ярмошына піша, што, падчас праверкі ўстаноўлена, што рашэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна было накіраванае ў газету для апублікавання ў поўным аб’ёме. У Гродзенскай друкарні прадастаўлены матэрыял дадалі ва ўжо звярстаны суботні нумар газеты, не звярнуўшы ўвагу, што частка матэрыялу (спіскавы склад УВК №97-135) не змясцілася ў суботні нумар газеты, які традыцыйна выходзіць на 16 старонках. Гэтая памылка была выяўленая у той жа дзень 27.06.20 у першай палове дня, тыраж газеты быў выняты з продажу і ў той жа суботні дзень пасля абеду заменены зноў выдрукаванай газетай на 24 старонках. Таксама назіральнік інфармуецца пра тое, што на сайце Гродзенскага гарвыканкаму дадзенае Рашэнне па фармаванні УВК выстаўленае поўнасцю, без памылак, хоць пра гэта ў заяве назіральніка пытанне не ставілася.

Але, нават калі гэта ўсе і адбылося, таямніча і аператыўна, то абласная газета павінна была ў наступным нумары ад 01.07 паведаміць чытачам, што па тэхнічнай прычыне такое здарылася, выбачыцца і прапанаваць прыйсці ў рэдакцыю тым, каму патрэбны гэты нумар з Рашэннямі па фармаванні УВК, ці дадрукаваць ў наступным нумары. І не было б такой сітуацыі. Шкада толькі, што з-за такой няўважлівасці і тэхнічных праблем павінны былі патраціць дадатковыя бюджэтныя фінансавыя сродкі ЦВК. Але і па сённяшні дзень гэтага наноў надрукаванага нумара газеты ў назіральніка няма.

Раман Юргель падкрэслівае, што Ярмошына так і не ўзгадала пра неабходнасць інфармаваць выбаршчыкаў, жыхароў на сайтах органаў улады пра дату, час і месца першых арганізацыйных пасяджэнняў УВК па абранні іх кіраўніцтва (старшыні, намесніка, сакратара).

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: