Курапаты: фотахроніка абароны дзень за днём

Намётавы лагер абронцаў Курапатаў, які за два тыдні аб'яднаў шмат людзей і стаў сімвалам грамадзянскай актыўнасці, згортваецца. Фотахроніка 14 дзён барацьбы за Памяць нагадае вам, як гэта было. 

Раніцай 20 лютага пачалася акцыя пратэсту супраць высечкі дрэў і пачатку будаўніцтва офіснага цэнтра за некалькі дзясяткаў метраў ад Курапатаў. Актывісты паставілі намёт пасярод будоўлі. Кіруе акцыяй лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Пазней ён быў збіты будаўнікамі.

фота БелаПАН

фота БелаПАН

21 лютага будаўнікі гвалтам выпіхнулі абаронцаў Курапатаў і зруйнавалі лагер.

Фота з акаўнта Барыса Гарэцкага на Фэйсбуку

Фота з акаўнта Барыса Гарэцкага на Фэйсбуку

Раніцай 22 лютага актывісты не пусцілі на тэрыторыю будоўлі тры машыны з будаўнічым матэрыялам. Быў затрыманы Павел Старавойтаў.

Актывісты падалі зварот у Мінгарвыканкам супраць будоўлі ў Курапатах.

Фота Алеся Кіркевіча

Фота Алеся Кіркевіча

У ноч на 23 лютага на лагер быў здзейснены напад. Нападнікі выкрыквалі: "Белая раса!". Блогер Эдуард Пальчыс у сацыяльных сетках адзначыў, што іх было каля 20 чалавек, і перад інцыдэнтам раптам з'ехала ўся міліцыя. Падчас нападу паранены журналіст НЧ Алесь Кіркевіч.

За пару хвілін да нападу: выступ Андрэя Мельнікава. Фота Алеся Кіркевіча

За пару хвілін да нападу: выступ Андрэя Мельнікава. Фота Алеся Кіркевіча

Паранены абаронца месца новай будоўлі каля Курапат Алесь Кіркевіч / svaboda.org

Паранены абаронца месца новай будоўлі каля Курапат Алесь Кіркевіч / svaboda.org


Нягледзячы на ​​напад, абарона Курапатаў працягваецца.

24 лютага будаўнічы МАЗ спрабуе праехаць на тэрыторыю будоўлі. Яму перашкаджаюць абаронцы Курапатаў. Сяргей Пальчэўскі прыкоўвае сябе кайданкамі да борта машыны.

Тым часам Зміцер Дашкевіч залез на трактар ​​з бел-чырвона-белым сцягам і вёў адтуль жывую трансляцыю. Потым гэты вобраз стане сімвалам абароны Курапатаў.


Калі супрацоўнікі МНС адчапілі Пальчэускага, міліцыя паспрабавала зацягнуць яго ў мікрааўтобус. Але актывісты заступіліся за свайго таварыша. Пасля штурханіны, у якой удзельнічалі актывісты, міліцыянты і нават прэса, Пальчэўскага ўдалося адбіць і вярнуць у лагер.


Раніцай 25 лютага ў лагеры абаронцаў Курапатаў з’явіўся першы крыж з бел-чырвонай стужкай і знічкамі. Ён адзначае прыкладныя межы ахоўнай зоны, якая была ўрэзаная пару год таму і дала магчымасць забудоўшчыку купіць зямлю ды распачаць будоўлю. 

Фота Алеся Кіркевіча

Фота Алеся Кіркевіча

Людзі прынеслі партрэты закатаваных і расстраляных у сталінскія часы і развесілі іх на плоце будоўлі.

Фота Алеся Кіркевіча

Фота Алеся Кіркевіча

26 лютага Валерыя Чарнаморцава, якая не першы год займаецца тэмай сталінскага тэрору, правяла па ўрочышчу Курапаты экскурсію, у якой прыняла ўдзел каля паўсотні чалавек.

Фота Алеся Кіркевіча

Фота Алеся Кіркевіча

У другой палове дня ў лагеры прайшла супольная малітва, арганізаваная евангельскімі хрысціянамі. 

Фота Алеся Кіркевіча

Фота Алеся Кіркевіча

Затым Пётр Клюеў сыграў некалькі сваіх кампазіцый рамантычнага кірунку. 

Фота Алеся Кіркевіча

Увечары, калі ўжо сцямнела, актывісты вывесілі вялікі белы банер на плот будоўлі, каб выкарыстаць яго ў якасці экрану. А 20.00 пачалася трансляцыя легендарнага фільму “Дарога на Курапаты”, у якім прыводзяцца дакументальныя звесткі ды жывыя сведчанні з першых вуснаў аб расстрэлах ва ўрочышчы з 1937 па 1941 гады.

Фота Арцёма Лявы


27 лютага будаўнікі зранку сказалі, што не могуць працаваць у такіх умовах і пачалі збіраць рэчы. Будоўлю пакідала тэхніка: з'ехаў трактар. Перамога?

У сацыяльных сетках пісалі наконт невялікай перамогі, але няскончанай бітвы. Там жа кожны дзень заклікалі неабыякавых людзей у лагер. Адчуваўся прыход вясны, і абаронцы былі ў вясёлым настроі.


Настрой змяніўся каля трох гадзін дня, калі стала вядома, што камісія ў адміністрацыі Першамайскага раёна зацвердзіла змены, паводле якіх пляцоўка, дзе пачалося будаўніцтва бізнес-цэнтру, не ўваходзіць у ахоўную зону.


На штодзённую ранішнюю мабілізацыю 28 лютага ў лагеры сабралася каля 40 чалавек. Будаўніцтва не працягнулася. У гэты дзень падтрымаць пратэстуючых прыязджаў паэт Уладзімір Някляеў.

1 сакавіка ўвесь дзень ішоў моцны дождж. Сёння абаронцы Курапатаў сустрэліся з мэрам Мінска Андрэем Шорацам. У выніку сустрэчы атрымалася, як сказаў Павел Севярынец, "баявая нічыя": Андрэй Шорац паабяцаў, што будоўля будзе прыпыненая на тыдзень, за гэты час гарадскія ўлады правядуць перамовы з Міністэрствам культуры і іншымі ведамствамі.

Разам з сонцам вясны 2 сакавіка ў Курапаты прыйшла перамога: забудоўшчык паабяцаў актывістам у бліжэйшы час сысці з пляцоўкі ў Курапатах.

А яшчэ ў гэты дзень лагер абаронцаў нечакана наведаў пісьменнік Уладзімір Арлоў. Ён падараваў абаронцам Курапатаў сваю кнігу, якая выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды» пад назвай «Імёны Свабоды». У размове пісьменнік падкрэсліў, што некаторыя героі кнігі скончылі жыццё менавіта ў Курапатах.


Увечары 3 сакавіка адбыўся агульнагарадскі мітынг. На яго прыйшло каля 150 чалавек. Зміцер Дашкевіч падчас выступу паўтарыў, што лагер будзе згорнуты ў панядзелак, калі інвестар выканае свае абяцанне ды здыме плот. 

4 сакавіка лагер наведаў гурт Dzieciuki. Выступ адбываўся ў акустычным фармаце. Музыкі адмыслова падабралі песні для гэтага канцэрту, выключыўшы з праграмы занадта вясёлыя кампазіцыі. Таксама прагучалі некалькі песен з рэпертуара гуртоў "Кальян", "Людзі на балоце" і з праекта Алеся Дзянісава на вершы гарадзенскага паэта Алеся Чобата.



Апошняя ноч у лагеры абаронцаў Курапатаў прайшла спакойна: хтосьці ціха граў на гітары, хтосьці гутарыў, хтосьці спаў.

Змораныя абаронцы пасля начной вахты

Змораныя абаронцы пасля начной вахты

У лагеры адчуваўся некаторы смутак, выкліканы ці то тым, што даводзіцца пакідаць гэтае месца, ці то стомленасцю пасля начной вахты. У бочкі кідалі апошнія дровы.


Дзесьці а 6 гадзіны раніцы пачалі згортваць лагер: спачатку перанеслі ўсе паддоны ў адну кучу.


Праспявалі "Магутны Божа" і памаліліся. Пасля чаго працягнулі разбіраць лагер.

Фотаздымкі аўтара, акрамя тых, што падпісаныя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: