Хронікі каронавіруса: падарожжа з Мінска ў Кіеў перад закрыццём межаў

Каронавірус ужо цынічна называюць «самай эфектыўнай пенсійнай рэформай глабальнага масштабу». Яго лавінападобнае распаўсюджванне па свеце азначала, што закрыццё межаў паміж краінамі — толькі пытанне часу. Чуткі з гэтай нагоды цыркулявалі мінімум тыдні паўтара. Уласна, інтрыгай было толькі, хто першым аддасць перавагу адправіцца ў ізаляцыю: Беларусь ці Украіна. 
Беларусь выбрала захаванне твару. Магчыма таму, што беларусу, па трапнай заўвазе людзей у сацыяльных сетках, ужо зусім няма куды ехаць ці бегчы, каб разносіць заразу. Польшча зачынілася. Украіна зачынілася. У краінах Балтыі (Літве, Латвіі і Эстоніі) з 13 сакавіка ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі. А міжнародныя марскія, чыгуначныя, аўтобусныя і авіязносіны Украіна спыніць у поўнач 17 сакавіка. У Расіі — добраахвотна-прымусовы двухтыднёвы каранцін для прыезджых і закрыццё мяжы з Беларуссю.

...Квіткі ва Украіну за апошні тыдзень я мяняла разоў пяць. Спачатку ў мяне памёр сваяк, і я памяняла дату ад'езду на сераду 18 сакавіка. Калі кіраўнік Дзяржпагранслужбы Украіны Сяргей Дэйнэка 12 сакавіка раптам паведаміў, што закрыюцца 107 пунктаў пропуску на мяжы, мы з маці прадбачліва вырашылі ехаць аўтобусам у панядзелак увечары (16 сакавіка). Раніцай 13 сакавіка на сямейным савеце мы пастанавілі, што маці ўсё ж застанецца ў Мінску. Яе напалохала верагоднасць выехаць на адзін дзень, а па вяртанні раптоўна трапіць на 14-дзённы каранцін як бязвінная пацыентка з «Ладэ».

Калі пасля абеду 13 сакавіка ва Украіне сабраўся экстраны Савет нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА), стала відавочна: справа — дрэнь. Прама падчас паседжання я кінулася і ў чацвёрты раз абмяняла свой аўтобусны квіток на суботу (14 сакавіка). Вынікі СНБА шакавалі: закрыццё ўкраінскай мяжы для замежнікаў — праз 48 гадзін, спыненне любых транспартных зносін з краінай — 17 сакавіка. Пры гэтым — ніякіх падрабязнасцяў: як будуць адлічвацца 48 гадзін, якія пункты пропуску ўжо зачыненыя, ці лічацца асобы з часовым відам на жыхарства замежнымі грамадзянамі. У выніку ў 17.00 гадзін я панеслася на вакзал па квіток на цягнік. З'ехаць на адзіным у пятніцу мінсктрансаўскім аўтобусе на 19.00 не выпадала, я банальна не паспявала…

У міжнародных касах на вакзале не было натоўпу, але было нязвыкла шматлюдна: частка людзей здавала набытыя раней квіткі. Перада мной у чарзе пажылая жанчына вяртала грошы за запланаваную на пачатак красавіка паездку ў Калугу, малады хлопец — за паездку ў Варшаву. Актыўна набываліся толькі квіткі ў Вільню — упадабаны беларусамі кірунак. Квіток у плацкарт стаў падставай для шчырай радасці і прадметам кароткачасовага інтэнсіўнага гонару.

Першая мая спроба здаць ужо бескарысны аўтобусны білет скончылася правалам. У касы аўтавакзала цягнулася чарга з 20 – 30 чалавек. Тут ужо пазбаўлялася ад білетаў — абсалютная большасць (у Польшчу, Літву, Украіну, Расію), купляла — усяго два чалавекі. Працавала адна каса. Праз 15 хвілін і яна зачыніліся: завісла сістэма. Білет удалося вярнуць з другой спробы толькі позна ўвечары, перад самым цягніком.

Калі яшчэ днём пры вяртанні білета прасілі пашпарт, цікавіліся прычынай вяртання і выдавалі спецыяльны адрыўны чэк, то ўвечары ўсе гэтыя сантыменты скасаваліся. Жанчына ў касе толькі глыбока ўздыхнула і без адзінага слова вярнула поўны кошт паездкі. З майго месца было відаць, што наяўных у касе заставалася ўсяго нічога.

Цягнік быў відавочна не вельмі гатовы да падарожжа скрозь эпідэмію. Біяпрыбіральні, вядома, забяспечылі дадатковым мылам, а таксама туалетнай паперай і папяровымі ручнікамі для рук у дастатковай колькасці. Але гарбату ў цягніку па-ранейшаму падавалі ў традыцыйных гранёных шклянках з падшклянкамі. Аднаразовага посуду не было. Жанчына збірала шматразовыя шклянкі і кубкі, паласкала іх пад бруёй вады і прапаноўвала напоі іншым пасажырам з таго ж посуду.

У вагоне былі людзі з досыць сур'ёзным пастаянным сухім кашлем. І яны таксама пілі чай ці каву. Цяжка, вядома, судзіць аб іх здароўі ці хваробе, але рызыкаваць, па зразумелых прычынах, з-за непраходнага глупства іншых не хочацца нікому.

Я езджу на цягніку з Беларусі ва Украіну не радзей чым раз у месяц, і таму адразу ўбачыла, што змянілася. На беларускай мяжы ў мытнікаў з'явіліся маскі і тонкія гумавыя пальчаткі. Праўда, маскі гэтыя, аднаразовыя па вызначэнні, былі відавочна не першай свежасці і абсалютна ва ўсіх няшчыльна прылягалі да твару.
У сваю чаргу, памежнікі прыйшлі правяраць дакументы наогул без любых сродкаў індывідуальнай абароны. Тым не менш, усіх пасажыраў старанна апыталі пра тое, адкуль едуць, у якіх краінах пабывалі за апошні месяц, мэта знаходжання ў Беларусі, запланаваная кропка перамяшчэння.

Праўда, вельмі падазронага кітайца (да мяжы ён бесперапынку кашляў) у выніку ўсё роўна прапусцілі далей. Прапусцілі далей і вельмі хворага беларуса: у яго быў моцны сухі кашаль і выразна цёк нос. Мытнікі сабраліся вакол і доўга абмяркоўвалі, як з ім быць. Яму адзінаму ў вагоне вымералі тэмпературу. Тэмпература адсутнічала. Але, у рэшце рэшт, парацэтамол яшчэ ніхто не забараніў. Жанчына, якая ехала з ім, загадкава паведаміла памежнікам, што яны едуць з Астравецкай ЦЭЦ. Незразумелы пароль спрацаваў, іх прапусцілі.
Засталося незразумелым новае ў паводзінах беларускіх мытнікаў: кожную жаночую сумачку адкрывалі і абмацвалі. Падобна на тое, шукалі лекі (ад высокай тэмпературы, супрацьвірусныя), якія ўскосна нагадвалі, што пасажыр хварэе.

Украінскія мытнікі на вакзале ў Кіеве, у сваю чаргу, перш за ўсё вымяралі ўсім людзям у вагоне тэмпературу спецыяльным «пісталетам». Асабістыя рэчы ніхто не аглядаў. У кожнага мытніка, які зайшоў у цягнік, былі шчыльныя гумовыя пальчаткі і грунтоўная, шчыльна прылеглая маска на палову твара. Памежніца, што правярала пашпарты, зрэшты, была без пальчатак. А адна з мытніца з сабакам апусціла маску — у вагоне было вельмі душна. Людскі фактар мае значэнне, нават пры самых сур'ёзных мерах.

Ужо ва Украіне я даведалася, што ў краіну прыбыў чарговы самалёт з Італіі з украінцамі. Украіна працягвае эвакуацыю сваіх грамадзян з іншых краін. Беларусам жа, якія раптам падчас глабальнага закрыцця межаў аказаліся не ў Беларусі, прыходзіцца дабірацца на радзіму самім або на тых жа самалётах, карыстаючыся добрай воляй Украіны ці Расіі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: