Хронікі каронавіруса ў Беларусі: 562 заражэння, 8 смерцяў

У Віцебску за няпоўны тыдзень ад пнеўманіі памёр былы следчы па асабліва важных справах Віцебскай абласной пракуратуры, палкоўнік у адстаўцы, 58-гадовы Анатоль Высоцкі. Гэтую інфармацыю «Нашай Ніве» пацвердзіла жонка памерлага.
Былыя калегі распавялі «Нашай Ніве», што ў панядзелак, 30 сакавіка, ён адкрыў бальнічны, а ўжо ў пятніцу, 3 красавіка, ім паведамілі пра запланаваныя на нядзелю пахаванні.

У выніку публічнага развітання не будзе, бо прыйшоў пасмяротны аналіз на каронавірус — станоўчы.

— Як сталі вядомыя вынікі — патэлефанавалі з санэпідстанцыі. Нам цяпер тэсты гэтыя зробяць: зараз прыедуць апрацаваць кватэру, тэсты — і на ізаляцыю. Мы ж не маглі нават падумаць, што ў яго станоўчы вынік! І адкуль жа я ведаю, дзе ён мог заразіцца?

Мы ж не ездзілі нікуды, на месцы былі. Я на працу і з працы, ну ў краму зайду. Ён таксама ў краму мог зайсці, на рынак, на дачу — усё. А так ён дома сядзеў, пенсіянер, нікуды не выходзіў, не ездзілі нікуды.

Пачыналася з тэмпературы, тры дні — 38. Ён сам звязваў гэта з простай прастудай, маўляў, быў на дачы, як ён казаў, дровы складваў, прапаліў, выбег на вуліцу — ну, можа, прадзьмула, прастыў ды прастыў ... Падумаць не маглі , што ў нас можа быць нейкі каронавірус, — распавяла «Нашай Ніве» жонка.

Чарговая ахвяра — у Мінску

4 красавіка, у 20.00, у Мінскай інфекцыйнай бальніцы памёр 69-гадовы былы супрацоўнік Нацыянальнага банка Юрый Восіпаў. У яго была пнеўманія, выкліканая каронавірусам, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на дачку памерлага Ганну.

У гэтай жа бальніцы з аналагічным дыягназам ляжаць дачка і жонка мужчыны.

— Тата захварэў крыху больш за два тыдні таму. Думалі, звычайная прастуда. Праз некалькі дзён выклікалі доктара, той сказаў, што гэта звычайны ларынгіт, і выпісаў таблеткі, — распавядае Ганна. Мужчыну лепш не станавілася, падобныя сімптомы таксама выявіліся ў яго жонкі, а потым і ў дачкі, якая жыве асобна, але наведвае пажылых бацькоў.

— Ясна, што сталі падазраваць каронавірус. Тэмпература ў нас з маці паднялася да 38-39. Я пайшла ў 3-ю паліклініку, папрасіла тэст. Казала, што па працы маю зносіны з замежнікамі. Тэст не зрабілі, бо сама за мяжу я не выязджала, — кажа Ганна.

Да канца тыдня высветлілася, што ва ўсёй сям'і пнеўманія. Сям'ю шпіталізавалі ў 10-ю бальніцу, калі каронавірус пацвердзіўся ў бацькоў і дочкі, іх перавялі ў «інфекцыёнку».

На той момант у Юрыя Осіпава ўжо была вельмі нізкая сатурацыя — насычанасць крыві кіслародам (толькі 83%), патрэбен быў апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх.

— Мы з маці ляжым у адной двухмеснай палаце, бацька — у іншай. Учора патэлефанавалі з міліцыі, сказалі, што бацькі больш няма. Як хаваць — не ўяўляю, мы з мамай у цяжкім стане, станоўчай дынамікі няма, пагадзіліся на эксперыментальнае лячэнне прэпаратамі, якімі лечаць малярыю. Добра, што ў бацькі шмат сяброў, пахаваннем яны будуць займацца, — распавядае Ганна.

Жанчына распавяла, што лекары ў інфекцыйнай бальніцы вельмі стараюцца, робяць усё магчымае. Сродкі асабістай аховы таксама ёсць — гэта і спецыяльныя камбінезоны, і шчыты, і ачкі, але ў санітарак толькі звычайныя маскі з тканіны.

Ганна дадала, што яна вельмі ўдзячная ўрачам Мінскай інфекцыйнай бальніцы: «Яны робяць усё магчымае, я ніколі не бачыла, каб лекары так змагаліся за пацыентаў».

Па дадзеных на 5 красавіка, лік заражаных каронавірусам ў Беларусі дасягнуў 562 чалавек. З іх на стацыянарным лячэнні знаходзяцца 502 чалавекі. Міністэрства аховы здароўя пацвердзіла смерць 8 чалавек.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: