Хронікі МДЛУ: зварот рэктара, падтрымка ад Хадановіча і новыя акцыі

На абарону студэнтаў выйшлі бацькі і выкладчыкі.
Акцыя 5 верасня

Акцыя 5 верасня

5 верасня па ўсім Мінску студэнты выходзяць на акцыі пратэста. Працягваюцца акцыі і каля МДЛУ, дзе ўчора адбываліся брутальныя затрыманні студэнтаў проста ў сценах універсітэта.

Тэлеграм-каналы паведамляюць, што 5 верасня ў МДЛУ прысутнічае шмат бацькоў студэнтаў, якія нават прыехалі з іншых гарадоў.

Выкладчыкі разам са студэнтамі стаяць каля галоўнага корпуса ўстановы.

Як стала вядома 5 верасчня, рэктар універсітэта Наталля Баранава запісала відэазварот, у якім яна быццам збіралася пашкадаваць аб тым, што адбылося, але атрымалася гэта няўдала. «Студэнты планавалі спяваць песні ў фае ўніверсітэта, для дыялогу з імі былі накіраваныя дэканы факультэтаў, у ходзе выканання песень мерапрыемства набыло палітызаваны характар: прагучалі лозунгі, з'явілася недзяржаўная сімволіка. А далей адбылося тое, што адбылося. Каб пазбегнуць у далейшым падобных выпадкаў хочам яшчэ раз звярнуць вашу ўвагу на недапушчальнасць арганізацыі і правядзення ў універсітэце несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Са свайго боку рэктарат прымае неабходныя меры па ўстанаўленню прычын таго, што адбылося, па ўзмацненні прапускнога рэжыму ў універсітэце і па прадухіленні падобнага ў будучыні», — заявіла Баранава.

У падтрымку студэнтаў МДЛУ беларускі паэт Андрэй Хадановіч зрабіў пераклад песні, якую яны спявалі 4 верасня. «Дарагія студэнты лінгвістычнага, што сьпявалі “Do you hear the people sing?”, я ня так шмат магу зрабіць, каб вас падтрымаць, але гэты пераклад песьні – для вас. Трымайцеся!

Чуеш, як пяе народ,
як сталі песьняй гнеў і боль?
Як набліжае сонца ўсход,
хто быць рабом ня хоча больш?
Як мільёны сэрц вядзе
рытм барабанаў у крыві?
Ноч праміне й настане дзень…
Вольны край, жыві!

Ці ты пойдзеш на змаганьне,
станеш са мною супраць зла?
Пад нашымі сьцягамі
запаветны край сьвятла.
Каб рушылі ў бой –
і Свабода з табой нас вяла!

Чуеш, як пяе народ,
як сталі песьняй гнеў і боль?
Як набліжае сонца ўсход,
хто быць рабом ня хоча больш?
Як мільёны сэрц вядзе
рытм барабанаў у крыві?
Ноч праміне й настане дзень…
Вольны край, жыві!

Хто аддасьць сваёй краіне
ўсё, што маем у грудзях?
Хтосьці выйдзе, хтось загіне,
хтосьці ўстане - як працяг.
Гарачая кроў змагароў
асьвячае наш сьцяг!

Чуеш, як пяе народ,
як сталі песьняй гнеў і боль?
Як набліжае сонца ўсход,
хто быць рабом ня хоча больш?
Як мільёны сэрц вядзе
рытм барабанаў у крыві?
Ноч праміне й настане дзень…
Вольны край, жыві!

Ахвочыя замест "вольны край сьпяваць "Беларусь" - не стрымлівайцеся», — напісаў Андрэй Хадановіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: