Грошы на Курапаты ад Зайдэса: гандаль Памяццю ці канструктыўнае рашэнне?

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры вядзе перамовы з Леанідам Зайдэсам аб выдзяленні грошай для мемарыялізацыі Курапатаў. Гэтую інфармацыю «Новаму Часу» пацвердзіў намеснік старшыні Таварыства Юрый Меляшкевіч. Аднак удзельнікі Курапацкай варты выступаюць катэгарычна супраць падобных перамоў і прынялі адпаведную заяву.

«Пазіцыя абаронцаў Курапатаў — бальшавісцкая»


 Сапраўды, мы сустракаліся з Леанідам Зайдэсам, размаўлялі наконт таго, што варта рабіць для Курапатаў. Бо мы лічам, што пазіцыя, якую займаюць абаронцы, тупіковая, — распавёў Юрый Меляшкевіч. — Курапаты патрабуюць многіх крокаў, якія гадамі не маглі зрабіць ні прадстаўнікі Грамадскай дырэкцыі, ні «Эксперты ў абарону Курапатаў», ні Курапацкая варта. Да Леаніда Зайдэса з пункту гледжання заканадаўства і выканання нормаў, якія мы прааналізавалі і шмат разоў прагаворвалі, у Таварыства прэтэнзій няма. Няма і патрабаванняў ліквідацыі рэстарана ці пасадкі яго (Зайдэса. – НЧ.) у турму. Мы прапанавалі зрабіць яму пэўныя крокі для таго, каб пашпартызаваць Народны мемарыял, распрацаваць экскурсійныя маршруты і зарэгістраваць іх у Міністэрстве спорту і турызму. Таксама мы прапанавалі яму правесці пэўныя мерапрыемствы па мемарыялізацыі Курапатаў з прыцягненнем прадстаўнікоў КДБ: мы напісалі ліст у дзяржбяспеку з просьбай абмеркаваць сітуацыю наконт доступу да архіваў і месцаў расстрэлаў, якія на сённяшні дзень невядомыя. Ёсць яшчэ шэраг пытанняў, якія мы будзем абмяркоўваць на круглых сталах па ўшанаванні памяці ахвяр масавых палітычных рэпрэсій.
Юрый Меляшкевіч

Таксама мы збіраемся распрацаваць дзве праграмы: адна — школьная, другая — універсітэцкая, якія будуць адлюстроўваць для школьнікаў і студэнтаў трагедыю масавых рэпрэсій у ХХ стагоддзі ў Беларусі. Таксама мы плануем аднаўленне крыжоў.

Гэта тое, што мы прапанавалі Леаніду Зайдэсу. Ён сказаў, што гэта канструктыўная праца і гэта тое, што ён хоча, каб рабілася ў Курапатах. Ён гэта падтрымлівае.

Пакуль няма падпісаных папер, перш за ўсё трэба заключыць дамову на спонсарскую дапамогу. Сродкі, якія будуць паступаць, будуць прыходзіць на рахунак, усё будзе адкрыта і празрыста. Мы бачым толькі такі спосаб узаемадзеяння з Зайдэсам.

— Але ж вы разумееце, што ёсць шмат нязгодных з такім падыходам.

— Я з імі размаўляў. З майго пункту гледжання, яны займаюць пазіцыю бальшавісцкую, якая часам выглядае на раскулачванне бізнесоўца. Мая сям’я пацярпела ў рэпрэсіях, я ведаю, што гэта такое знутры, ад сваёй бабулі, якая распавядала, як на падводах вывозілі самых заможных людзей. Таму з бізнесоўцамі так сябе паводзіць нельга, гэта шлях унікуды.

– Ці можаце акрэсліць суму, пра якую ідзе гаворка?

— Як будзе заключана спонсарская дамова, можна будзе спраўдзіць усе акалічнасці, гэта будзе адкрытая інфармацыя.


«Атрыманне грошай ад Зайдэса — адкрытая карупцыя»


У сваю чаргу абаронцы Курапатаў выступілі з заявай, у якой акрэсліваюць свой пункт гледжання на перамовы Таварыства з уласнікамі «Поедем, поедим». Прыводзім поўны тэкст заявы.
Удзельнікі Курапацкай варты, фота Алены Ляшкевіч

Удзельнікі Курапацкай варты, фота Алены Ляшкевіч

Мы, удзельнікі Варты абароны Курапатаў, якая ўжо больш за 5 месяцаў здзяйсняе сваю дзейнасць у межах выканання Прадстаўлення Генеральнай пракуратуры РБ № 0703-05д-1745 ад 17.11.2012 г., а таксама Прадпісання Міністэрства Культуры РБ № 11-02-02/018 ад 30.10.2012 г. што да незаконнай пабудовы рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем, поедим» (былыя назвы «Бульбашъ-холл», «Дача», далей — рэстарацыя «Поедем, поедим») у ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930-1940-я гг.) ва ўрочышчы Курапаты» (далей — мемарыял Курапаты), падчас якой учынены самавольны захоп зямлі, парушаны арт. 37 Закону РБ пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, выяўленая адсутнасць неабходных дазволаў і ўхваленай праектнай дакументацыі, заяўляем:

1. ніякіх пасярэднікаў дзеля перамоваў з уласнікамі рэстарацыі, у тым ліку з Леанідам Зайдэсам, мы не прызначалі і не абіралі;

2. усе асобы, якія называюць сябе пасярэднікамі, у тым ліку Юрась Меляшкевіч, дзейнічаюць ад свайго імя і з сваёй асабістай зацікаўленасцю;

3. любыя перамовы, размовы з уласнікамі ТАА «Белнаватэкс груп», СТАА «БелРэстІнвэст», ТАА «Амізбел», у тым ліку і з Леанідам Зайдэсам, могуць адбывацца толькі пры ўмове закрыцця рэстарацыі «Поедем, поедим» і толькі з удзелам давераных асобаў абаронцаў мемарыялу Курапаты;

4. перадачу любым з пералічаных у п.3 уласнікаў кампаніяў альбо іхнымі даверанымі асобамі грашовых сродкаў фізічным ці юрыдычным асобам, дзейнасць якіх можа быць звязаная з мемарыялам Курапаты, лічым:

4.1 спробай гэтых уласнікаў увесці ў зман і раскалоць грамадства;

4.2 намерам палепшыць негатыўную дзелавую рэпутацыю кампаніяў, звязаных з рэстарацыяй «Поедем, поедим»;

4.3 дадатковым пацверджаннем меркаванай карупцыйнай схемы пабудовы рэстарацыі «Поедем, поедим», якая для многіх стала відавочнай пасля асабістага сведчання Леаніда Зайдэса пра фінансаванне ў памеры 40.000 долараў ЗША прац дзеля легалізацыі й вывядзення гэтай рэстарацыі з ахоўнай зоны мемарыялу Курапаты;

4.4 доказам непасрэднага ўдзелу гэтых фізічных ці юрыдычных асобаў у кампаніі дыскрэдытацыі мемарыялу Курапаты;

5. рашуча засуджаем намер сябраў Грамадскага аб’яднання «Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» (БДТАПГК) узяць нібыта на патрэбы мемарыялу Курапаты грашовыя сродкі ад Леаніда Зайдэса, бо нельга гандляваць Памяццю, заклікаем адмовіцца ад гэтых грашовых сродкаў;

6. атрыманне сябрамі БДТАПГК грашовых сродкаў ад уласнікаў пералічаных у п.3 кампаній будзе сведчыць пра адкрыты карупцыйны чыннік дзейнасці чальцоў гэтага Таварыства, а таксама пра спрыянне кампаніі дыскрэдытацыі мемарыялу Курапаты.

Чытайце таксама: Амбасадар Літвы: «У нас людзі хочуць больш ведаць пра Курапаты»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Антось
  • 2018-11-08 16:12:34
Ганьба разам з усімі агучанымі планамі па прыцягненні шкаляроў і студэнтаў да экскурсій. Ці адрозніваюць спадары з ДТАП Курапаты ад Лініі Сталіна? Памяць пра крывавыя народныя ахвяры павінна быць чыстай!
  • Смоляк Владимир Яковлевич
  • 2018-11-08 17:45:55
Значение Курапат: 1.Дань памяти невинно убиенным с максимально возможным установлением личностей. 2.Осуждение геноцида. 3.Пропаганда исторического величия беларуского этноса. 4.Возрождение гордости за свой народ и свою страну.
Должны быть четко прописаны познавательные программы, указано необходимое оснащение публицистической деятельности и дооборудование мемориала. Составлена калькуляция, просчитаны текущие расходы, только после этого выход на деньги всех, кто хочет поучаствовать: здесь не должно быть запрещенных каст.
  • Алена
  • 2018-11-09 14:08:43
Ад рэпрэсiй пацярпелi усе народы, якiя былi у складзе СССР у тыя гады. Гэта трэба памятаць i прыглашаць наведвальнiкау с розных краiн наведаць мемарыял. Не павiнна быць нiякай дыскрымiнацii.

Каментаваць