Хто будзе лячыць людзей? Беларусь губляе лекараў

Беларускія лекары, якія звольніліся ці былі звольненыя з-за ўдзелу ў пратэстах, крытыку ўлады, праўду пра каронавірус, распавялі, як жывуць цяпер і ці вернуцца ў медыцыну. DW сабрала некалькі гісторый.
Фота Яны Трусіла

Фота Яны Трусіла

Шэраг беларускіх лекараў і медработнікаў пазбавіліся працоўных месцаў пасля таго, як выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, падтрымаўшы пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, асудзіўшы гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў, а таксама раскрытыкаваўшы дзеянні ўлад у сувязі з пандэміяй. На днях працы пазбавіўся галоўны лекар 3-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска Максім Ачарэтні, у знак салідарнасці з ім з лякарні сышоў Рустам Айзатулін. І гэты спіс пастаянна папаўняецца. Ці могуць медыкі, якія страцілі працу па палітычных прычынах, зноў уладкавацца па спецыяльнасці ў Беларусі ці ж яны вымушаныя пакінуць краіну?

Кардыёлага звольнілі за каментар у сацсетцы

Кардыёлага з 25-гадовым стажам Алену Баранаву звольнілі з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» за каментар да допіса калегі ў Facebook. Баранава выказала сваё стаўленне да супрацоўнікаў АМАПа, у прыватнасці, што «ніколі не даруе ім сына» (яго сілавікі затрымалі ў верасні, ён некалькі дзён правёў у ізалятары ў Жодзіне. — Рэд.).
Алена Баранава

Алена Баранава

Паводле слоў Алены, 7 красавіка ў рэгістратуру цэнтра патэлефанавала нейкая жанчына і сказала, каб Баранавай перадалі, што яна будзе звольненая і што за ёй «прыедуць органы». Менш чым праз гадзіну, распавядае Алена, яе выклікаў дырэктар Цэнтра і, не слухаючы ніякіх тлумачэнняў, сказаў напісаць заяву аб звальненні па пагадненні бакоў. На наступны дзень па распараджэнні Міністэрства аховы здароўя Баранаву звольнілі і з прыватнага медцэнтра, дзе яна падпрацоўвала.

Пакуль лекарка не можа знайсці новую працу. Кардыёлагу адмовіў прыватны медыцынскі цэнтр, у якім раней яе вельмі чакалі. «Ніколі нідзе сябе не бачыла і не бачу, акрамя як у медыцыне, — кажа Алена. — Часам прыходзіць пачуццё, што ты ніхто і нікому не патрэбны. Хоць, вядома, гэта не так. Пацыенты мне тэлефануюць кожны дзень, гатовыя чакаць, пакуль я ўладкуюся на новую працу». У жніўні Алена Баранава была адным з лекараў-валанцёраў, якія дапамагалі вызваленым з Акрэсціна.

Загадчык аддзялення рэанімацыі: страціў працу за праўду пра кавід

Без працы пакуль застаецца і Уладзімір Мартаў. З загадчыкам аддзялення рэанімацыі Віцебскай клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі не працягнулі кантракт. 2 красавіка ў яго быў апошні працоўны дзень. Мартаў — адзін з першых урачоў, якія расказалі праўду пра каронавірус у Беларусі.
Уладзімір Мартаў

Уладзімір Мартаў

«Пазіцыя кавід-дысідэнцтва ўлад нам вельмі замінала. Мы аказаліся як на вайне, а ва ўладзе была задача не прызнаваць праблему, каб не дапусціць панікі. У выніку аказалася шмат хворых сярод медработнікаў, — распавядае Мартаў. — Потым паўстала палітычная сітуацыя, жнівень, выбары. Медыкі, вядома, усё гэта вельмі цяжка перажывалі і выступілі супраць гвалту, я быў не ў першых шэрагах, але таксама не прамаўчаў. Затым пачалася другая хваля каронавіруса. Я пастаянна крытыкаваў кіраўніцтва лякарні за ўзровень падрыхтоўкі да працы з кавідам».

У сакавіку лекар распавёў пра перабоі з падачай кіслароду ў бальніцы. На гэта адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. «Чым далей, тым больш у маіх дзеяннях знаходзяць палітыкі, тым менш у мяне варыянтаў вярнуцца да працы ў краіне, а з'язджаць я не хачу прынцыпова. Спрабую сабрацца з думкамі і зразумець, што мне рабіць»,—- кажа пра цяперашняе становішча спраў Уладзімір Сакавікоў.

Анестэзіёлаг: Нам забаранялі ставіць кавід першым дыягназам

Былы анестэзіёлаг-рэаніматолаг 1-й клінічнай бальніцы Мінска Ігар Таболіч таксама адкрыта распавядаў журналістам пра сітуацыю з каронавірусам. «Паводле афіцыйнай статыстыкі, у першую хвалю ад каронавіруса ў краіне ў дзень паміралі 4-5 чалавек, а мы бачылі, што столькі людзей магло памерці за суткі толькі ў нас, у адной рэанімацыі. Нам забаранялі ставіць кавід першым дыягназам, такім чынам, у статыстыку ён не трапляў. Пажылыя людзі, наглядзеўшыся тэлеканалаў, былі ўпэўненыя, што кавід — гэта простая прастуда. Мы бачылі велізарнае захворванне з-за таго, што дзяржава не рабіла нічога па інфармаванні людзей», — распавядае Таболіч.
Ігар Таболіч

Ігар Таболіч


Лекар прызнаецца, што не хацеў працаваць у такой сістэме і «пакрываць хлусню і прапаганду». Ён яшчэ больш ўмацаваўся ў сваім перакананні пасля прэзідэнцкіх выбараў. Падчас адной з пратэсных акцый у канцы жніўня Таболіча затрымалі. Пасля суда ён вырашыў звольніцца і з'ехаць з Беларусі.

Зараз Ігар Таболіч працуе ў Маскве, там яму таксама даводзілася змагацца з сістэмай: «Я паўгода адпрацаваў у каронавірусным стацыянары, у бальніцы толкам не было лекаў, праблемы з расходнымі матэрыяламі, але па дакументах усё было выдатна. Куды сыходзіла фінансаванне, незразумела. Спадзяюся, праверка пакажа: я напісаў скаргу ў Міністэрства аховы здароўя і Адміністрацыю прэзідэнта». Цяпер лекар уладкаваўся ў іншую бальніцу, дзе, паводле яго слоў, ёсць усё для лячэння пацыентаў з каронавірусам.

Загадчык аддзялення дзіцячай анкалогіі: Я з'ехала з-за пагрозы бяспецы

З'ехала з Беларусі і кандыдат медыцынскіх навук, былая загадчыца аддзялення РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Надзея Пятроўская.
Надзея Пятроўская

Надзея Пятроўская

«У нас у цэнтры былі дастаткова моцныя пратэсныя настроі, многія медыкі ўдзельнічалі ў маршах. Пры гэтым дырэктарка сказала, што, калі наша дзейнасць не адбіваецца на працы, мы ў непрацоўны час можам выказваць сваю пазіцыю. Гэтае пагадненне выконвалася з абодвух бакоў. Мы на працы ніякім чынам не пазначалі свае палітычныя погляды, а яна, у сваю чаргу, не падвяргала нас нейкім рэпрэсіям, калі ў лекараў былі затрыманні, штрафы альбо "суткі"», — распавядае Пятроўская.

Такая пазіцыя дырэктаркі, відавочна, не задавальняла Міністэрства аховы здароўя, кіраўніцу звольнілі. Пятроўская звольнілася ў знак салідарнасці з калегай: «Многае супала: і стомленасць, і эмацыйны складнік, але, у першую чаргу, нязгода з рашэннем Міністэрства аховы здароўя», — прызнаецца лекарка. Пазней з цэнтра сышлі яшчэ некалькі спецыялістаў.

Цяпер лекарка знаходзіцца ў Чэхіі, там яна пацвердзіла кваліфікацыю і змагла знайсці працу па спецыяльнасці. «У Беларусі я адчувала выразную пагрозу сваёй бяспецы, таму з'ехала. Калі ты выходзіш з працы і цябе забіраюць — гэта ненармальна». 23 студзеня Надзею Пятроўскую затрымалі ў Мінску, недалёка ад прыватнага медыцынскага цэнтра, у якім яна працавала. Побач не было ніякай пратэснай актыўнасці, трое сутак лекарка правяла на Акрэсціна.

Фтызіятр з Гомеля: звольнілі за ланцуг салідарнасці

Былы лекар-фтызіятр Гомельскай абласной сухотнай клінічнай бальніцы Мікалай Козіч прызнаецца, што з'язджаць з Беларусі не хоча. Яго звольнілі ў лістападзе. Да гэтага лекар паспеў адбыць два адміністрацыйныя арышты за пратэсты. «14 верасня я прыехаў у Жлобін да бацькоў, мы выйшлі сям'ёй у ланцужок салідарнасці, нас затрымалі, мне далі 8 дзён. 26 кастрычніка быў абвешчаны страйк, пасля працоўнага дня я выйшаў да бальніцы з плакатам "Жыве Беларусь!"», — распавядае Козіч.
Мікалай Козіч

Мікалай Козіч

Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту лекара звольнілі па артыкуле нібыта «за нядобрасумленнае выкананне абавязкаў». Малады спецыяліст застаўся вінен дзяржаве больш за 12 тысяч беларускіх рублёў (каля 4 тысяч еўра): «Я вучыўся за кошт бюджэту і павінен расплаціцца тым, што два гады адпрацоўваю "па размеркаванні". Я не дапрацаваў 9 месяцаў, таму павінен універсітэту грошы».

Пасля звальнення Козіч уладкаваўся менеджарам у невялікую кампанію, нядаўна скончыў курсы праграмавання, цяпер спрабуе асвоіцца ў новай прафесіі. «Не думаю, што я хачу сысці з медыцыны, я хацеў бы прыносіць карысць сваёй краіне, але дзяржава лічыць, што ідэалогія важней, што я як медработнік не патрэбны. Калі будзе Беларусь будучыні, я ў медыцыну з задавальненнем вярнуся», — кажа Мікалай Козіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: