Хто мае шанец на тэст на каронавірус?

Меркаванні былі і раней, але нарэшце гэты дзень настаў афіцыйна: муж патэлефанаваў з працы і паведаміў, што ён — кантакт першага ўзроўню, яго адпраўляюць на бальнічны і зробяць тэст.


А было ўсё так. На працы — бюро аднаго з буйных прадпрыемстваў — захварэў начальнік, які сядзіць у адным кабінеце з мужам, наўпрост насупраць. Дрэнна сябе адчуваў, узнялася тэмпература. Начальнік у групе рызыкі — нядаўна перанёс цяжкае захворванне — і дзякуючы гэтаму яму зрабілі КТ. Без сюрпрызаў: даследаванне паказала каронавірусную пнеўманію, і з аўторка, 9 чэрвеня, мужаў шэф адправіўся на бальнічны. Тады ж узялі тэст на кавід, які аказаўся станоўчым.

У пятніцу, 12 чэрвеня, супрацоўнікі Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Першамайскага раёна ўзялі ў начальніка звесткі пра кантакты. Паглядзеўшы на спіс, пачухалі патыліцы: маўляў, гэта ўсё добра, але дзе мы набярэмся столькі бальнічных? І ў выніку дазволілі запісаць толькі трох чалавек. У лік «шчасліўчыкаў» трапіў і мой муж.
Разам з начальнікам на бальнічны пайшлі яшчэ трое. Пазней унесці ў спіс кантактаў іх не дазволілі і тэсты, адпаведна, не зрабілі. І каго цікавіць, што ўсе яны працуюць у адным кабінеце?

У тую ж пятніцу мужу патэлефанавалі з ЦГЭ Першамайскага раёна і паведамілі, што з панядзелка ён будзе на бальнічным і ў яго возьмуць мазок на каронавірус. Мы ўзрадаваліся. Але, як пазней выявілася, дарма.
У панядзелак ніхто з тэстам да нас не прыехаў. І ў аўторак таксама. Не прыехалі ні ў сераду, ні ў чацвер. Усе гэтыя дні муж спрабаваў дазваніцца то ў паліклініку, дзе яго накіроўвалі на загадчыцу, тэлефон якой маўчаў, то на гарачую лінію Мінздароўя, якую больш трапна было б назваць зледзянелай — слухаўку там так і не знялі.

На шосты дзень, у чацвер, 18 чэрвеня, фартэцыя здалася добраахвотна: загадчыца паліклінікі сама патэлефанавала мужу. І «ўсцешыла» навіной: ніякіх звестак пра тое, што вы — кантакт першага ўзроўню, да нас не паступала. То-бок, у паліклініцы, якая адкрывае і закрывае бальнічныя, не ў курсе, што ўжо амаль тыдзень муж не ходзіць на працу і чакае тэсту. Але загадчыца злітасцівілася і перапісала мужавы даныя. А калі пачула, дзе ён працуе, выгукнула: «О, дык у вас там — рассаднік!». І параіла тэлефанаваць у Першамайскі ЦГЭ, які атрымаў звесткі пра кантактаванне ад мужавага начальніка.

Недзе разу з пятага пасля то кароткіх, то доўгіх гудкоў слухаўку ўзялі. І — о, дзіва! — чалавек з такім прозвішчам і адрасам сапраўды ўказаны як кантакт першага ўзроўню. І звесткі пра яго нібыта накіроўвалі па месцы жыхарства — у ЦГЭ Цэнтральнага раёна — яшчэ 12 чэрвеня. Але вось ці дайшлі яны — сказаць не змаглі. І парэкамендавалі званіць туды. 18 чэрвеня дазваніцца да іх так і не ўдалося: пасля доўгіх гудкоў голас робата ў слухаўцы прасіў прабачэння і прапаноўваў даслаць факс.

«Згарэў сарай — гары і хата», — падумаў муж і, узяўшы на ўзбраенне нахабства, стаў набіраць нумар гарадскога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Там слухаўку знялі адразу, але сказалі, што нічым не могуць дапамагчы: яны не маюць звестак пра кантакты. Затое «пакінулі» тры новыя тэлефонныя нумары: два — Цэнтральнага ЦГЭ, і яшчэ адзін, куды накіроўваюць зводкі па каронавірусе.

Два першыя нумары прадказальна маўчалі, а па трэцім адгукнуліся. Спачатку на тым канцы провада выказалі меркаванне: магчыма, спісы яшчэ не дайшлі? Муж абурыўся — як амаль за тыдзень звесткі маглі не дайсці? І ўзгадаў, як напачатку эпідэміі брыгады «касманаўтаў» з капсуламі аператыўна ізалявалі ўсе кантакты. На тым канцы ўздыхнулі і параілі пазваніць заўтра, бо людзі, што працуюць са спісамі кантактаў, ужо сышлі.

Калі казаць шчыра, то нам яшчэ пашанцавала: муж адчувае сябе добра, скаргаў на здароўе няма, тэмпература — у норме. Але гэта не азначае, што ён не пераносіць хваробу бессімптомна і не заражае іншых. Я, напрыклад, праз гэта другі тыдзень не магу ўбачыцца з бацькамі і калегамі, каб не стаць разносчыкам інфекцыі. І колькі яшчэ спатрэбіцца такой самаізаляцыі? Я нават не разлічваю на тое, што мне могуць зрабіць тэст. Але калі ў мужа ён пакажа адмоўны вынік, гэта тэарэтычна будзе азначаць і адмоўны вынік для мяне — бо больш ні з кім я не кантактую так шчыльна. Калі станоўчы — магчыма, як першы кантакт, я ўсё ж дачакаюся і свайго тэсту.

Тым часам у іншых кантактаў мужавага шэфа справы склаліся па-рознаму. Аднаму з іх тэст зрабілі яшчэ ў суботу, 13 чэрвеня. У панядзелак ён паказаў адмоўны вынік.

Другі пачуваўся пагана, меў высокую тэмпературу, але тэст яму прыехалі рабіць толькі ў аўторак, 16 чысла. Абяцаны бальнічны адкрылі таксама з гэтага дня, а не з панядзелка. Праз два дні быў гатовы вынік: ён аказаўся станоўчым.

А 18 чэрвеня стала вядома, што адзін з мужавых калегаў, каго не дазволілі пазначыць як кантакт, захварэў: узнялася тэмпература і знік нюх. Але як яму цяпер дамагчыся тэста, калі афіцыйна ён — не кантакт?

Гэта — далёка не адзінкавы выпадак, пра падобныя сітуацыі сведчаць людзі з розных рэгіёнаў краіны. І ў сувязі з гэтым у мяне пытанне: чаму для таго, каб цябе заўважыла медычная сістэма, трэба абавязкова ўваходзіць у групу рызыкі, як начальнік майго мужа? Бо толькі так ёсць шанец, што табе зробяць тэст на каронавірус. Чаму на словах нам гавораць пра прафілактыку і раннюю дыягностыку, а на справе табой не пачнуць займацца, пакуль не здарыцца крытычная сітуацыя? І дай Бог, каб не было занадта позна! А потым будзем чуць з экранаў: «Ну, а што вы хацелі — у яго/яе ж столькі хваробаў!».

Я разумею, што медыцына цяпер перагружаная, што справіцца з наплывам хворых немагчыма, што дактары выматаныя і самі становяцца ахвярамі гэтага калапсу. Але хто вінаваты ў тым, што ўся сістэма дала збой? Можа быць, такога не было б, калі б кампетэнтныя людзі адпачатку казалі нам усю праўду, не замоўчвалі лічбы, тлумачылі, як берагчыся, а не адмахваліся б ад каронавіруса як ад назойлівай мухі? Хаця… пра што гэта я… Гарачая лінія Міністэрства аховы здароўя маўчыць…


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: