Хто рыхтуе правакацыю, пра якую заяўляе старшыня КДБ?

Практыка спецслужбаў у праўных краінах — не паведамляць публічна пра нейкія вядомыя ім падрыхтаваныя тэракты і падобнае; заявы робяць ужо пасля таго, як тэрарысты абясшкоджаныя.

Таму заяву старшыні КДБ аб «правакацыі, якая рыхтуецца ў нашай краіне» ў мэтах «дэстабілізацыі сітуацыі» можна было б аднесці да чыста прапагандысцкіх крокаў — каб запалохаць удзельнікаў пратэставых акцыяў.

Падобнае рабілі КДБ і пракуратура яшчэ ў пачатку 90-х. Можна прыгадаць, як у лютым 1990-га, перад выбарамі ў Вярхоўны Савет, дзяржаўныя СМІ заклікалі людзей не выходзіць на агульнанацыянальны мітынг, бо рыхтуецца правакацыя з праліццём крыві. Людзі, аднак, выйшлі і пасля 100-тысячнага мітынгу перад Домам ураду рушылі да тэлецэнтру, дзе патрабавалі эфіру для лідараў БНФ (Пазьняк і яго паплечнікі атрымалі эфір). У лістападзе 1993-га, калі апазыцыя патрабавала адстаўкі Кебіча і стварэння кааліцыйнага ўраду, таксама заяўлялася, што нібыта рыхтуецца праліццё крыві. У будынак Вярхоўнага Савету быў уведзены батальён спецназу — натуральна, ніхто нідзе нікога і пальцам не крануў.

Вось ужо трэці месяц масавыя выступы носяць падкрэслена мірны характар.

Ні сярод лідараў апазіцыі, ні сярод хоць колькі-небудзь прыкметных грамадскіх дзеячоў няма ніводнага, хто выступаў бы за прымяненне сілы да супрацоўнікаў праваахоўных органаў (пры тым што апошнія выкарыстоўваюць надзвычай жорсткія мэтады). Як слушна заўважыў публіцыст Аляксандар Старыкевіч, пераход да сілавых метадаў паставіў бы пратэстоўцаў у апрыёры пройгрышнае становішча, бо ў рэжыму арсенал такіх мэтадаў непараўнальна большы.

Аднак нельга выключаць, што самі спецслужбы рыхтуюць нешта, што дазволіць перавесці сітуацыю ў зусім іншую плашчыню і заявіць, што прымяненне баявой зброі (пра якое ўжо кажуць кіраўнікі МУС) было вымушаным крокам.

Калі так, гэтым самым рэжым пераступіць мяжу, якая аддзяляе палітычны крызіс ад грамадзянскай вайны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: