Хто ўладу не падтрымлівае — той не народ. Гістарычныя рэфлексіі пра беларускі народ

У свядомым жыцці беларуса слова «народ» займае асобнае месца. «Народ» не толькі ўжываецца найбольш часта за іншыя тэрміны, калі апісваецца грамадскае жыццё, але, у залежнасці ад абставін, мае розныя значэнні, звязаныя з асаблівасцямі гістарычнага развіцця Беларусі.

У Беларусі для апісання жыцця найбольш часта ўжываюцца некалькі вызначэнняў «беларускага народа».

Беларускі народ як асноўная маса працоўнага насельніцтва дзяржавы. Гэтае вызначэнне было галоўным у савецкія часы, такім яно з’яўляецца і сёння. Дэкрэт «пра дармаедаў», у тым ліку, быў прызначаны замацаваць у свядомасці людзей уяўленне аб беларускім народзе як народзе, што працуе на карысць беларускай дзяржавы.

У савецкія часы да народа залічалі людзей не толькі працуючых, але і падтрымліваючых дзейсную ўладу. Апошняе вельмі важна, бо канкрэтныя ўладныя кіраўнікі, накірункі дзейнасці ўлады ў кароткія гістарычныя часы змяняліся. І сёння тыя, хто ўладу не падтрымлівае, у Беларусі ў афіцыйных прамовах і па версіі дзяржаўных СМІ да народа не далучаюцца.

У савецкія часы тыя, хто ўладу не падтрымліваў, называліся «контррэвалюцыянерамі» або «антысавецкім элементам» і вынішчаліся фізічна. Зараз яны называцца «адшчапенцамі». Магчымасці для публічнай дзейнасці ў такіх людзей значна абмежаваныя, але фізічна яны застаюцца жывымі. Калі раней пісалі «народ і партыя — адзіныя», то зараз гэты лозунг, хоць і не напісаны на дахах дамоў, але паспяхова прапагандуецца дзяржаўнымі СМІ ў выглядзе «народ і Лукашэнка — адзіныя». Найбольш распаўсюджаным сёння з’яўлялася б наступнае вызначэнне: «Беларускі народ — лаяльная да ўлады працоўная частка насельніцтва».

Беларускі народ — гэта група людзей, што аб’яднаныя агульнымі прыкметамі: паходжаннем, мовай, культурай, звычаямі, гісторыяй. Нацыянальнасць — вызначэнне, якое пазначае прыналежнасць чалавека да пэўнай этнічнай супольнасці. Пры гэтым галоўны сэнс надаецца моўнай еднасці людзей. Бо мова, акрамя іншага, — найбольш зразумелая і выразная штодзённая публічная праява еднасці.

Савецкія камуністычныя ідэолагі гэта выдатна разумелі. Нацыянальныя мовы, акрамя рускай, не былі патрэбныя ў СССР, бо маглі стаць формай непадпарадкавання Маскве. У савецкія часы мовы розных народаў СССР паслядоўна выключаліся спачатку з грамадскага жыцця, потым з побытавага. Яны замяняліся рускай, якая стала асновай для фарміравання, як тады пісалі, «новай супольнасці — савецкага народа». Паступова былі абмежаваныя і нацыянальныя культуры, нівеляваліся асаблівасці нацыянальных гісторый народаў СССР. І нацыянальныя культуры, і нацыянальныя гісторыі паступова былі замененыя рускай культурай і гісторыяй.

Каб не выклікаць масавага абурэння, публічны акцэнт у грамадскім развіцці савецкай Беларусі рабіўся не на мову, а на культуру: развіццё культуры розных народаў на іх мовах, хоць і не вельмі ўхвалялася, але дазвалялася. Беларуская культура была прадстаўленая пераважна як побытава-сялянская. На фоне дасягненняў рускай культуры камуністычнымі ідэолагамі беларусы прадстаўляліся адсталымі сялянамі, беларускасць — «калгаснай» з’явай.

Але і тут былі вызначаныя межы дапушчальнага: культура можа быць нацыянальнай па форме, але абавязкова камуністычнай па сутнасці. Актыўнае прасоўванне «ў масы» гэтай формулы, асабліва на заходніх тэрыторыях Беларусі, выклікала своеасаблівы народны супраціў: некаторыя людзі сталі лічыць беларускасць праявай камуністычнай ідэалогіі, а беларусаў — штучным камуністычным утварэннем.

У савецкія часы азначэнне беларускага народа як нацыі лічылася буржуазна-дэмакратычным. А згодна камуністычнай дактрыне, нацыянальнае і дэмакратычнае — гэта хітры спосаб, які выкарыстоўвае мясцовая буржуазія, каб дасягнуць максімальных прыбыткаў у канкурэнцыі з буржуазіяй іншых краін. Нацыянальныя краіны — вышэйшае дасягненне толькі нацыянальнай буржуазіі, бо народу такія краіны не патрэбныя. Лічылася, што ў пралетарыяту — перадавой, лепшай часткі савецкіх людзей, — наогул няма Бацькаўшчыны (так было адзначана ў Маніфесце камуністаў).

Фота Алены Ляшкевіч


Беларусы больш за іншых у СССР сталі ахвярамі нацыянальнай стэрылізацыі. Памеры вынішчэння ўсяго нацыянальнага беларускага тлумачыліся тым, што БССР — вароты ў СССР. Любы заходні наведвальнік краіны павінен быў адразу бачыць савецкіх людзей, а не беларусаў. У БССР вопыт стварэння «новай еднасці — савецкіх людзей» быў паспяховы.

Народ у свядомасці людзей меў і мае яшчэ адно важнае гістарычнае вызначэнне. Ён выкарыстоўваецца як спосаб вызначэння «сваіх», «чужых», «ворагаў» і іншых. Калі прыкметы, уласцівыя толькі дадзенаму этнасу, вызначаюцца як адзіна правільныя, найлепшыя, а іншыя разглядаюцца як другасныя, непаўнацэнныя і варожыя — такая з’ява і сёння мае асуджэнне з боку дэмакратычнай часткі чалавецтва, бо вядзе да расізму і фашызму. Праціўнікі нацыянальнага развіцця беларусаў часта выкарыстоўваюць гэты аргумент, называюць беларусаў, якія дбаюць пра развіццё беларускай мовы, культуры, фашыстамі.

У ХХ стагоддзі масава пачалі ўзнікаць нацыі. Узнікла паняцце нацыяналізму — ідэалогіі, галоўным прынцыпам якой з’яўляецца тэзіс пра каштоўнасць нацыі як вышэйшай формы грамадскага адзінства, яе першаснасці ў дзяржаваўтваральным працэсе.

Спачатку ў БССР беларускі нацыяналізм як масавая грамадская з’ява не разглядаўся. Людзей, якія лічылі беларусаў здольнымі ўтварыць сваю дэмакратычную дзяржаву, называлі «нацдэмамі» і далучалі да галоўных ворагаў савецкай улады. Тэрмін «нацыяналізм» стаў больш выкарыстоўвацца пасля Другой сусветнай вайны для вызначэння тых людзей, якія за межамі БССР выступалі ў падтрымку развіцця дэмакратыі, беларускай культуры і мовы. Іх называлі «буржуазнымі нацыяналістамі». У свядомасці значнай часткі беларусаў дзясяткі гадоў замацоўвалася (і замацавалася) уяўленне: тыя, хто размаўляе на беларускай мове, хоча дэмакратычных зменаў, — «чужынцы», падазроныя асобы і нават ворагі. Слова «нацыяналізм» з савецкіх часоў у свядомасці беларусаў мае рэзка адмоўнае значэнне.

Фармаванне беларускай нацыі ў савецкія часы было спыненае і замененае фармаваннем «савецкага народа». Распад СССР, у выніку якога беларусы атрымалі сваю дзяржаву, для значнай часткі насельніцтва быў шокам, фармаванне нацыі працягнулася ў складаных эканамічных умовах. А пасля вельмі хутка ўладамі Беларусі замест інтэнсіўнага нацыянальнага будаўніцтва распачаўся працэс узнаўлення СССР. Беларускае насельніцтва аказалася расколатым на прыхільнікаў умацавання беларускай дзяржаўнасці на падмурку нацыянальных каштоўнасцяў і на прыхільнікаў савецкіх каштоўнасцяў. Апошнія спачатку атрымалі падтрымку большасці насельніцтва, сфармавалі сваю «ўладу сілы», абвясцілі «нацыянальна свядомых» «адмарозкамі». Раскол і процістаянне працягваюцца да сёння.

Фота Алены Ляшкевіч

Беларускі народ пакуль знаходзіцца ў стадыі фармавання сваёй нацыі. Працэс ідзе марудна, складана, з рознымі хібамі. Частка кіруючых і апазіцыйных элітаў маюць розныя погляды на гэты працэс, што толькі ўмацоўвае «савецкасць» беларускіх людзей. Усё гэта ўяўляе небяспеку для беларускай дзяржаўнасці. Частка кіруючых элітаў Беларусі пачынае гэта разумець. Падзеі ва Украіне ўмацоўваюць і паскараюць працэсы «разумення».

Рэспубліка Беларусь мае больш агульных рысаў з БССР, чым з дэмакратычнымі краінамі. Але паступовае ўвядзенне інстытута прыватнай уласнасці, уключэнне Беларусі ў розныя аб’яднанні дэмакратычных краінаў сусвету вымушаюць кіраўніцтва краіны глядзець на беларусаў не толькі як на працоўны лаяльны народ. Чым болей заможнымі становяцца людзі, тым больш узнікае ў іх інтарэсу да сваіх гістарычных, этнічных каранёў. Беларуская дзяржава вымушаная з гэтым лічыцца.

У слова «народ» ёсць яшчэ і гістарычна-рэлігійнае гучанне — народ як «народ Божы». Яно значна меней ужываецца ў публічнай інфармацыйнай прасторы, але мае важнае значэнне для жыцця беларусаў. Паводле дадзеных Міністэрства замежных спраў Беларусі за 2015 год, вернікамі лічаць сябе 58,9% насельніцтва краіны. З іх 82% — праваслаўныя, 12% — каталікі, 6% — прадстаўнікі іншых канфесій.

Згодна з выказваннямі іерархаў Праваслаўнай царквы, веруючых праваслаўных налічваецца 8 мільёнаў, Каталіцкай царквы — 1,4 мільёна. Пратэстанты лічаць, што іх не менш за католікаў. Калі ўлічыць, што агульная колькасць насельніцтва Беларусі 9 500 853 чалавек, то бачна, што беларускія іерархі значна перабольшваюць колькасць «народа Божага». Разам з тым уяўленне пра народ як людзей веруючых выкарыстоўваецца пры распаўсюджванні ідэй так званага «рускага міру». Акцэнт робіцца на праваслаўных верніках. Русіфікацыя часткі насельніцтва спрыяе ўмацаванню «рускага міру».

Значна часцей ужываюцца словы «просты народ». У савецкія часы афіцыйныя ідэолагі сцвярджалі, што менавіта такі народ мае ўсю паўнату ўлады ў БССР, з’яўляецца цэнтральнай дзеючай асобай палітычнага жыцця. Але галоўным у ідэалогіі было іншае: «просты народ» ніколі не памыляўся, ён быў носьбітам ісціны. Але паколькі «просты народ» сам выказаць ісціну не можа, ад яго імя гэта рабілі партыйныя камуністычныя кіраўнікі. Зараз ад імя «простага народа» гаворыць кіраўнік Беларусі. У свядомасці значнай часткі сучасных беларускіх людзей належаць да «простага народа», гаварыць ад яго імя застаецца пачэсным.

Апошнім часам у дзяржаўных СМІ стала ўжывацца вызначэнне «беларускага народа» як насельніцтва ці грамадзян Беларусі, як, напрыклад, амерыканскі народ ці расіяне. Але такое азначэнне дае магчымасць лічыцца народам і тым, хто ўладу не падтрымлівае. Таму выкарыстоўваецца яно з вялікай перасцярогай.

Трэба зазначыць, што кожны з вышэй пералічаных «народаў» мае свае каштоўнасці. «Чарка і шкварка» — для «простага народа», «мова і нацыянальная культура» — для «беларускіх нацыяналістаў», «хто не працуе, хай не есць» — для тых, хто чакае ад беларусаў толькі працы і інш.

Важнымі і цікавымі з’яўляюцца адносіны беларускага народа да ўлады і ўлады да народа. Коратка іх можна выказаць наступным чынам: беларускі народ мае малую патрэбу ва ўладзе і ў сваім жыцці імкнецца мець з ёй як мага менш стасункаў.

Людзі, якія лічаць сябе палітыкамі, у сваіх праграмах традыцыйна абапіраюцца на беларускі народ, абіраючы пры стварэнні сваіх праграм тое ці іншае вызначэнне беларускага народа. Улада мае вялікую патрэбу ў народзе, бо без народа яе існаванне пазбаўляецца сэнсу. Таму дзеючыя беларускія ўлады праводзяць дастаткова гнуткую палітыку, апелюючы раз-пораз да кожнага з вышэйзгаданых «народаў».

Але «ўлада сілы», якой, па-сутнасці, з’яўляецца беларуская ўлада, у прынцыпе не здольная задаволіць інтарэсы ўсіх гэтых «народаў», стварыць адзіны «народ». Беларусы стануць адзіным народам толькі пры дэмакратычным кіраванні.

Палітыкі, якія б сфармулявалі і зразумела выказвалі інтарэсы сучаснай беларускай нацыі, у публічнай прасторы пакуль мала заўважаныя. Але яны ёсць, іх колькасць павялічваецца. Гэтыя палітыкі сфарміраваліся як у структурах апазіцыі, так і ў нетрах улады.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-08-29 00:26:10
"Беларусы больш за іншых у СССР сталі ахвярамі нацыянальнай стэрылізацыі."

Эх, каб змагарка надрукавала гэта пяць гадоў таму, то Ўкраіна не скакала б на майдане!
Табе Новы час трэ перастаць шкодзіць беларускаму народу. Пару гадоў таму, калі я ўпершыню быў тут у інэце, ты быў іншым. Зараз толькі здрадніцтва беларускаму народу ў кожным прымітыўным артыкуле як вось гэты. Свабоду хочаш пераплюнуць? НН? Хартыю97? Беларускі партызан?

Навошта, Новы час, ты шкодзіш свайму народу?
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: