«Хто зацікаўлены ў падрыве здароўя нацыі?»

Беларуская партыя "Зялёныя" выступіла з заявай наконт аднаўлення заняткаў у школах ва ўмовах пандэміі каронавірусу. 


"Мы не ведаем дакладна, чаму такое безадказнае рашэнне было прынята. Але відавочна адно — яно небяспечна. І з'яўляецца прамым следствам аўтарытарнага кіравання, існуючага ў нас ужо не адно дзесяцігоддзе", — адзначаецца ў заяве.

"Мы не заклікаем нікога ўпадаць у паніку. А наадварот — спакойна і ўзважана ацэньваць сітуацыю. Перакананыя, што па магчымасці і вытворчасць, і бытавая сфера павінны працаваць. А практыка жорсткай ізаляцыі насельніцтва дае спрэчныя вынікі. Але разумныя меры засцярогі, асабліва датычныя нашых дзяцей, павінны выконвацца няўхільна".

Аўтары заявы звяртаюць увагу на тое, што ўсяго некалькі тыдняў таму Міністэрства аховы здароўя афіцыйна сцвярджала, што дзеці не хварэюць Covid-19. Рэальнасць абвергла гэтыя ахавальныя запэўненні. Сёння ў Беларусі ўжо больш сотні дзетак інфікаваныя каронавірусам. Ужо некалькі дзіцячых садкоў, школ і ВНУ вымушаныя былі ўводзіць каранцін па гэтай прычыне.

Пры гэтым, на думку спецыялістаў, Беларусі яшчэ вельмі далёка да спаду захворвання SARS-CoV-2. Мы нават не наблізіліся да пікавых паказчыкаў.

Па меркаванні аўтараў заявы, рэкамендацыі па арганізацыі навучальнага працэсу ва ўмовах эпідэміі выглядаюць недарэчнымі. Напрыклад, як можна пасадзіць дзяцей «па адным» за парту — пры ўмове, што ў школу з'явяцца ўсе, а школы звычайна перапоўненыя? Ніхто не падумаў пра педагогаў, рабочая нагрузка на якіх вырасце ўдвая.

"Але самае галоўнае — ствараецца нічым не апраўданая небяспека для здароўя нашых дзяцей. Хто адкажа за гэта? Для чаго прымаюцца такія крокі? Хто зацікаўлены ў падрыве здароўя нацыі? У распальванні напружанасці і абвастрэнні сітуацыі?"

Беларуская партыя "Зялёныя" заклікае кіраўніцтва краіны адмовіцца ад гэтага неабдуманага рашэння. Сёння існуюць усе тэхнічныя магчымасці для арганізацыі дыстанцыйнага навучання як у ВНУ, так і ў сярэдніх навучальных установах. А суграмадзян — не адпраўляць сваіх дзяцей на заняткі, спрыяць арганізацыі іх вучобы ў хатнім рэжыме. І патрабаваць гэтага ад школьнай адміністрацыі і дзяржавы.

Акрамя таго, аўтары заявы нагадваюць, што 1 траўня 'яўляецца ў Беларусі дзяржаўным святам. І абвяшчэнне гэтага дня працоўным і вучэбным супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: