Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Хто зацягвае працэс стварэння музея Алеся Адамовіча?

Працэс стварэння музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша буксуе. Грамадскасць лічыць, што прычына — у пазіцыі Бабруйскага райвыканкама. Мясцовая вертыкаль, у сваю чаргу, кажа, што не ўсе грамадскія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у праекце,  выконваюць узятыя на сябе абавязацельствы.


Музей плануецца размясціць у доме, дзе да вайны размяшчалася аптэка, у якой працавала маці Алеся Адамовіча. У гады вайны драўляная хата была явачнай кватэрай партызан. Будынак пабудаваны ў 1935 годзе і патрабуе грунтоўнай рэканструкцыі.

У лістападзе 2016 года года ў Магілёве быў створаны Грамадскі савет пры абласной арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», задачай якога з'яўляецца арганізацыя работы па зборы грошай і прыцягненне ўвагі да творчасці Адамовіча. Міністэрства культуры і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры выказалі гатоўнасць дапамагчы ў стварэнні музея.

Летам для размеркавання сродкаў была створана апякунская рада, які ўзначаліла намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяна Варанко.


Як адзначыў Антон Астаповіч у каментары для БелаПАН, магілёўскі «Цэнтр па рэстаўрацыі» быў гатовы распрацаваць праектна-каштарысную дакументацыю (ПКД) для будучага музея за тую суму, якая была ў наяўнасці ў апякунскай рады. Пры гэтым рэальны кошт распрацоўкі такіх дакументаў значна вышэй. Але Бабруйскі райвыканкам своечасова не заключыў з гэтай арганізацыяй дамову на бестэндэрнай аснове, як на тым настойваў Астаповіч.

«А потым аказваецца, што няма з кім дамову заключаць. Аказваецца, што пакуль гэта ўсё зацягвалася, і не па нашай віне, а па віне выканкама, «Цэнтр па рэстаўрацыі» як прадпрыемства ліквідавана і далучана да Кіраўніцтва капітальнага будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама. І цяпер Бабруйскі райвыканкам зноў не прадпрымае ніякіх крокаў па перамовах», — сказаў старшыня таварыства аховы помнікаў, адзначыўшы, што магілёўскі УКБ можа не пагадзіцца на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі за сабраныя грошы.

Партрэт Алеся Адамовіча ў бібліятэцы Глушанскай школы

Партрэт Алеся Адамовіча ў бібліятэцы Глушанскай школы



«Я не лічу, што стварэнне музея Адамовіча пад вялікім пытаннем, але працэс стала буксуе і выключна па віне Бабруйскага райвыканкама», — заявіў Астаповіч, адзначыўшы, што ўсе абавязкі, якія бралі на сябе прадстаўнікі грамадскасці, выкананы своечасова і без затрымак.

Намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяна Варанко, у сваю чаргу, заявіла, што Астаповіч не выканаў ні адно сваё абяцанне, а райвыканкам з'яўляецца адзінай арганізацыяй, якая прыцягвае насельніцтва да тэмы стварэння музея. Па словах Варанко, нават выставу на раённым фестывале «Глушанскі хутарок» 30 верасня, прысвечаную Алесю Адамовічу, зрабіла мясцовая бібліятэка, хоць абяцалі грамадскія работнікі.

Намеснік старшыні выканкама згаджаецца, што пасля таго, як не стала «Цэнтра па рэстаўрацыі», пытанне з вырабам праектна-каштарыснай дакументацыяй падвсс, хоць Астаповіч абяцаў знайсці іншага выканаўцу.

«Яны патрабуюць вырабу ПКД, але на выраб ПКД грошай няма. Актыўнасць насельніцтва невысокая. Сабраны 11 800 рублёў, З якіх 10 000 — грошы Святланы Алексіевіч», — паведаміла Таццяна Варанко.

Яна выказала асцярогу, што нават калі атрымаецца вырабіць ПКД, якая будзе актуальная толькі два гады, то наўрад ці за гэты час знойдуцца дастатковыя сродкі на стварэнне ўласна музея.

«У нас ПКД дзейнічае два гады. Калі за гэты час мы не збяром сродкі на рамонт, і гэтыя грошы знікнуць, каго вы будзеце потым вінаваціць?» — задае пытанне чыноўніца.

Паводле яе слоў, магчыма, было б больш правільна, калі б будынак будучага музея быў прададзены за адну базавую велічыню або перададзены ў дар грамадскасці, якая магла б без складання ПСД выдаткаваць сабраныя грошы на рамонт дома.

«Мы потым можам прыняць яго сабе на баланс для ажыццяўлення тэхнічнага і санітарнага абслугоўвання», — сказала Таццяна Варанко.

naviny.by


Каментаваць