Губарэвіч: У Беларусі ўлада не абіраецца, і гэта дазваляе ёй не ўлічваць меркаванні людзей

Рух «За Свабоду» правёў международны круглы стол «Швецыя — Беларусь: удзел грамадзян у прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні» з удзелам намесніка мэра Гётэборга і беларускіх экспертаў. Удзельнікі абмеркавалі розніцу ў беларускай і шведскай сітуацыі, а таксама прынялі рэзалюцыю.
«Практыкі мясцовага самакіравання ў Беларусі і Швецыі істотна адрозніваюцца. Для Швецыі, якая прайшла шлях дэмакратычнага развіцця, не ўзнікае пытанняў, чаму трэба ўлічваць меркаванне жыхароў на ўсіх узроўняў, пачынаючы з лакальнага, існуе механізм уліку гэтых рашэнняў», — заявіў, адкрываючы круглы стол, старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Па ягоных словах, у Беларусі сітуацыя каардынальна адрозніваецца: ніякая ўлада, у тым ліку мясцовая, не абіраецца. «Гэта дазваляе ёй не браць у разлік меркаванне людзей», — дадаў палітык.

У завяршэнні круглага стала ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю дзеля павялічэння эфектыўнасці ўдзелу грамадзянаў у прыняцці рашэнняў на лакальным узроўні. Удзельнікі круглага стала лічаць неабходным развіваць камунікацыю паміж мясцовай уладай і гараджанамі па пытаннях лакальнага характару, дзеля чаго звярнуліся да ўсіх суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы, у тым ліку кіраўнікоў органаў мясцовага самакіравання і кіравання Беларусі. з наступнымі прапановамі:

- прызнаць на ўзроўні закона грамадзян Рэспублікі Беларусь паўнавартаснымі суб’ектамі прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні;
- гарантаваць на ўзроўні закона правядзенне грамадскіх абмеркаванняў па пытаннях развіцця тэрыторый населеных пунктаў да пачатку распрацоўкі праектаў;
- спрасціць працэдуру правядзення мясцовага рэферэндуму і надаць яго вынікам абавязковы характар;
- замацаваць абавязак мясцовых Саветаў дэпутатаў выносіць на разгляд сесіі савета прапановы, прапанаваныя групай грамадзянаў болей за 30 чалавек;
- стварыць на ўзроўні закона грамадскія кансультацыйныя рады пры мясцовых выканкамах;
- укараніць практыку стварэння бюджэтаў грамадзянскага ўдзелу для ажыццяўлення ініцыятываў мясцовых супольнасцяў па развіцці тэрыторыяў населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: