Гульнявая залежнасць

Жыхары сталіцы набраліся цярпення. У Мінску стартавалі II Еўрапейскія гульні. Яны скончацца 30 чэрвеня, і да гэтага часу мінчукам давядзецца прыстасоўвацца да шматлікіх нязручнасцяў ці з’язджаць на лецішчы.

Фота janow.by

Гэтыя спартовыя спаборніцтвы падаюцца як адна з глабальных падзеяў, якія павінны падвысіць вядомасць Беларусі ў свеце, узбагаціць яе турыстычны патэнцыял, прыцягнуць у краіну замежных турыстаў. Але насамрэч — гэта нешта кшталту гульнявой залежнасці.

Зразумела, добра, калі мы праводзілі Чэмпіянат свету па хакеі — гэта відовішчны і папулярны від спорту. Таксама было б нядрэнна правесці Чэмпіянат свету па футболе ці, напрыклад, Алімпіяду. Але што такое Еўрапейскія гульні?

Насамрэч, у Еўропе пра іх мала хто чуў. Гэта, збольшага, падзея рэгіянальная, не вельмі папулярная, але надзвычай дарагая. Кошт саміх гульняў агучыў непасрэдна Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, «нам трэба будзе выдаткаваць недзе пад 50 мільёнаў долараў... Гэта слёзы для краіны».

Ад пачатку Еўрапейскія гульні павінны былі прайсці ў Нідэрландах. Спаборніцтвы меркавалася правесці ў сямі гарадах, у тым ліку Амстэрдаме, Гаазе, Эйндховене, Ратэрдаме, Утрэхце. Але 10 чэрвеня 2015 года Нідэрланды адмовіліся ад правядзення гульняў, і не ў апошнюю чаргу таму, што апуха не варта кажуха — выдаткі на правядзенне гульняў несумяшчальныя з прыбыткам, які планавалася атрымаць. Відаць, мы багацейшыя за галандцаў.

«Рэгіянальнасць» гэтых гульняў пацвярджае і сама іх праграма. Як паведамляе афіцыйны сайт мерапрыемства, Еўрагульні пройдуць на 12 спартыўных аб’ектах. Больш за 4000 атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Змаганні ў 9 відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіё, паведамляе афіцыйны сайт гульняў. «Кваліфікацыя» на Алімпіяду — гэта не падзея сусветнага маштабу, пагадзіцеся.

Можа быць, таму цікавасць да іх не вельмі высокая. Паводле паведамлення агенцтва «Мінск-Навіны», заўзятары набылі каля 160 тысяч квіткоў на II Еўрапейскія гульні. Прычым, львіную долю квіткоў набылі беларусы. На долю замежнікаў прыходзіцца 10–15% набытых квіткоў.

Стадыён «Дынама» змяшчае каля 22 тысяч чалавек. Нават калі замежнікі набылі ўсе 15% квіткоў на адкрыццё — гэта толькі 20 тысяч. Кошт квітка на ўрачыстасць — ад 150 да 300 рублёў. Я вельмі сумняваюся, што шараговы беларус здольны заплаціць ад 70 да 150 долараў толькі за тое, каб паўдзельні­чаць у вялікім шоу.

Міжволі ўзнікае пытанне: 160 тысяч квіткоў — гэта шмат для 12 спартыўных аб’ектаў і 15 відаў спорту? Падаецца, не вельмі.

Па інсайдарскай інфармацыі, арганізатары і прыроўненыя да іх, насамрэч, енчылі. Вялікага наплыву турыстаў чакаць не даводзіцца, у неасабліва відовішчных спартовых дысцыплінах, кшталту самба, скокаў на батуце ці веласпорту, можа здарыцца «правіс» з гледачамі. Сітуацыя пагаршаецца тым, што студэнты і школьнікі зараз на вакацыях. Таму іх не загоніш у добраахвотна-прымусовым парадку запаўняць трыбуны.

Вялікага рэзанансу ад гэтага мерапрыемства чакаць не варта. Але жыхарам і гасцям сталіцы давядзецца перажыць багата нязручнасцяў — з-за пампезнасці і спробаў стварыць «галоўную спартовую падзею года» з шараговых, падаецца, спаборніцтваў.

Ужо было і яшчэ будзе перманентнае перакрыццё аўтамабільнага руху на вуліцах сталіцы — ці то для масавых гулянняў заўзятараў, ці то для «прабегу алімпійскага агню». Накладаецца на гэта яшчэ і падрыхтоўка да параду 3 ліпеня (гэтага ж ніхто не адмяняў). Такая дысцыпліна, як шасэйныя велагонкі, таксама дадасць галаўнога болю аўтааматарам — вось хто будзе штодня вывучаць расклад спаборніцтваў, варожачы, дзе і што перакрыюць і як сёння даехаць да любімай працы! А чаго вартыя асобныя палосы для руху спартоўцаў!

Дадасца клопату міліцыянтам, што нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме. «Мінсктранс» ламае галаву, як і куды пераразмеркаваць маршруты. А горш за ўсіх давялося студэнтам, якіх на час гульняў павысялялі са сваіх інтэрнатаў, каб засяліць туды спартовых заўзятараў — як гэта было і на Чэмпіянаце свету па хакеі.

Невядома, ці ўваходзяць у каштарыс гульняў ускосныя выдаткі. Напрыклад, для кіроўцаў аўтобусаў пашылі парадныя строі, кошт адзення аднаго валанцёра — 500 долараў. Бясплатны праезд у транспарце валанцёраў — а іх аж восем тысяч. І іншае, іншае, іншае…

Зразумела, гэтыя грошы трэба неяк адбіваць, каб калі не кампенсаваць, то хаця б мінімізаваць выдаткі. І, падаецца, гэта можна зрабіць толькі адным спосабам. На час Еўрагульняў ператварыць Мінск у маленькі Лас-Вегас.

Размова ідзе не пра казіно (хаця і пра іх таксама). У розных зонах канцэнтрацыі заўзятараў неабходна тэрмінова стварыць адмысловыя букмекерскія кропкі. «Стаўкі на спорт: гуляюць яны — перамагаеш ты!» — гучыць штодня ў мінскім метро. Нездарма адным з першых спонсараў Еўрагульняў стаў аператар электронных інтэрактыўных гульняў «Спорт-пары».

Але, з іншага боку, — мы падсадзім на гульнявую залежнасць народ. Хаця якая розніца, калі на такую залежнасць падсела ўлада?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!