Гурт «Кіно» выканаў «Перамен» на канцэрце ў Мінску, не абышлося без арышту сярод гледачоў

Легендарны рок-гурт «Кіно» ў чацвер, 17 чэрвеня, адыграў доўгачаканы канцэрт у Мінску. Нягледзячы на тое, што мерапрыемства планавалася яшчэ на лістапад і двойчы пераносілася з-за каронавіруса, танцпол і трыбуны «Мінск-Арэны» былі практычна поўнымі, паведамляе REFORM.by.
Фота REFORM.by.

Фота REFORM.by.

На сцэне быў касцяк гурта — гітарыст Юрый Каспаран, басісты Аляксандр Цітоў і Ігар Ціхаміраў, на барабанах і другой электрагітары былі маладыя музыкі Алег Шунцоў і Дзмітрый Кежватаў. Песні гучалі ў арыгінальным выкананні загінулага ў 1990-м Віктара Цоя: яго голас быў аблічбаваны са старых студыйных запісаў. Зрэшты, разам з ім пастаянна спяваў увесь зал. Візуальнай заменай лідара гурта была графіка, распрацаваная яго сынам — Аляксандрам Цоем.

Канцэрт працягваўся больш за дзве з паловай гадзіны. Музыкі выканалі многія песні з ранніх, не самых папулярных альбомаў гурта, і большасць галоўных хітоў. У тым ліку — «Перамен». Гэтую песню гледачы прасілі пяць разоў і ўжо сумняваліся, што яе заспяваюць: у натоўпе абмяркоўвалі, што гурту давялося выкрасліць песню з сэт-ліста з-за таго, што ў Беларусі яна набыла ярка пратэставы характар. Але песня ўсё ж прагучала.

«Дзякуй вялікі, што дачакаліся ў гэтыя няпростыя часы», — сказаў Юрый Каспаран, і гурт нарэшце выканаў «Перамен» да бурнай радасці залы.

Падчас выканання «Перамен» не абышлося без інцыдэнту: на адной з трыбун можна было заўважыць некалькіх чалавек з дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сцягамі. Як высветлілася, адзначае REFORM.by, гэта былі праўладныя актывісты, іх паход на канцэрт арганізавалі праз супольнасць удзельнікаў аўтапрабегаў «За адзіную Беларусь» і РГА «Патрыёты Беларусі», а квіткі ім выдаваліся цэнтралізавана. Пра гэта яны паведамілі ў сваім тэлеграм-канале.

Відэа REFORM.by.

«Радыё Свабода» адзначае, што ў аднаго з гледачоў з чырвона-зялёным сцягам у фан-зоне здарыўся канфлікт з некалькімі іншымі прысутнымі. Яны пачалі спрачацца. Падчас выканання наступнай за «Перамен» кампазіцыі, «Кукушка» нехта нават спрабаваў перашкодзіць выкарыстанню сцягоў.

У выніку як мінімум аднаго з гледачоў, якія выказалі незадаволенасць, вывелі з залі апамаўцы ў форме.

Нацыянальная ці іншая пратэставая сімволіка сярод публікі заўважаная не была.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: