Хутка колькасць людзей сталага веку складзе траціну насельніцтва Беларусі

Праз шэсць гадоў пажылыя людзі могуць скласці амаль траціну насельніцтва Беларусі, паведаміла 11 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік кіраўніка парламенцкай камісіі па працы і сацпытаннях Людміла Канановіч.
На пачатак 2019 года доля насельніцтва ва ўзросце 60 гадоў і старэйшых складала ў краіне каля 22%, адзначыла дэпутат, а да 2025 годзе можа вырасці да 28%.

Па словах Канановіч, паводле класіфікацыі Сусветнага банка, Беларусь з'яўляецца краінай, якая інтэнсіўна старэе.

«Таму тэма сацыялізацыі пажылых грамадзян сёння вельмі важная, — адзначыла яна. — Гэта задача і заканадаўчых, і выканаўчых органаў, грамадзянскай супольнасці. Трэба інтэграваць усе намаганні, вызначыць механізм і рэсурсы для таго, каб мы разам працавалі на адну мэту — магчымасць выкарыстання патэнцыялу пажылых грамадзян для развіцця нашай дзяржавы. А таксама для таго, каб дапамагчы ім як мага даўжэй захоўваць сваю сацыяльную функцыю, быць раўнапраўнымі членамі грамадства і прыносіць карысць дзяржаве, як бы пафасна ні гучалі гэтыя фразы».

Сёння ў краіне дастаткова прававых інструментаў, якія рэгулююць праваадносіны ў галіне сацыяльнай абароны і падтрымкі людзей старэйшага ўзросту, працягнула дэпутат. Гэта заканадаўства ў галіне аховы здароўя, сацыяльнага, пенсійнага забеспячэння, грамадскіх аб'яднанняў.

Пад эгідай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўжо пачалася распрацоўка праекта нацыянальнай стратэгіі дзеянняў у інтарэсах пажылых грамадзян, паведаміла Канановіч.

«Створана рабочая група з 35 чалавек. Ужо абмяркоўваліся пытанні, якім павінен быць паняційны апарат, якое павінна быць узаемадзеянне, як і якія функцыі павінны быць разведзеныя без дубліравання і перасячэння. Праект павінен паступіць на абмеркаванне ў кастрычніку-лістападзе бягучага года. Спадзяюся, да гэтага часу можна будзе ўжо канкрэтна сказаць, што ўдалося зрабіць па стратэгіі і якім чынам яна будзе прадстаўлена», — сказала парламентарый.

Акрамя таго, адзначыла яна, дэпутаты прапаноўвалі ўкараніць у навучальныя праграмы для моладзі курсы па планаванні і рэалізацыі свайго актыўнага даўгалецця. «Да актыўнага даўгалецця мы павінны пачынаць рыхтаваць нашу моладзь, каб яна не раптам прыйшла ў гэты ўзрост, а каб яна ў раннім узросце разумела, да чаго трэба рыхтавацца», — сказала Канановіч.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!