«Хутка будуць хаваць на маім агародзе»

Яшчэ ў 1989 годзе жыхарам вёскі Варкавічы Слуцкага раёна паабяцалі зачыніць могілкі ў цэнтры і знайсці месца для новых пахаванняў. Але новыя магілы паўстаюць ужо ледзь не ў агародах вяскоўцаў.

На скаргі вяскоўцаў у райвыканкам наконт пашырэння могілак старшыня сельвыканкама Міхаіл Сакалоўскі бадзёра распавядаў, што дзеянні сельвыканкама абмяжоўваюцца высяканнем непатрэбных дрэў і добраўпарадкаваннем.

Яшчэ ў 2015 годзе ДУ «Слуцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» строга забараніў новыя пахаванні на сельскіх могілках у весцы Варкавічы (прадпісанне № 126 ад 31.03.15). Але да гэтага часу тут працягваюць пахаванні. У выніку мноства скаргаў суд Слуцкага раёна 15 верасня 2015 вырашыў папярэдзіць старшыню Серажскага сельвыканкама Сакалоўскага М. А.


Пасля таго, як быў знесены клуб, тэрыторыя могілак настолькі пашырылася, што ўшчыльную падступіла да плота і агароду пенсіянеркі Марыі Ільінічны Бабінскай.


Марыя Бабінская і яе суседка Тамара Барысік распавялі пра наступствы блізкага суседства з могілкамі.

— Санстанцыя праверыла якасць вады ў нашых калодзежах і забараніла яе піць, бо там мноства непатрэбных і жыццёва небяспечных бактэрый, а колькасць нітратаў перавышае норму болей, чым у 3 разы, — гавораць суседкі.

Па словах Тамары Барысік, другіх водных крыніц, апрача калодзежаў, у вёсцы няма. «На бутыляваную ваду грошай не напасешся, — скардзіцца пенсіянерка. — Ужо 20 гадоў просім вырашыць пытанне з адвядзеннем новага месца для пахаванняў, а старшыня Серажскага сельскага выканкама Сакалоўскі Міхаіл да гэтага часу нічога не зрабіў».
Санстанцыя забараніла на гэтых могілках хаваць новых людзей, а ў лютым 2017 года тут знайшлі апошні прытулак два чалавекі з Слуцка.

Тамара Барысік расказала, што на Радаўніцу, калі на могілках сабралася шмат людзей, старшыня сельвыканкама арганізаваў там натуральны мітынг і заклікаў людзей дабівацца дазволу пахаванняў.

— Людзі ж пыталі: «А дзе ўжо тут хаваць? Могілкі даўно запоўнены. Хіба вешаць труны на дрэвах ці закопваць іх у агародах?»

Марыі Ільінічне Бабінскай ужо 78 гадоў. Могілкі настолькі шчыльна падышлі да яе хаты, што пачынаюцца адразу за плотам яе хаты.

— Дзеці і ўнукі баяцца сюды прыязджаць. Кажуць, што я ўжо жыву на магілах. І не хочуць праводзіць адпачынак побач з памёрлымі. Мой агарод знаходзіцца крыху ніжэй за пахаванні, нават баюся думаць, чым можа падкармлівацца агародніна. Якая, дарэчы, аж буяе. Куды мы толькі не звярталіся, — працягвае Марыя Ільінічна. — Нават у праграму «Времечко», якая, дарэчы некалькі разоў ўздымала гэту тэму. Гэта ж падумаць толькі — амаль 20 гадоў улады не могуць знайсці новае месца для пахаванняў, прыбіліся толькі да майго агароду.

На працягу апошняга года жыхары вёскі пішуць ва ўсе інстанцыі і просяць у зваротах знайсці новае месца для пахаванняў. Звярталіся ў райвыканкам, аблвыканкам, генеральную пракуратуру, праграму «Времечко», Мінскі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

З пісьма Марыі Бабінскай ў праграму «Времечко» ў сакавіку 2017 года:

 «Несмотря на то, что санстанцией официально захоронения запрещены и сельсовет у входа на кладбище вывесил соответствующую табличку, сам же и нарушает эти правила.

Председатель сельсовета Соколовский М.А. дал разрешение на захоронение на сельском кладбище в д.Варковичи граждан, которые жили в Слуцке… 11 февраля я увидела, что на кладбище снова копают могилу. Я подошла к работавшим людям и сказала, что захоронения здесь запрещены. Они мне ответили, что им разрешил лично Соколовский М.А. и они с ними устно договорились.

В тот же день я по телефону спросила Соколовского М.А., почему он дал разрешение на захоронение. Он ответил: «Нашла меня чем пугать — «Времечком!». У нас здесь своя власть, даже президент тебе не поможет. Кому хочу, тому и даю разрешение».

Яшчэ праз 13 дзён, 24 лютага 2017 года  каля яе плоту з'явілася яшчэ адно пахаванне.

Марыя Бабінская распавяла, што ў мінулым годзе на «зачыненых» могілках пахавалі жанчыну, якая ўсё жыццё пражыла ў Маскве.

 — Зімоў у 7 гадзін раніцы блізенька за плотам хаты засвяціліся ліхтарыкі. Убачыла некалькі мужчын, якія капалі зямлю. Крычу: «Што вы робіце?» А яны адказваюць: «Труны выкопваем». Вызвалі з суседкай міліцыю, старшыню сельвыканкама Міхаіла Сакалоўскага. А ён кажа: «Хутчэй бы ты памерла, дык знеслі б тваю хату!».

Марыя Ільінічна хадзіла на прыём і да старшыні райвыканкама, але, нягледзячы на ўсе яе паходы і шматгадовую перапіску з рознымі інстанцыямі, справа дасюль не вырашана.

Трэба адзначыць, што хоць пенсіянерка найперш абвінавачвае старшыню сельвыканкама Сакалоўскага Міхаіла, з перапіскі з ім высветлілася, што пасля судовага прадпісання ў 2015 годзе ён ўсё ж хадайнічаў аб выдзяленні новага месца для пахаванняў.

Для падрыхтоўкі неабходных дакументаў быў задзейнічаны праектны інстытут. Акт выбару месца  ўзгадняўся з паўнамоцнымі службамі раёна, але не быў зацверджаны Мінскім аблвыканкамам. У адказе з аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскага аблвыканкама ад 20.04.2016 года ідзе размова пра «необоснованное изъятие пахотных земель для указанных целей и предложено рассмотреть вариант размещения объекта на несельскохозяйственных землях, либо на землях с наименьшим баллом кадастровой оценки».


Яшчэ адзін адказ з гэтага ж органа ўлады, атрыманы ўжо ў снежні 2016 года, паўтарае сутнасць папярэдняга і ўтрымлівае рэкамендацыі хаваць на гэтых могілках толкі попел у адмысловых урнах.


Час ідзе, а іншай зямлі для могілак, апрача агароду Марыі Бабінскай, да гэтага часу мясцовыя ўлады не знайшлі. Жывому чалавеку прыходзіцца жыць у непасрэднай блізкасці каля свежых магіл, чакаць новых пахавальных маршаў і шэсцяў праз дзірку ў плоце.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: