Гвалт у школе: ніколі зноў

Трагедыя ў стаўбцоўскай школе вымагае шукаць адказы на пытанні, як прадухіліць паўторы здарэння, а таксама хто яны — дзеці, якія бяруць зброю ў рукі.
У гісторыі сучаснай Беларусі дагэтуль такіх прэцэдэнтаў не было (у памяць прыходзіць хіба што вельмі сумнеўная справа Даната Скакуна ды напад на людзей Улада Казакевіча з бензапілой, які адбыўся не ў навучальнай установе, а ў гандлёвым цэнтры). Але ў міжнароднай прасторы такія страшныя здарэнні — не рэдкасць, згадаць хаця б нядаўні выпадак у Керчы ці трагедыю ў Парклэндзе, ЗША. Калі глядзець статыстыку, у Штатах з 1999 года адбылося 247 выпадкаў нападу толькі з агнястрэльнай зброяй, у Расіі за апошнія 5 гадоў ахвярамі такіх нападаў сталі 26 чалавек. Прычым, калі ў першым выпадку дадзеныя ёсць яшчэ з 19 стагоддзя, то ў постсавецкай прасторы гэта новая з’ява.

Тым не менш, усе гэтыя падзеі маюць шмат агульнага. Першае, што кідаецца ў вочы, калі чытаеш пра нападнікаў, у тым ліку і стаўбцоўскага, — іх знешняя непрыкметнасць. Яны ціхія, спакойныя, намагаюцца нічым не вылучацца з натоўпу. Яны часта трымаюцца асобна ці маюць свае невялічкія групы па інтэрэсах. У іх паводзінах прагледжваецца няўпэўненасць у сабе, закамплексаванасць, якая можа стаць бар’ерам у адносінах з іншымі людзьмі. Праявы іх унутранага стану закрытыя не толькі для школьнага асяроддзя, але і для сям’і. Таму ва ўсіх, пачынаюцы з бацькоў і заканчваючы нешматлікімі сябрамі, узнікае шок, калі яны даведваюцца, што нападнікі ў школах — іх блізкія.

Прычыны нападаў у школах умоўна можна падзяліць на дзве часткі: унутраныя, звязаныя з асобай нападніка, і знешнія, якія з’яўляюцца апасродкаванымі ў праявах іх злачынстваў.

Існуе такая з’ява як кумуляцыя афекту. Калі перакладаць з мовы псіхолагаў, гэта назапашванне розных непрыемных эмацыйных перажыванняў, стрэсагенных фактараў, звязаных з тымі ці іншымі праблемамі (сямейнымі, у адносінах з атачэннем, аднакласнікамі). Усё гэта прыводзіць да эмацыйнага выбуху, які можа быць накіраваны ў тым ліку і на настаўнікаў і школьнікаў. Зусім дробязнай нагоды дастаткова, каб чалавек страціў над сабою кантроль, іншымі словамі, сарваўся. Але ў такіх выпадках дзеянні носяць часцей спантанны характар, таму і напад можа мець меншы маштаб. Потым самі ж нападнікі, тлумачачы свае паводзіны ў той момант, не разумеюць, як гэта магло адбыцца з імі, недакладна памятаюць здарэнне. Пад такі афект у той ці іншай ступені можа трапіць любы чалавек.

Але ёсць і тыя, хто мае некаторыя псіхічныя праблемы. Часта даволі цяжка вызначыць, ці з’яўляецца чалавек псіхічна хворым, бо нападнікі пасля здзяйснення злачынства альбо сканчаюць жыццё самагубствам, альбо застаюцца закрытымі для даследавання.

Прычынамі такіх паводзінаў могуць стаць нейкія псіхалагічныя акцэнтуацыі, аж да псіхічных растройстваў, узнікаючых у дзіцячым ці падлеткавым узросце. Напрыклад, ва Уладзіслава Казакевіча ў 2014 годзе было дыягнаставана шызатыпічнае расстройства асобы, якое як раз і характарызуецца ў тым ліку схільнасцю да сацыяльнай ізаляцыі, халоднасцю або неадэкватнасцю эмацыйных рэакцый, параноіднымі ідэямі. Найбольш запамінальным носьбітам псіхічнага разладу з’яўляецца галоўны герой фільму «Нешта не так з Кэвінам», дзе скрозь прызму аналізу яго паводзінаў ягонай маці паказваецца паступовае развіццё яго псіхічных праблемаў.
Яшчэ адзін прыклад псіхапатыйнай асобы можна знайсці ў экранізацыі Стэнлі Кубрыкам кнігі Энтані Бёрджэса «Завадны апельсін». Прынамсі, там можна дакладна ўбачыць як праявы такіх паводзінаў, так і немагчымасць іх кантраляваць.

Як можна зваўважыць, такія здарэнні адбываюцца сярод вучняў старэйшых класаў школы, якія знаходзяцца ў стадыі пераходнага ўзросту, для якога як раз і характэрна ўсталяванне сістэмы каштоўнасцяў, сацыяльных нормаў, самасвядомасці, агулам — сталення чалавека. Для падлеткаў можа быць характэрна імпульсіўнасць, канфліктнасць у адносінах, няўстойлівасць эмоцый, самаацэнкі, светапогляду. Гэта таксама можа быць дадатковым фактарам таго, чаму такія злачынствы адбываецца ўжо ў падлеткавым узросце.

Яшчэ адзіны фактар, які характэрны як для падлеткаў, так і для дарослых людзей, — хваравітае жаданне стаць цэнтрам увагі любым спосабам. Таму адным са спосабаў «увекавечвання сябе ў гісторыі» можа стаць прымяненне гвалту да іншых.

Часта могуць узнікаць сітуацыі, калі чалавек не вытрымлівае пастаяннага ціску з боку атачэння, з ім адбываецца штосьці накшталт зрыву. Ці проста ён праходзіць для сябе нейкую кропку незвароту. Гэта можа ўзнікаць у сітуацыі булінга, калі ў класе адна група людзей здзекваецца з чалавека ці з асобнай групы. Да 10% дзяцей рэгулярна і 55% эпізадычна падвяргаюцца тым ці іншым формам булінга з боку аднакласнікаў.
Такімі, дарэчы, былі і нападнікі ў школе Калумбайн у 1999 годзе. Ахвяры ў такіх выпадках ці прымаюць тую ролю, якую ім навешваюць агрэсары, ці намагаюцца супрацьстаяць. Апошняе можа насіць агрэсіўныя формы. Гэта можна назіраць і ў эстонскім фільме «Клас», заснаваным на рэальных падзеях, дзе праілюстраваныя наступствы жорсткага абыходжання аднакласнікаў.
Тым не менш, траўля — не асноўны фактар нападу: кожны дзясяты падвержаны булінгу, але за зброю бяруцца адзінкі. Для гэтага павінны ўзнікнуць стымулюючыя абставіны.

Ці не кожны сучасны нападнік цікавіцца сваімі папярэднікамі. Часта ў сацыяльных сетках ёсць групы, якія стымулююць нездаровую зацікаўленасць моладзі да тэматыкі гвалту. Як, напрыклад, супольнасці УКантакце, прысвечаныя серыйным забойцам, і іншыя.

Своеасаблівымі матыватарамі агрэсіўных учынкаў могуць стаць музычныя кліпы, фільмы і іншы кантэнт з элементамі агрэсіі, гвалту і жорсткасці.

Майкл Мур у сваім дакументальным фільме, аналізуючы праблемы высокага ўзроўню злачыннасці, акцэнтуе ўвагу на двух складніках: наяўнасць вялікай колькасці зброі сярод амерыканцаў і атмасфера варожасці, страху, якая нагнятаецца ў грамадстве. Ці можна гэта пакласці на беларускую рэчаіснасць? Наконт зброі — наўрад ці, а вось наконт атмасферы, якую ствараюць СМІ, можна пагадзіцца. Часта (па большай частцы гэта тычыцца тэлебачання нашых усходніх суседзяў) у інфармацыйных блоках дамінуе тэматыка забойстваў, аварый, няшчасных выпадкаў, баявых дзеянняў, прычым гэтыя тэмы ідуць у першую чаргу. Такім чынам у людзей фармуецца вобраз прадчування дрэннага, ворагаў навокал, падазронасці адзін да аднаго. Дзеці таксама не застаюцца асобна ад таго, што паказваецца па тэлевізары.

Як можна пазбегчы такіх трагедый і зрабіць бяспечнымі наведванне дзяцей школ, камунікацыю з равеснікамі? Перадусім — праяўляць пільнасць. Бацькам трэба больш цікавіцца жыццём сваіх дзяцецй, даведвацца, як яны праводзяць свой школьны час, якія інтарэсы маюць, што любяць глядзець і слухаць, абмяркоўваць іх праблемы. Устанавіць даверлівыя адносіны з дзецьмі, даць ім магчымасць адчуваць бацькоўскую падтрымку.
Школьнай сістэме — не заплюшчваць вочы на тыя праблемы, якія ўзнікаюць у дзяцей, той жа булінг і іншыя праявы агрэсіі. Асобную ўвагу тут павінны праяўляць псіхолагі.

Не варта чакаць наступнага здарэння, трэба быць уважлівымі да дзяцей ужо цяпер.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: