Хворага на гепатыт магілёўскага актывіста Анатоля Прасаловіча «прэсуюць» у ІЧУ

Перакладчыка з іспанскай, сябра «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» з Магілёва Анатоля Прасаловіча асудзілі на 7 сутак за рэпост, потым дадалі яшчэ 7. Яго маці кажа, што сыну пагражаюць крымінальнай справай, і перажывае, што ён не выйдзе на волю пасля адміністрацыйных арыштаў.
Фота з сацсетак Анатоля Прасаловіча

Фота з сацсетак Анатоля Прасаловіча

Першы раз Анатоля Прасаловіча затрымалі а 16-ай гадзіне 27 сакавіка. Тады мужчыну асудзілі па артыкуле 19.11 КаАП за рэпост інфармацыі пра выставу ў Токіа, прысвечаную беларускім пратэстам, з прызнанага экстрэмісцкім тэлеграм-канала. Аднак па заканчэнні тэрміну Анатоль на волю не выйшаў: 2 красавіка яму прысудзілі яшчэ 7 сутак па артыкуле 19.10 КаАП («Прапаганда ці публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі»). Другі арышт тычыўся рэпосту фотаздымка Гітлера, які паклаў руку на плячо эсэсаўскага салдата, побач з падобным фотаздымкам беларускага кіраўніка. Аказалася, што на плячы ў таго салдата была свастыка.

Маці Анатоля Аляксандра Паўлаўна жыве ў Барысаве, яна ездзіла да сына на суд і возіць яму перадачы. У ІЧУ яе супакоілі, што там «не б'юць і добра кормяць», але людзі, якія выходзілі пасля адміністрацыйных арыштаў, гаварылі, што там на іх аказваюць ціск, а перадачы не аддаюць.

— Да Толі прыходзіць следчы, які яго «прэсуе», гаворыць, што згнаіць у турме, што 60 сутак пратрымаюць па адміністрацыйных справах, а потым завядуць крымінальную, — распавядае Аляксандра Прасаловіч.

Таксама маці паведамілі, што сыну казалі, нібыта ён з’яўляецца сведкам па крымінальнай справе. Па якой — не сказалі.

Паводле яе слоў, абодва адміністрацыйныя пратаколы на сына былі складзеныя з парушэннямі, а адвакатка ні разу не змагла трапіць да яго ў ІЧУ. Да маці вязня дайшлі звесткі, што яе сына і яшчэ 5 чалавек сагналі ў адну 4-месную камеру, забралі матрасы, усю літаратуру. Па два-тры разы за ноч да іх прыходзяць з праверкамі, прымушаючы распранацца да майткоў. Удзень не дазваляюць прысядаць на нары, сядзець можна толькі на лаве.

Аляксандра Паўлаўна гаворыць, што ў яе сына шмат захворванняў: гепатыт, гіпертанія, дабраякасная пухліна на печані, але нікога гэта не хвалюе. Сама жанчына таксама хварэе, але пакуль адмаўляецца ад дапамогі — кажа, што грошай яшчэ на два суды ў яе хопіць, а потым будзе нешта думаць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: