І навошта такі прафсаюз?

Суд Слуцкага раёна 5 студзеня адмовіў Юрыю Гародніку ў аднаўленні на працы ў Слуцкіх электрычных сетках. Згодна рашэнню суда, юрыдычнай падставай для гэтага з’яўляецца п.7 артыкула 42 Працоўнага кодэкса — адсутнасць работніка на працы больш за тры гадзіны без паважлівых прычын.


Аднак Юрый, які адпрацаваў на прадпрыемстве «Слуцкія электрычныя сеткі» 22 гады, лічыць, што прагула не было, бо адсутнічаў ён на працы 26 і 27 кастрычніка па паважлівых прычынах. Дапамагаў Юрыю Гародніку бараніць яго правы незалежны прафсаюз РЭП.

Шлях да звальнення Юрыя Гародніка пачаўся яшчэ 21 кастрычніка, калі аматар гісторыі і неабыякавы да жахлівага лёсу слуцкіх габрэяў чалавек пасля працоўнага дня падыйшоў з кветкамі да помніка ахвярам слуцкага гета. Там яго і заўважыў для аміністрацыйнай справы пільны міліцэйскі начальнік.

— Калі праз дзень пасля мерапрыемства былі схоплены і кінуты ў СІЗА старшыня ТБМ Зінаіда Цімошак і яшчэ адзін удзельнік ускладання кветак, я падумаў, што адбылася нейкая неверагодная памылка і быў вельмі ўзрушаны, — распавёў Юрый. — У панядзелак, 26 кастрычніка, адчуваў сябе не вельмі добра. Патэлефанаваў начальніку Слуцкіх электрычных сетак наконт прадстаўлення магчымага адгула — у мяне была перапрацоўка на 48 гадзін. Той вусна дазволіў у гэты дзень не прыходзіць на працу. Калі стаў пачуваць сябе лепей, падышоў да будынка РАУС, дзе праходзіў суд над затрыманымі. Там мяне раптоўна таксама затрымалі і склалі пратакол на падставе ч. 1 арт. 23.34. КаАП.

У камеры знаходзіліся ў асноўным «кухонныя баксёры» — хатнія дэбашыры, тыя, што п'юць. У такую кампанію я патрапіў у першы раз, гэта не мой круг зносін, — працягнуў свой расповед Юрый. — Я — інжынер-электрык, адпрацаваў майстрам участку ў Слуцкім РЭСе больш за 20 гадоў. Мне нецікава праводзіць вольны час за распіццём спіртнога. Шмат чытаю, вывучаю гісторыю, геаграфію, люблю прыроду. Быў законапаслухмяным грамадзянінам, ніколі не меў справы з міліцыяй.

Пасля ізалятару і суда выйшаў на наступны дзень на вуліцу ўжо ў абед — без тэлефона, ледзве трымаючыся на нагах пасля бяссоннай ночы, галодны. Трэба было паесці,  памыцца, пагаліцца, каб прыйсці на працу. Дом і праца знаходзяцца ў розных канцах гарада. Быў дэпрэсіўны стан пасля ізалятару ды яшчэ перахваляваўся ў судзе, даказваючы, што не злачынства пакласці набытыя за свае сродкі кветкі загубленым габрэям. Было шокам атрымаць за такое злачынства наверх адсідкі ў СІЗА яшчэ 25 базавых велічынь.

Калі я патэлефанаваў начальніку і расказаў, што здарылася, ён спытаў, ці выйду я на ўчастак заўтра — пра ўсе падзеі ён ужо ведаў. Я сказаў, што буду. Так і дамовіліся.


Па словах Юрыя ў судзе, на прадпрыемстве існавала такая сістэма: пра нявыхад на працу можна было дамовіцца з начальствам вусна па тэлефоне, а на наступны дзень аформіць гэта пісьмова. Але ўпершыню сістэма не спрацавала менавіта з Юрыем Гароднікам.

— Справа ў тым, што раней грамадска не актыўнага майстра-электрыка як і іншых зачапіла сітуацыя з гвалтам над правамі чалавека і людзьмі.

Як і многія іншыя случчане ён падпісаў пісьмо наконт сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валянцінай Ражанец і за правядзенне сходу па яе адкліканню.

 — У жніўні-верасні пісьмо падпісалі і іншыя інжынерна-тэхнічныя работнікі нашага прадпрыемства, і яно было накіравана ў райвыканкам і ў пракуратуру, — успамінае Юрый. — Магчыма, ужо тады начальству не спадабалася мая даволі актыўная пазіцыя як грамадзяніна, і яно шукала падставу да звальнення. Бо калі прыйшоў на працу пасля ізалятара і суда, 28 кастрычніка, пачаліся праблемы з пісьмовым афармленнем маіх адгулаў. Даведку з міліцыі я падаў, але яна не задаволіла кіраўніцтва. Мне сказалі: «У вас прагул». Мне не далі магчымасці аформіць адсутнасць на працы як адгулы, хоць у мяне іх сабралася на 48 гадзін. А праз два тыдні азнаёмілі з загадам аб звальненні. Большасцю галасоў прафкам таксама падтрымаў наймальніка.

Генадзь Пац, начальнік Слуцкага РЭСа і старшыня прафкама электрычных сетак таксама давалі паказанні ў судзе.

Аляксандр Рыбка, які адседзеў 15 содняў за ўскладанне кветак, прыйшоў падтрымаць Юрыя Гародніка. Ён пракаментаваў паказанні былых наймальнікаў у судзе.

— У начальніка Слуцкага РЭСа Генадзя Паца не знайшлося мужнасці прызнаць сутнасць сваёй тэлефоннай размовы з Гароднікам як фактычны дазвол таму на адгулы. Здзівіла, як ён упарта сцвярджаў, што нягледзячы на атрыманую інфармацыю аб знаходжанні Юрыя ў СІЗа, нібыта не ведаў, дзе той быў і нават не пацікавіўся лёсам свайго работніка, маўляў, «гэтым павінен займацца аддзел кадраў». Ці тэлефанаваў у міліцыю аддзел кадраў — таксама не пацікавіўся. Зразумела б было, калі б Гароднік трапляў у міліцыю раней, але чалавек ні разу за 23 гады працы не затрымліваўся.

Старшыня прафкама замест таго, каб абараняць інтарэсы працаўніка, ці як мінімум не сведчыць супраць яго, фактычна заняў пазіцыю абвінаваўцы. У мяне нават узнікла думка, што наступны іск трэба падаваць супраць такога прафкаму, каб забраць назад выплачаныя прафсаюзныя ўнёскі за 22 гады
, — здзіўлены пазіцыяй старшыні прафкама Галоціка Віталя Валер’евіча мужчына.


А вось што наконт гэтай сітуацыі кажа Ігар Комлік, прадстаўнік незалежнага прафсаюза РЭП.

— Гароднік Юрый Мікалаевіч, з майго пункту гледжання, быў звольнены незаконна. І суд, адмовіўшы яму ў пазове па аднаўленні на працы, праігнараваў шэраг абставінаў і няправільна ўжыў нормы матэрыяльнага права. Таму дадзенае рашэнне будзе абскарджана ў апеляцыйнай інстанцыі.

Па-першае, з майго пункту гледжання, Юрый Гароднікі быў незаконна затрыманы 26 кастрычніка 2020 года, змешчаны ў ІЧУ і асуджаны па арт. 23.34. Тым больш, што ўсё гэта адбывалася на фоне таго, што Камітэтам ААН па правах чалавека ўжо двойчы (у канцы 2020 года і ў пачатку 2021) былі прынятыя і апублікаваныя рашэнні па скаргах грамадзян Рэспублікі Беларусь, згодна з якімі эксперты Камітэта прыйшлі да адзінай высновы, што Рэспублікай Беларусь парушаныя правы грамадзян на мірныя сходы і вольны выраз іх меркаванняў (прадугледжаны артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). Камітэт па правах чалавека канстатаваў і парушэнне артыкула 2 Пакта, якая абавязвае ўсе краіны добрасумленна выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы. Прынятае ў Швейцарыі рашэнне з'яўляецца канчатковым, абскарджанню не падлягае. Напрацягу паўгода (180 дзён) беларускі ўрад абавязаны прыняць неабходныя крокі для прадухілення ў далейшым парушэння патрабаванняў міжнароднага дакумента шляхам перагляду свайго нацыянальнага заканадаўства і практыкі яго прымянення і паведаміць пра гэта ў Камітэт ААН.

Па-другое, Юрый Мікалаевіч, выйшаўшы з ІЧУ 27 кастрычніка ў 12:15, знаходзячыся без сродкаў сувязі, у хваравітым стане і шоку ад таго, што з ім адбылося, пры першай жа магчымасці звязаўся з непасрэдным начальнікам і паведаміў пра сваё месцазнаходжанне. Пры гэтым начальнік не настойваў на тэрміновым з’яўленні Гародніка на працв, а толькі пацікавіўся, ці прыйдзе ён на наступны дзень. На думку самога наймальніка, Гароднік павінен быў прыступіць да працы з 13:00, паколькі ў гэты час быў перапынак на абед. Але да моманту, калі непасрэдны начальнік практычна ўзгадніў адсутнасць работніка на працы (15:40) з 13:00 да 15:40 не прайшло нават трох гадзін, па–гэтаму адсутнасць Гародніка на працы не падпадае пад паняцце «прагул» — адсутнасць на працы больш за тры гадзіны.

Сам Юрый Гароднік мяркуе, што асноўнай прычынай яго звальнення з“яўляецца сітуацыя, калі большасць кіраўнікоў лічаць сябе толькі выканаўцамі загадаў зверху і не адчуваюць сваёй адказнасці за невыкананне сваіх абавязкаў.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: