І загад яму — на Захад…

Пасля трохдзённай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы Беларусі, падаецца, трэба шукаць новае месца ў гэтым супярэчлівым свеце.

 Фота www.Thinktanks.by

Дзіўныя «перамовы» кіраўнікоў Расіі і Беларусі скончыліся нічым, нібыта іх і не было. Пакаталіся на лыжах, пагулялі ў хакей, пагаварылі пра адукацыю і спартсменаў. Па выхадзе паведамілі журналістам, якія тэмы яны не абмяркоўвалі, і раз’ехаліся.

Лукашэнка заявіў, што не размаўляў з Пуціным пра галоўную праблему — мільярды, якія Мінск губляе ад падатковага манеўру. «Не манеўрамі толькі жывуць людзі», — з усмешкай сказаў беларускі кіраўнік па выніках трохдзённай сустрэчы з Пуціным. А Пуцін зазначыў, што «мы дамовіліся, што прааналізуем усё, што зроблена па саюзнай дамове, зрахуем гадзіннікі па інтэграцыйнай павестцы».

Невядома, хто зацягвае перамовы. Ці Масква, якая не жадае кампенсаваць Беларусі «падатковы манеўр», ці Мінск, якому вельмі не падабаецца ідэя «шчыльнай інтэграцыі». Але, відавочна, што абодва бакі проста не зацікаўленыя ў выніковасці падобных размоваў.

Але, калі Крэмль з інтэграцыяй можа чакаць да бясконцасці, беларускім уладам грошы патрэбныя ўжо зараз. І іх даво­дзіцца шукаць. А дзе іх шукаць, калі не дае Расія? Альбо ў Кітаі, альбо на Захадзе.

Па вяртанні з Сочы беларускі кіраўнік сустрэўся з еўрапейскім камісарам па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэрам Этынгерам. Менавіта яго структура адказная за інвестпраекты ў краінах, прылеглых да ЕС. І вось тут ужо Лукашэнка разліваўся салаўём. «Я хачу вас запэўніць, што Беларусь у дачыненні да сваіх суседзяў заўсёды прытрымліваецца вельмі ўзважанай і акуратнай палітыкі. Мы лічым, што суседзі ад Госпада, іх не выбіраюць, таму з імі трэба будаваць добрыя адносіны. Зыходзячы з гэтага, мы заўсёды будзем надзейным партнёрам Еўрапейскага саюза, і за беларускі кірунак (амаль паўтары тысячы кіламетраў) вы можаце не турбавацца. Вядома ж, мы хочам, каб падобныя пачуцці былі ўзаемнымі», — казаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка казаў, што быў бы зацікаўлены, каб экспарт Беларусі ў ЕС дасягаў 30–35%. Ён і зараз неблагі — 10 мільярдаў долараў на год. Але «ёсць яшчэ порах у парахаўніцах»…

Этынгер, падаецца, быў агаломшаны такім прыёмам, і адзначыў у адказ, што ЕС гатовы падвысіць фінансаванне праектаў у Беларусі — як па лініі добрасуседства, так і па лініі праграмы «Усходняга партнёрства». І нават намякнуў, што мерапрыемства з нагоды дзесяцігоддзя «Усходняга партнёрства» на высокім узроўні можа прайсці ў Мінску.

Такім чынам Пуцін, які, пэўна, лічыць, што Беларусь ад яго нікуды не падзенецца, бо цалкам закрэдытаваная Расіяй, атрымаў пэўны ўдар пад дых. Фінансаванне ад ЕС на развіццё памежнай і транспартнай інфраструктуры дазволіць Беларусі вызваліць значныя сродкі. Галоўнае, каб гэтыя сродкі пайшлі не на подкуп выбаршчыкаў у час «палітычнай вакханаліі», а на аплату расійскіх крэдытаў.

Яшчэ адной непрыемнай навіной для расійскага кіраўніцтва, пэўна, стала справаздача Мінэканамразвіцця суседняй дзяржавы. Аказваецца, саюзная інтэграцыйная Беларусь увахо­дзіць у топ-5 краін па колькасці ўведзеных супраць Расіі абмежаванняў.

Найбольшую колькасць абмежаванняў супраць Расіі ўвёў Еўрасаюз — 25. Далей ідуць Украіна (22), Індыя (16), Беларусь (13), Турцыя (12) і ЗША (9).

Праўда, нашы абмежаванні не вельмі моцна б’юць па расійскай кішэні. Больш за ўсё Расія пацярпела ад санкцый ЕС (2,4 мільярда долараў), ЗША ($1,1 мільярда) і Украіны ($775 мільёнаў). Затым ідуць Турцыя ($713 мільёнаў), Індыя ($377 мільёнаў), Іран ($320 мільёнаў) і Кітай ($174 мільёны). Шкода ад уведзеных нашай краінай абмежаванняў склала ўсяго $42 мільёны — на 10-м месцы.

Усяго ж супраць Расіі ўве­дзена 159 абмежавальных мераў 62 краінамі. Абмежаванні ўключаюць захады па абароне рынку (антыдэмпінгавыя, кампенсацыйныя і спецыяльныя і ахоўныя пошліны), іншыя нетарыфныя меры (ліцэнзаванне, квоты, тэхнічныя бар’еры, санітарныя і фітасанітарныя меры) і санкцыі.

Што тычыцца Беларусі, то, зразумела, у нас не санкцыі, у нас «захады па абароне рынку». Дый як ім не быць? Мы пісалі пра тое, што Рассельгаснагляд, праверыўшы расійскае малако, не знайшоў у ім малака. Цяпер такі ж лёс напаткаў ці не самы нацыянальны расійскі прадукт — пельмені.

«Расякасць» праверыла ўсе расійскія пельмені і не знайшла ні аднаго вытворцы, якому можна надаць дзяржаўны Знак якасці, паведаміла ТАСС. Вытворцы падмянялі заяўленыя на этыкетцы інгрэдыенты больш таннымі аналагамі, дадавалі крухмал і загушчальнікі, якія не былі пазначаны ў складзе прадукту. Эксперты знайшлі ў мясе рэшткі антыбіётыкаў.

Дык ці дзіўна тое, што мы адмаўляемся ад расійскай прадукцыі?

І тым больш было б дзіўна, каб прадпрымальныя беларусы такім становішчам у «стратэгічнага партнёра» не скарысталіся. Паводле дадзеных Рассельгаснагляду, у першыя месяцы 2019 года павялічыліся спробы ўвозу грамадзянамі Беларусі немаркіраванай жывёлагадоўчай прадукцыі, нібыта для ўласных патрэбаў. Паводле звестках ведамства, беларусы ў прыватным парадку пачалі актыўна везці ў Расію курынае яйка, курынае мяса і субпрадукты, а таксама ялавічыну.

Меркавана, гэтая прадукцыя ідзе на так званыя фермерскія рынкі Маскоўскай вобласці для рэалізацыі пад выглядам фермерскага прадукту. Падобных спробаў правозу прадуктаў харчавання грамадзянамі Беларусі стала значна больш, чым было яшчэ год таму. Прычым, гаворка ідзе менавіта пра прыватныя выпадкі, а не пра «шэры бізнес». Беларусы вязуць прадукты харчавання ў аўтобусах, у легкавых аўтамабілях, у невялікіх бусах. Абы зарабіць — а заадно забяспечыць расіян якаснымі прадуктамі.

Так што спробы Рассельгаснагляду абараніць рынак за кошт абмежавання паставак прадукцыі з беларускіх прадпрыемстваў пацярпелі паразу. Што не робіцца арганізавана — будзе рабіцца неарганізавана.

Ну і добрая навіна для ўсіх аўтааматараў, незалежна ад таго, вязуць яны харчы ў Расію ці не. У Беларусі абмяркоўваецца пастанова Саўміна, згодна з якой дазволяць праводзіць тэхагляд індывідуальным прадпрымальнікам. Мяркуецца, што прапанаваныя захады знізяць карупцыю на прадпрыемствах транспартнага ведамства.

А можа быць, яны знізяць і кошты на тэхагляд.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!